Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала запуск у 2025 годзе новай серыі для дзяцей «Чытаю сабе сам».
З гэтай нагоды адкрыты збор сродкаў на беларускай краўдфандынгавай платформе Gronka.org.
Паводле выдавецтва, серыя стваралася для дзяцей, якія толькі пачынаюць чытаць. «У гэтай серыі будуць толькі беларускія пісьменнікі і мастакі, і мы будзем імкнуцца, каб яны былі розныя, — пішуць у выдавецтве. — Вельмі хочацца пазнаёміць усіх з таленавітымі аўтарамі і даць кожнаму пляцоўку для самавыражэння. Гэта добра і для дзяцей: розныя стылі будуць развіваць малых».
У першым выпуску — тры кніжкі розных узроўняў.
- Алена Зарніцкая «Сябры ў двары» з малюнкамі Дарыны Харытончык.
- Андрэй Скурко «Заяц і Мядзведзь едуць да бабулі» з малюнкамі Марыі Платонавай.
- Аляксандр Ждановіч (Маляваныч) «Казкі гарадскога парку» ў афармленні Марыі Платонавай.
Усяго мяркуецца выпускасць тры ўзроўні кніжак: для чытання па словах, па сказах, па абзацах.
На першым узроўні патрэбныя простыя сказы (1-2 на старонку) і займальныя сюжэты. Выдаўцы паставілі націскі і расфарбавалі склады там, дзе іх шмат, каб чытанне давалася лягчэй.
На адругім узроўні толькі самыя доўгія і складаныя словы падзелены колерам на склады, а на старонцы ўжо адразу некалькі сказаў.
На трэцім узроўні дзіця можа самастойна прачытаць цэлую старонку тэксту.
У дадатак да кожнай кніжкі чытач атрымае ўзнагароду — дыплом і налепкі.
Для большай зручнасці ў кнігах серыі выкарыстоўваецца адмысловы шрыфт (EasyReading), распрацаваны для дыслексікаў: літары ў ім лягчэй распазнаюцца і не разбягаюцца. Каб бацькі маглі сачыць за прагрэсам, унутры змешчана эфектыўная бостанская методыка прывучэння да чытання з табліцай для ўліку часу.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram