Reform.by напярэдадні адкрыцця першай выставы ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве ўдалося звязацца з куратаркай мастацкага праекта Вольгай Мжэльскай і мастаком Ігарам Цішыным.
— Калі я пабачыла гэту прастору, я зразумела, што не магу не зрабіць тут праект, — распавядае гісторыю свайго знаёмства з памяшканнем па вуліцы Фоксал, 11, дзе знаходзіцца Музей Вольнай Беларусі, Вольга Мжэльская.
Вядомую беларускую арт-менеджарку і куратарку запрасіла да супрацоўніцтва з новым праектам НАУ экспертка арганізацыі па сацыякультурных пытаннях Наталля Задзяркоўская.
— Гэта прастора моцна нагадала мне ў нечым пустынныя сядзібы і замкі Беларусі, — дзеліцца Вольга. — Нягледзячы на тое, што тут раней была галерэя, прастора ў добрым сэнсе слова брутальная. Тут няма прафесійнага асвятлення, абсталявання. Але мне падалося добрай ідэяй адказаць на гэту брутальнасць яшчэ большай брутальнасцю. Так у мяне ўзнікла думка запрасіць да супрацоўніцтва мастака Ігара Цішына, вядомага сваім эмацыйным жывапісам, які цалкам захоплівае сцены галерэйных залаў. Выдатна, што ён пагадзіўся на маю прапанову.
У моманце, калі адбываецца наша размова, сцены прасторы запаўняюцца графікай мастака. Татальная інсталяцыя — тая самая форма, якой бездакорна валодае Ігар Цішын. Гэта захапляльнае відовішча — бачыць на ўласныя вочы, як нараджаецца такі твор мастацтва.
Вольга Мжэльская нагадвае пра знакавую для беларускага сучаснага мастацтва працу аўтара, якую ён зрабіў яшчэ ў 1990-я , — «Лёгкі партызанскі рух».
— Яна была прысвечана правам чалавека і палітычнай сітуацыі, дзе пад пытанне ставіцца магчымасць існавання мастацтва ва ўдушлівай сістэме, а сама фігура мастака становіцца «партызанам», — каментуе куратарка. — Зараз Ігар Цішын — і ў Беларусі, і ў Еўропе — больш вядомы імпульсіўным і часта парадаксальным жывапісам, — дадае яна. — Але ў яго працах па-ранейшаму адчуваюцца моц і ўпэўненасць мастака нон-канфарміста, які змешвае розныя стылі і абыходзіць усе магчымыя сістэмы.
Праект, які нараджаецца проста на нашых вачах, мае назвую «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі». Я пытаюся ў Вольгі, як бы яна апісала гэтыя імгненні.
— Узлёту і прызямлення. Мне б хацелся, каб у чалавека, які трапіць у галерэйную прастору, з’явілася магчымасць націснуць на ўяўную кнопку пульта «паўза», — адказвае арт-дзяячка. — Момант, у якім зараз знаходзяцца беларусы, — гэта дом, які разлятаецца на крэскі. Гэта стан разгубленасці, трывогі, болю і адкрытай будучыні. І жывапіс Ігара Цішына схоплівае гэты эмацыйны разлад, на маю думку. І для мяне важна, каб за «паўзай» глядач таксама знайшоў кнопку «рэверс»: форма інсталяцыі акурат і дае магчымасць уявіць той момант, калі мы збіраем сябе з абломкаў. Мы можам уявіць, як наш дом збіраецца ў новай якасці і абліччы.
Сцены, вокны, мэбля, жывёлы, твары «насельнікаў» дома — у прадуманым хаосе твору Ігара Цішына пазнаюцца асобныя фігуры, абліччы. Аўтар просіць Вольгу прыхінуцца да сцяны — ён абводзіць контуры яе цела алоўкам.
«Вольга, а што для цябе зараз дом?», — пытаюся.
— Я ўжо год знаходжуся па-за межамі Беларусі, і за гэты час пакутліва намагаюся намацаць «глебу» пад нагамі, — адказвае яна. — Тое, што для цябе з’яўлялася першаасновай, зараз страчана, дом адабраны, і трэба неяк знайсці новыя кропкі апоры, сабраць сябе наноў. І я вучуся гэтаму. Разумею, што і ва ўсіх сваіх апошніх праектах — выставачных, перфарматыўных, мастацкіх — я вяртаюся да гэтага пытання тым альбо іншым чынам. Але пакуль не магу знайсці на яго адказ. Я ўсё яшчэ знаходжуся ў пошуках дома.
«Ігар, а калі «разляцеліся сцены дома» для вас?», — звяртаюся да аўтара «Лёгкага партызанскага руху».
— Яны пачалі разлятацца яшчэ ў 1991 годзе, — прызнаецца мастак. — Але потым быў кароткі перыяд у Беларусі — час Шушкевіча, калі падавалася, што сцены ўмацоўваюцца, — дзеліцца Ігар Цішын. — Але нядоўга музыка іграла…
Потым я з’ехаў з Беларусі. Часам прыязджаў, былі пэўныя выставы — у Мінску, Віцебску, калектыўныя, персанальныя. Цяпер, падаецца, ужо цяжка будзе прыехаць.
Па меркаванні аўтара інсталяцыі, зараз у Беларусі час, падобны да 1941-1943 гадоў.
— Калі заходжу ў гэту залу, я адчуваю, што ў Беларусі. Так, людзі жывуць там. У Мінску, Гомелі, Уваравічах, Пухавічах, Смаргоні… Людзі жылі там заўжды. І ў 1941-1943 гадах таксама жылі і працавалі, падчас акупацыі. Але жылі і працавалі.
Шкада, мне падаецца, пра гэтых людзей забылі. Я ведаў адну жанчыну, якая жыла ў Мінску падчас акупацыі, яна была тады яшчэ школьніцай. Яна шмат распавядала пра гэта. Зараз у Беларусі час вельмі падобны. Мяркую, што адзін з будучых маіх праектаў будзе называцца «Акупацыя».
На адной са сцен у прасторы Ігар Цішын выявіў чалавека, які ідзе па муру, які рухаецца, уздымаецца літаральна хвалямі. Я паварочваю гутарку ў іншы бок, пытаючыся пра тое, ці не сталі мы ў сітуацыі адсутнасці дома самі для сябе апірышчам і прытулкам? І ці не сталася беларускае мастацтва і культура больш чутнымі і бачнымі ў глабальнай прасторы?
— Мне цяжка меркаваць, як было да 2020 года, бо ўсё ж я знаходзілася ўнутуры Беларусі, — разважае Вольга. — Але мне падаецца, што зараз адбываецца вельмі важны момант для беларускага мастацтва. Шмат беларусаў сёння за межамі краіны — і мы ўплываем на тыя прасторы, у якіх жывем. Магчыма, гэта не вельмі карэктная паралель: але, скажам, ці была б сёння такой папулярнай італьянская піца, калі б у пэўны момант яе стваральнікі не вымушаны былі эміграваць у Амерыку? Мне падаецца, што не. Так, мы зараз перажываем цяжкія часы, але варта ў гэтай сітуацыі знайсці сілы бачыць магчымасці. Беларусы выехалі за межы краіны не для таго, каб растварыцца ў іншых культурах, а распавесці пра сваю. І ў гэтым — адрозненне ад мінулых часоў.
Выстава «Дом, у якім разлятаюцца сцены. Паміж двума імгненнямі» будзе доўжыцца да 17 жніўня. Далей татальная інсталяцыя, якая выконвалася на папяровых лістах, будзе падзелена на асобныя графічныя скетчы.
Музей Вольнай Беларусі адкрываецца сёння ў 15.00.
Старт працы новай культурнай пляцоўцы ў Варшаве дадзены.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: