Ідэя спектакля «Па што ідзеш, воўча?» паводле аднайменнай кнігі Евы Вежнавец нарадзілася ў творчай лабараторыі InexKult «Мультылінгвізм на сцэне» пад кіраўніцтвам рэжысёркі Монікі Дабраўлянскай. Пасля чытак у Варшаве і Берліне адбылася прэм’ера ў Беластоку, а падчас фестывалю Pradmova спектакль паказалі ў варшаўскім Музеі вольнай Беларусі.
Польская рэжысёрка Моніка Дабраўлянска працуе з беларускім артыстамі ўжо каля дваццаці гадоў. Яе незалежныя праекты з’яўляліся на сцэне дзяржаўных беларускіх тэатраў, а апошні яе спектакль у Беларусі «Гэта ўся яна» ішоў у Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі да 2023 года, пакуль не быў зняты з-за цэнзуры.
З кнігай Евы Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?» рэжысёрка пазнаёмілася ў нямецкім перакладзе, а пасля адшукала польскі (хоць кніга на польскай мове яшчэ не выдадзена, але пераклад ужо існуе). На беларускай мове, патлумачыла Моніка Дабраўлянска падчас абмеркавання, тэкст цалкам зразумець не атрымалася, мова кнігі падалася ёй складанай. Нямецкая не перадала ўсіх нюансаў, а польская — як славянская — была бліжэй да арыгіналу і больш адпаведнай спецыфіцы тэксту.
Тэкст зачапіў рэжысёрку гранічнай шчырасцю, героі — жыццёвасцю, і яна адчула патрэбу пагрузіцца ў кантэкст. Па парадзе аўтаркі кнігі спадарыня Моніка паехала ў польскае Падляшша, каб знайсці прыхаваную там архаіку. І, відавочна, знайшла, бо ў спектаклі, як і ў кнізе, абрастаюць дэталямі, перагукваюцца і нітуюцца між сабой магічныя і крывавыя (то-бок гістарычныя) сюжэты. І калі пра кроў толькі апавядаецца, то магія — вось яна: нараджаецца ў супольным спеве, у лаканічным рытуале, у зеленаватым святле і аскепку люстэрка, у магію напрыканцы дзеі ўцягнуць і гледачоў.
Пастаноўка зʼяўляецца сцэнічным эксперыментам са шматмоўнасцю. Каб падкрэсліць сюжэт пагранічча, важны сёння для заходняй публікі, у спектаклі гучаць — і не перакладаюцца — пяць моваў. Хоць кніга напісана на беларускай мове, а аповед старой Дарафеі перадаецца на мясцовай гаворцы. Адной з задач рэжысёркі было расказаць гэтую нашу беларускую гісторыю за захадзе Еўропы, каб даць замежнаму гледачу магчымасць убачыць іншую перспектыву. Да таго ж Палессе — гэта не толькі Беларусь, што робіць лакальны сюжэт часткай іншай гісторыі.
Нямецкая мова спачатку гучыць з вуснаў Рыны, бо яна вяртаецца з Германіі ў сваю родную вёску на пахаванне бабулі, што памерла на 102-м годзе жыцця.
Рыну вельмі эмацыйна грае Моніка Давідзюк, польская акторка тэатра і кіно. Яна родам з Падляшша, з Гайнаўкі, скончыла беларускі ліцэй. Яе гераіня перыядычна пацягвае чырвонае віно — з чаго атрымаецца, нават з туфліка на высокім абцасе. Але раптоўна на яе адкрытую чорную міні-сукенку апранаюць сукенку белую і да Рыны вяртаецца беларуская мова. Яе першая задача на радзіме — забраць у Наташкі «зеркальцэ» і вярнуць яго таму, каму яно па праве належыць — памерлай бабулі. Акрамя гэтага, Рына, папраўляючы невясёлыя рэаліі алкаголем і не прыходзячы ў поўную свядомасць, бароніць святыя камяні, перадае памерлай бабе люстэрка, ратуе яе запісы і захоўвае яе сведчанні.
Акторка вядзе брутальную, нервовую, пабудаваную на скрайнасцях і даволі жорсткую ігру, аднак яе гераіня не столькі адкрыта бунтуе, колькі ігнаруе ды парушае ўсе магчымыя межы, бо ў крытычныя моманты проста робіць глыток віна. Віно дапамагае, але не заўсёды, у іншых выпадках дапамогуць атрутныя настоі з траў ці старадаўнія замовы. Аднак калі прыходзіць чарговая «ўласць» з новымі парадкамі, то супраць дзяржаўнай машыны (а «ўласці» перакотваюцца па гэтым краі дзевяць разоў) дапамагчы ўжо мала што можа.
Здавалася б, гісторыя Рыны тут асноўная, аднак не… Пункцірна крануўшы прыватныя сюжэты сталення «спінаю наперад» і няшчаснага кахання, аповед пашыраецца і ахоплівае жаночыя лёсы, а праз іх імчыць далей. Праз сваё жыццё і цела (асабліва ўразлівымі аказваюцца вочы) гэтыя кабеты розных пакаленняў прапусцілі сто гадоў беларускай гісторыі ў лакальным, а таму асабліва брутальным варыянце. Гісторыю зямлі, дзе ўсе дзейныя асобы пераплецены ў адзін крывавы клубок, а кат лёгка становіцца ахвярай, а ахвяра катам.
Акрамя нямецкай мовы ў спектаклі гучаць яшчэ руская і польская — тры мовы розных уладаў. Улада пазначаецца чорнымі меткамі — сюжэтамі, звязанымі з гвалтам, аднак таксама музыкай — польскімі, нямецкімі і рускімі кананічнымі мелодыямі, падчас якіх жанчыны выконваюць няўклюдны танец гвалтавання, што завяршаецца ціхім стрыманым іх плачам. Так становяцца бачнымі сляды палітычных сістэм, бязлітасных да целаў і душаў.
Адна з актрыс — украінка, украінская мова — пятая ў гэтым спектаклі.
Акрамя экспрэсіўнай Рыны, тры астатнія акторкі — беларускі Яўгенія Кульбачная, Святлана Зелянкоўская і ўкраінка Паліна Чабатарова, што нібы сышлі са старых фатаграфій, зробленых падчас этнаграфічных экспедыцый, — годныя і цярплівыя, іх гераіні часам адступаюць перад сілай рэпрэсіўнай машыны, аднак застаюцца пры сваім.
Акторкі і рэжысёрка па заканчэнні спектакля расказалі, што сцэнічны твор расце як жывы арганізм, і яшчэ не прыняў канчатковай формы. На дадзены момант ён выглядае як замова супраць маскулінных мужчын пры ўладзе, якія, паводле сюжэта, з’яўляюцца ўвасабленнямі гвалту, войнаў і забойстваў. Сіла жанчын у травах, у магіі, у супольным спеве. Гэта іншая сіла — негвалтоўная, скіраваная на выжыванне. Аднак не толькі: гэта сіла можа помсціць. Нездарма напрыканцы Рына абыходзіць глядзельную залу і прапануе мужчынам бутэлечкі з чырвоным змесцівам. Калі хаваюць шаптуху, павінна быць сем смерцяў, малых і вялікіх.
«У тыдзень пасля Дарафеінага пахавання сапраўды сталася сямёра смерцяў, — паведамляюць нам і ў кнізе, і ў спектаклі. — І смерці былі важкія, мужчынскія».
На абмеркаванні спектакля аўтарка кнігі Святлана Курс (Ева Вежнавец) згадала вызначэнне Беларусі ад свайго сябра — Траўмалэнд: «Жыць у Траўмалэндзе цяжка, бо траўма не перарывалася. У нас перапынку ніколі не было: прыходзіла новае пакаленне і сутыкалася са сваім Траўмалэндам. Гэта як жыць у салянай кіслаце, і таму я разумею людзей, якія ідуць ад беларушчыны ў іншыя бакі, робяцца палякамі, расейцамі, украінцамі, амерыканцамі».
У сваёй кнізе аўтарка выцягнула эсэнцыю з беларускай гісторыі за апошнія сто гадоў. «А можа, і не за сто, — тлумачыла Святлана Курс у адным з інтэрв’ю, — таму што там ёсць выхады ў больш глыбокія пласты нашай бяды, альбо нашага шчасця быцця беларусамі. Мне было важна, каб гэтыя 140 старонак былі прачытаныя беларусамі.
Каб беларусы азірнуліся на тое, якія дзевяць уладаў былі за сто гадоў нашай гісторыі (бо ўсё гэта адбываецца ў 1918-2018), і каб задумалася, што і дзясятая ўлада да іх не лепшая».
«Па што ідзеш, воўча?» аказаўся вельмі запатрабаваным, як у Польшчы, так і ў Германіі. Спектакль хутка вырас са сцэнічнай чыткі, бо яго сталі актыўна запрашаць і ён пачаў развівацца.
Гісторыя нябачнай, але дзейснай жаночай магіі, што ўласнымі шляхамі пераадольвае сілу, гвалт і іншыя наступствы крывавай гісторыі, адгукаецца самаму рознаму гледачу…
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram