Яшчэ адзін тэатральны дзеяч страціў сваю пасаду. З Драматычнага тэатра Беларускай Арміі, які знаходзіцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны краіны, «сышлі» мастацкую кіраўніцу Марыну Дудараву. Пра тое, што адмыслоўца не працуе ў тэатры, дазнаўся партал «Зеркало» са спасылка на ўласную крыніцу.
Па інфармацыі выдання, Дударава яшчэ займала сваю пасаду ў верасні 2024 года. Але цяпер звесткі пра мастацкую кіраўніцу тэатра прыбралі з сайта ўстановы.
Прычына звальнення — невядомая. Магчыма, гэта звязана з выхадам не пенсію — рэжысёрцы 62 гады. Але ці з’яўляецца гэта сапраўнай ці фармальнай падставай — невядома.
Марына Дударава скончыла Мінскі інстытут культуры (1991). Працавала артысткай балета Белдзяржфілармоніі, выкладчыкам, балетмайстрам, балетмайстрам-пастаноўшчыкам сталічнага Маладзёжнага тэатра. З 2004 года была галоўным рэжысёрам, а з 2013-га — мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатра Беларускай Арміі. Лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі. За асабісты ўнёсак ў развіццё культуры і мастацтва ўзнагароджана медалём Францыска Скарыны.
Як адзначае «Зеркало», на актуальны момант засталося толькі пяць беларускіх дзяржаўных тэатраў, дзе з 2020 года не змянілася кіраўніцтва.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram