Сёння ў Беларусі Дзень работнікаў культуры, ён адзначаецца штогод кожную другую нядзелю кастрычніка.
Reform.by вырашыў прааналізаваць, што ж мы насамрэч святкуем? Якія тэндэнцыі і працэсы назіраліся ў беларускай культуры гэтым годам? Наколькі работнікі культуры маглі выконваць сваю працу і рэалізоўваць свае здольнасці і таленты?
З аднаго боку, тэрор у сферы культуры не прыпыняецца – працягваюцца арышты і звальненні людзей, забараняюцца культурніцкія ініцыятывы і знішчаюцца помнікі. З іншага боку, можна назіраць супрацьлеглы трэнд назапашвання актываў, перагрупіроўкі сіл, што паказваецца ў з’яўленні новых інстытуцыі і ініцыятыў па ўсім свеце.
Такім чынам, пералічым страты і паглядзім набыткі.
Адмоўныя тэндэнцыі
Арышты
Узрасла колькасць заведзеных крымінальных спраў на прадстаўнікоў культурнай сферы. Нядаўна з’явілася інфармацыя пра спявачку Мэрыем Герасіменка, мастака Генадзя Драздова, перакладчыцу Наталлю Дуліну – іх прыцягваюць да адказнасці па крымінальным артыкуле.
Нагадаем, што ў Беларусі сёння 1348 палітвязняў, больш за 100 з іх маюць дачыненне да культуры.
Звальненні
У дзяржаўных установах культуры ў 2022 годзе, як і ў 2020-2021 гадах, працягваліся звальненні, сыходзілі ўнікальныя спецыялісты.
Згадаем, як у самым пачатку года з Літаратурнага музея Янкі Купалы была звольнена дырэктар Алена Ляшковіч, якая кіравала ўстановай пятнаццаць гадоў, а ў маі на яе месца прызначылі новага кіраўніка – Ганну Галінскую, якая займала пасаду намесніка дырэктара па навуковай рабоце ў музеі Вялікай Айчыннай вайны. У тым жа месяцы калектыву Нацыянальнага гістарычнага архіва прадставілі новага дырэктара – генерал-маёра Алега Воінава, які нарадзіўся ў Днепрапятроўску. Ён быў памочнікам міністра абароны па пытаннях міжнароднага вайсковага супрацоўніцтва. Папярэдняму дырэктару архіва Дзмітрыю Яцэвічу не працягнулі кантракт.
Летам звольнілі дырэктара бібліятэкі Акадэміі навук Аляксандра Грушу і быў максімальна скарочаны штат двух выданняў міністэрства культуры – газеты «Культура» і часопіса «Мастацтва». Прыклады можна доўжыць…
У выніку рэпрэсій у сферы культуры і адукацыі ўстановы дзяржаўнай формы ўласнасці ўзначальваюць некампетэнтныя людзі, а зменшаная колькасць супрацоўнікаў прыводзіць да немагчымасці выконваць працу належным чынам. Так адбываецца дэпрафесіяналізацыя. А наяўнасць «чорных спісаў» робіць большасць праектаў проста немагчымымі для рэалізацыі.
Закрыцці
Калі ў дзяржаўных інстытуцыях звальненні сталі нормай, то недзяржаўныя проста ліквідуюцца.
У гэтым годзе прыпынілі сваю дзейнасць: Інфармацыйна-асветніцкая арганізацыя «Арт-Сядзіба», «Таварыства польскай культуры на Лідчыне», «Клуб польскіх народных традыцый», «Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне былых малалетніх вязняў фашысцкіх канцлагераў», «Полацкі яўрэйскі культурны цэнтр», «Віцебскае музычнае таварыства», спіс можна доўжыць… У чэрвені пасля сямі гадоў працы закрыўся мінскі культурны цэнтр «Корпус». Толькі ў верасні канчаткова прыпыніў сваю дзейнасць культавы бар «Граффити».
У 2022 годзе Міністэрства інфармацыі спыніла працу незалежных выдавецтваў, якія друкавалі кнігі беларускіх аўтараў і на беларускай мове: «Медысонт» і «Галіяфы», «Лімарыус» і «Кнігазбор».
Гісторыя, якая прыцягнула найбольшую ўвагу, адбылася з кнігарняй «Кнігаўка», што прапрацавала ў Мінску ўсяго адзін дзень. Яна была зачыненая пасля візіту прапагандыстаў, а выдавец Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца кнігарні Наста Карнацкая былі арыштаваныя на 28 і 23 сутак адпаведна. Сёння Андрэй Янушкевіч знаходзіцца на волі за мяжой.
Змены ў заканадаўстве
У 2022 годзе быў створаны рэестр арганізатараў культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, што мае на ўвазе кантроль дзяржавы над канцэртнай дзейнасцю. Паводле яго, арганізатары, якія падлягаюць уключэнню ў рэестр, але не ўключаны ў яго, не могуць праводзіць культурна-забаўляльныя мерапрыемствы. Многія артысты ў выніку гэтых мераў аказаліся выціснуты з публічнага поля.
Дзяржава на заканадаўчым узроўні робіць напад на свабоду слова і свабоду выказвання.
Так, Міністэрства ўнутраных спраў працявае пашыраць «Пералік арганізацый, фарміраванняў, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». У першай палове 2022 года ў спіс унесены «Беларуская Рада Культуры» – ініцыятыва, якая падтрымлівае беларускую культуру; выданне «Наша Ніва» (сайт і сацсеткі, мэсэнджары); гомельскае выданне «Флагшток» (сайт і Telegram), якое, сярод іншага, піша пра культуру і захаванне гістарычнай спадчыны; тэлеграм-каналы пра беларускую гісторыю і культуру «Historyja» і «Rezystans».
Беларускі ПЭН правёў маніторынг за першае паўгоддзе і вылучыў са спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» толькі за першую палову 2022 года 18 пазіцый, якія маюць дачыненне да сферы культуры або да дзеячаў культуры – СМІ з кантэнтам культурнай тэматыкі: «Беларускае Радыё Рацыя», «Рэгіянальная газета», «Віцебскі кур’ер news», media-polesye.by, nadniemnemgrodno.pl, «MOST»; Ютуб-каналы «Жизнь-малина» і «Ms. Anne Nittelnacht» – праект даследавання яўрэйскай культуры.
Адметнасцю гэтага года стала папаўненне спісу «экстрэмісцкай літаратуры». Да кнігі Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя» далучыліся «Военная история Беларуси. Герои. Символы. Цвета» Віктара Ляхора, «Беларусь на распутье. Сборник статей» Анатоля Тараса, «Сабакі Эўропы» Альгердра Бахарэвіча.
Даносы
У 2022 годзе распаўсюдзілася практыка даносаў. Імёны праўладных актывістак сёння ведае амаль кожны работнік культуры: гэта Таццяна Бондарава з Гродна, Таццяна Сідаровіч з Мінска, аўтарка блогу «Белоруска топит», іншыя «добразычлівыя грамадзяне». Яны сёння «патрулююць» поле не толькі кніжнага рынку, але і выяўленчае мастацтва.
На падставе іх лістоў не толькі ў аддзелы культуры Мінскага і Гродзенскага гарвыканкамаў здымаюцца працы прызнаных і маладых аўтараў, закрываюцца выставы, ды нават мясцовыя бібліятэкі не ў стане назваць сваю ўстанову ў гонар слыннага земляка.
Узгадаем эпапею з Астравецкай раённай бібліятэкай, якая так і не была названая ў гонар літаратуразнаўцы, гісторыка, культуролага і пісьменніка Адама Мальдзіса. Скандалы з выставамі «Трывожны чамаданчык» у галерэі Беларускага саюза дызайнераў, з-за якой ледзь не страціў пасаду старшыня аб’яднання Дзмітрый Сурскі. Узгадаем заўчаснае закрыццё персанальнай выставы «Дэмаграфія» Сяргея Грыневіча ў Палацы мастацтва, спыненне працы групавой экспазіцыі «Скульптура» Беларускага саюза мастакоў у гродзенскай галерэі «400 квадратаў» у першы ж дзень… Згадаем усё гэта, каб ацаніць маштаб руху. Можна сумна пажартаваць, што колькасць цэнзараў у Беларусі на квадратны метр павялічваецца прама прапарцыйна ад’езду беларускіх культурных дзеячаў за мяжу.
Станоўчыя тэндэнцыі
Калі ў Беларусі культурнае жыццё звузілася да асобных выспаў, сышло ў падполле, то за мяжой наадварот назіраецца пашырэнне прысутнасці беларускай культуры ў публічным полі.
Адкрыццё культурных пляцовак
Летам адкрыўся Музей вольнай Беларусі ў цэнтры Варшавы, прастора, у якой мастакі, акцёры, музыканты могуць рэалізаваць свае праекты. Самай першай выставай стала экспазіцыя Ігара Цішына «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі». Мастак маляваў наўпрост на вялікіх белых сценах.
У Варшаве распачала працу культурніцкая ініцыятыва «ІнБелКульт 2.0», сябры арганізацыі маюць амбітны праект развіцця цэлай інстытуцыі па прамоцыі беларускай культуры ў замежжы.
Усе часцей і часцей мы чуем пра ініцыятывы Беларускага Моладзевага Хаба ў Варшаве, актыўна прасоўвае беларускую культуру і мастацтва грамадска-культурная супольнасць Razam e.V. у Берліне.
Шматлікія культурныя івэнты, праграмы
На пачатку года ў Літоўскім Доме Пісьменніка адбылася маштабная міжнародная паэтычная вечарына з удзелам беларускіх, літоўскіх, шведскіх і нарвежскіх літаратараў – «Вялікае Княства Паэзіі». Літаратурны фестываль, які каля дзясятка гадоў праходзіў у Мінску, перамясціўся ў Вільню.
У пачатку лета ў некалькіх буйных цэнтрах беларускай эміграцыі прайшоў фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA – у Тбілісі і Кракаве, Варшаве, Вільнюсе.
Гэтаксама летам моцна прагучалі «Дні беларускай культуры – 2022»: маштабнае свята, якое доўжылася два месяцы і аб’яднала 125 асобных імпрэз у 38 гарадах 16 краін свету.
Ладзяцца рэгулярныя ініцыятывы, скіраваныя на падтрымку дзеячаў культуры. Напрыклад, у маі Беларуская Рада культуры, Free Belarus Center і Action Office запусцілі акселератар культурных праектаў, прысвечаных выклікам сучаснасці. Беларускія творчыя дзеячы маглі прыняць удзел у трохмесячнай праграме падтрымкі праектаў, якія з’яўляюцца мастацкай рэакцыяй на выклікі сучаснасці і шукаюць на іх адказы.
Кракаўская Віла Дэцыуша падтрымлівае рэпрэсаваных літаратараў. Напрыклад, яна ўключыла паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча ў сетку рэзідэнцый «ICORN», даўшы яму прытулак і магчымасць творчай працы.
Напачатку верасня прайшоў першы хакатон праектаў для культуры Беларусі «Культурны код». Яго мэта – дапамагчы рэалізаваць тыя ідэі для беларускай культуры, якія патрабуюць тэхналагічных інструментаў.
Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі ў дзясяты раз прайшоў у Каўнасе.
Пераможцы незалежнай прэміі кінапрэсы «Чырвоны верас», якая летась з’явілася ў Беларусі, сёлета атрымалі свае дыпломы-адзнакі.
У гэтым кантэксце прыемна напісаць, што спіс івэнтаў можна доўжыць.
Аднаўляюцца ініцыятывы, выходзяць кнігі
Толькі некалькі дзён таму выдавец Андрэй Янушкевіч напісаў пра аднаўленне сваёй працы ў Варшаве. У Міжнародны дзень кнігарняў ён сімвалічна адрадзіў і кнігарню «Кнігаўка» – пакуль толькі старонку і групу ў Фэйсбуку. «Спачатку гэта будзе старонка ў сацсетках з навінамі і анонсамі, карыснай і займальнай інфармацыяй, у перспектыве ёсць намер адкрыць і сайт, і інтэрнэт-краму, а магчыма, і ўтульную стацыянарную кнігарню. І я цвёрда веру, што „Кнігаўка“ вернецца ў Беларусь!», — напісаў выдавец, звярнуўшыся да патэнцыйных партнёраў.
Выйшаў цэлы шэраг выдатных кніг, якія можна набыць у замежжы. Альгерд Бахарэвіч, які стаў лаўрэатам нямецкай прэміі Эрвіна Піскатара ў мінулым годзе, толькі ўчора паведаміў пра выхад чарговага выдання свайго рамана «Сабакі Эўропы» (які, нагадаем, прызнаны экстрэмісцкім у Беларусі). Кніга выйшла ў пражскім выдавецтве «Vesna». Беларуская пісьменніца Вольга Гапеева стала лаўрэаткай прэстыжнай нямецкай літаратурнай прэміі «Wortmelden-2022»: яе кнігу «Самота, што жыла ў пакоі насупраць» можна набыць і ў Беларусі. Вальжына Морт, якая цяпер жыве ў Злучаных Штатах, узнагароджаная за кнігу паэзіі «Music for the Dead and Resurrected» («Музыка для мёртвых і ўваскрэслых») Прэміяй Грыфіна — найвялікшай паэтычнай прэміяй у Канадзе. Зборнік вершаў можна набыць на сайце выдавецтва. У нямецкім «Edition Frölich» літаральна на днях выйшла фотакніга беларускай паэткі Юліі Цімафеевай.
Нагадаем, што беларускія кнігі можна чытаць у інтэрнэце.
Напрыклад, на партале беларускіх электронных кніг KNIHARNIA.BY ці ў аўдыятэцы беларускага ПЭНа. На litres.ru знаходзіцца бібліятэка беларускамоўных кніг.
Прызнанне беларусаў у свеце
Вольныя Купалаўцы на сцэне Тэатра Польскага ў Варшаве, імпрэза створанай беларусамі арт-групы Antiwarcoalition.art на слыннай выставе сучаснага мастацтва Documenta, Дні беларускага кіно ў Нарвегіі, намінацыя стужкі «Метадычка» Паўла Мажара на ўзнагароду Еўрапейскай кінаакадэміі, сустветная прэм’ера твора «Неба Марыі» Вольгі Падгайскай у колішнім зале бундэстага ў Боне на Бетховенскім фестывалі… Няглядзячы на ўсю складанасць сітуацыі, калі беларусам увесь час прыходзіцца гаварыць пра размежаванне дыктатарскага рэжыму і беларускага грамадства, галасы беларусаў усё часцей гучаць на пляцоўках Еўропы. Сведчаннем таго, што намаганні беларусаў чутны, стала рашэнне Нобелеўскага камітэту аб прысваенні Нобелеўскай прэміі міру (разам з расійскай праваабарончай арганізацыяй «Мемарыял» і ўкраінскім «Цэнтрам грмадзянскіх свабод») беларускаму праваабаронцу, грамадскаму дзеячу і пісьменніку Алесю Бяляцкаму. Гэта неверагодны жэст увагі і прызнання!
Магчыма, хтосьці з вас зараз спытае: а якое дачыненне мае гэта ўсё да дзяржаўнага свята работнікаў культуры? І тут мы цалкам пагодзімся: абсалютна ніякага.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: