У гэтым годзе фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA вырашыў не проста вярнуцца, а, скарыстаўшыся магчымасцямі, «захапіць» гарады эміграцыі беларусаў — Тбілісі, Кракаў, Варшава, Вільнюс. Мінск з карты «Прадмовы» з прычын небяспекі пакуль знік, але каманада форума абяцае «гарачы» інтэлектуальны чэрвень у замежжы.
Нагадаем, што фестываль інтэлектуальнай кнігі PRADMOVA — гэта ўнікальная культурная падзея Беларусі. Форум пазіцыянуе сябе як месца сустрэч пісьменнікаў, выдаўцоў, чытачоў, рэдактароў, дызайнероў, як беларускіх, так і замежных. Яго місія — спрыяць кніжнай культуры, узмацненню і развіццю інтэлектульнага асяроддзя краіны. На жаль, з-за рэпрэсій улады з кожным месяцам прастора беларускай кнігі, вольнага слова ў Беларусі памяншаецца.
У 2021 годзе «Прадмова» была адкладзена з-за эпідэміялагічнай сітуацыі і сацыяльна-палітычнага крызісу ў краіне. Але ў 2020-м, літаральна ў віры пратэснага руху, форуму ўдалося адбыцца, і ён сабраў на сваёй пляцоўцы такіх яскравых аўтараў, як Януш Леон Вішнеўскі, Віктар Марціновіч, Дзмітрый Строцаў, Альгерд Бахарэвіч, Юля Цімафеева, Таццяна Заміроўская, Уладзімір Някляеў, Барыс Пятровіч, Андрэй Хадановіч, Барыс Пастэрнак, Міхаіл Мінакоў, Жарка Яваноўскі… Сёння пра падзею ў Беларусі ўвогуле не ідзе гаворка, але каманда спрабуе іншыя фарматы і межы, і акурат зараз фарміруе склад удзельнікаў бягучага фестывалю.
Арганізатары запрашаюць далучыцца да фэсту «ўсіх, чые жыццё звязанае з літаратурай і выдавецкай дзейнасцю». Чакаюцца заяўкі ад пісьменнікаў, паэтаў, філосафаў, журналістаў, музыкантаў; прычым каманда чакае прапаноў на мерапрыемствы не толькі ў афлайн, але і ў анлайн. Цэнтральнай тэмай фестывалю заяўлена паняцце дома.
Падаць заяўку на ўдзел можна да 25 красавіка ўключна.
Што да тэрмінаў фестывалю-2022, то «Прадмова» абрала варыянт аднадзённых фэстаў. У Тбілісі «Прадмова» пройдзе 4 чэрвеня, у Кракаве – 11 чэрвеня, у Варшаве – 18 чэрвеня, і ў Вільнюсе – 25 чэрвеня.
Больш інфармацыі пра ўмовы ўдзелу і форму заяўкі можна знайсці тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: