“Мінск. Горад, якога мне не стае” («Minsk. Die Stadt, die ich vermisse») — з такой назвай у нямецкім выдавецтве «Edition Frölich» выйшла фотакніга вядомай беларускай паэткі Юліі Цімафеевай.
У выданні спалучаны вершы Юліі Цімафеевай і фота, зробленыя ёй у любімым горадзе. Аўтарка паэтычных зборнікаў «Цырк», «Rot», «Воўчыя ягады» выдатна фатаграфуе, — і яе, на першы погляд, простая фатаграфія мае адчувальны аўтарскі погляд, які фіксуе не толькі выразнасць і прыгажосць месца, а стан бягучага моманту і настрой. Фатаграфія Юліі Цімафеевай не саромеецца быць настальгічнай і чуллівай.
З кароткай прадмовы да кнігі:
“Фотаздымкі, змешчаныя ў кнізе “Мінск. Горад, якога мне не стае”, былі зробленыя ў 2016-2020 гадах на вуліцах Мінска. Бесклапотны і меланхалічны, напоўнены пустатой і чаканнем, засмужаны і пры гэтым яркі — такім я бачыла свой горад у тыя часы. І цяпер, праз два гады расстання, я часта вяртаюся думкамі ў тыя месцы, якія я любіла. Але Мінск, мяркую, незваротна змяніўся, як і я.
Паэзія і фатаграфія заўжды існавалі для мяне паралельна, не перасякаючыся. У гэтай кнізе я спрабую паставіць іх побач і расказаць гісторыю пра тугу, настальгію, любоў і надзею. Надзею на вяртанне”.
Фотакніга выйшла на нямецкай і беларускай мовах. Над перакладамі з беларускай і ангельскай моў працавалі Ціна Вюншманн (Tina Wünschmann), Томас Вайлер (Thomas Weiler ) і Джорджыя Рауэр (Georgia Rauer). Выдавец — Рэгеліндзіс Вестфаль (Regelindis Westphal).
Набыць “Мінск. Горад, якога мне не стае” можна на сайце выдавецтва. Па асобнай спасылцы даступныя 50 падпісаных і пранумараваных асобнікаў выдання, да якіх прыкладаецца падпісаны прынт аднаго з кніжных фотаздымкаў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: