Беларускі ПЭН правёў вялікае адмысловае даследаванне самацэнзуры творцаў у Беларусі і за мяжой, адзначыўшы, што беларуская культура, з аднаго боку, — гэта культура супраціву і захавання, з іншага – вымушаная культура цішыні і ананімнасці.
Выбралі галоўнае з грунтоўнага агляду.
У другой палове 2021 года адмыслоўцы ПЭНа, рыхтуючы маніторынг парушэнняў культурных правоў, зафіксавалі тэндэнцыю самацэнзуры і ананімнасці ў творчасці — як вынік рэпрэсій у Беларусі. З таго часу сітуацыя ў культурнай сферы ўнутры Беларусі катастрафічна пагоршылася, а самацэнзура стала вымушаным інструментам выжывання для многіх людзей творчасці, якія асэнсоўваючы межы, у якіх знаходзяцца, свядома выбіраюць, што яны з уласнай творчасці могуць паказаць, а што не.
Такі стан з’яўляецца фактарам, які падрывае развіццё беларускай культуры.
Напачатку аналітыкі ПЭНа пазначаюць, што іх цікавяць не ўсе формы самацэнзуры (якая можна з’явіцца, напрыклад, каб захаваць рэпутацыю), а толькі такая, якая ўзнікае як адказ на прамыя вонкавыя пагрозы. Унутраная цэнзура – нябачная, непублічная форма рэпрэсій, якая кепска паддаецца маніторынгу і вымярэнню. Разуменне яе маштабу і наступстваў, пошук спосабаў даследаваць і фіксаваць яе, разуменне яе ўплыву на самаацэнку і маральны стан дзеячаў культуры важныя для грамадскага ўсведамлення і салідарнасці, робяцца базай для дадатковых разважанняў і аналізу.
Дакумент апісвае спосабы вымушанага самаабмежавання дзеячаў культуры, якія трапілі ў поле зроку маніторынгавай групы Беларускага ПЭНа або пра якія расказалі самі літаратары, музыкі, мастакі.
Ва ўмовах палітычных рэпрэсій Беларусь знаходзіцца ўжо больш за чатыры гады, таму Беларускі ПЭН зрабіў невялікі гістарычны агляд, з якога вынікае, што менавіта з 2022 года асабліва ўзмацняюцца рэпрэсіі супраць культуры. У гэты час складаецца рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў, адбываецца ціск на арт-менеджараў, узмацняюцца патрабаванні да экскурсаводаў, ладзяцца «ачышчальныя культпаходы» праўладных актывістаў па кнігарнях і мастацкіх выставах у пошуках «няправільнай» літаратуры або нядобранадзейных аўтараў.
З пачаткам агрэсіі Расіі супраць Украіны публічная падтрымка Украіны стала яшчэ адной тэмай для самацэнзуры.
У сувязі з патэнцыйнай пагрозай пераследу за творчае выказванне павялічваецца колькасць выпадкаў прыпынення публічнай актыўнасці, частковай або поўнай адмены праектаў/дзейнасці; усё больш практыкуюцца закрытыя ці падпольныя мерапрыемствы, яны пераносяцца ў анлайн-фармат; пераглядаюцца рэпертуары, калектывы дзеля «шыфравання» мяняюць свае назвы. Асцерагаючыся абвінавачанняў у «экстрэмізме», унутраную цэнзуру ўзмацняюць выдаўцы, здымаюцца з продажу тыя кнігі, на якія звярнулі ўвагу праўладныя актывісты і прапагандысты; вымушаны кантраляваць свае выказванні экскурсаводы і музейныя працаўнікі (напрыклад, у рэчышчы новай канцэпцыі «генацыду беларускага народа»); усё абачлівейшымі робяцца бібліятэкары (у прыватнасці, пры закупцы новых кніг) і мастакі (прыбіраюць шэраг сваіх прац з выставачнай прасторы); палітычнае фільтраванне творчасці адзначаецца ў рэжысёраў, арт-менеджараў і іншых удзельнікаў культурнага працэсу. Набірае абароты тэндэнцыя выкарыстання псеўданімаў і ананімнасці аўтарства як такога – кніг, артыкулаў і рэпартажаў, дакументальных фільмаў, песняў, выстаў, экспертызы, каментарыяў для СМІ, удзелу ў мерапрыемствах і гэтак далей.
Паступова самацэнзура стала неад’емнай часткай штодзённасці беларускіх дзеячаў культуры незалежна ад іх месцазнаходжання. Унутры краіны яна тычыцца тэмаў, звязаных са стаўленнем да дзейнай улады, рашэнняў чыноўнікаў, выказванняў на рэзанансныя сацыяльна-палітычныя падзеі; небяспечным стала ўсё, звязанае з беларускай нацыянальнай гісторыяй (БНР, ВКЛ, шляхта і гэтак далей), яе лідарамі і маральнымі аўтарытэтамі (Тадэвуш Касцюшка, Кастусь Каліноўскі, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў і іншыя), гістарычнымі сімваламі (бел-чырвона-белы сцяг, герб «Пагоня»), з выкарыстаннем беларускай мовы ў побытавай камунікацыі; пад самакантролем праблематыка гендару і ЛГБТ+; хаваецца выяўленне антываеннай пазіцыі і падтрымкі Украіны ў вайне з Расіяй, прасоўванне прадуктаў украінскай і польскай культуры і адукацыі; «шыфруюцца» сувязі з палітзняволенымі, праваабаронцамі, супраца з дзеячамі культуры з «чорных спісаў», са СМІ і арганізацыямі, прызнанымі рэжымам «экстрэмісцкімі», палітычнымі эмігрантамі і гэтак далей.
Самацэнзура ёсць і ў творцаў па-за межамі Беларусі. Асцерагаючыся магчымага ціску на пакінутых дома сваякоў, а таксама праз практыку завочнага крымінальнага пераследу, якая з 2023 года набрала абароты, многія дзеячы культуры ў выгнанні адмаўляюцца ад інтэрв’ю, пазбягаюць публічных выказванняў і стараюцца не асацыявацца з «экстрэмісцкімі» аўтарамі, арганізацыямі або пляцоўкамі (прычым тыя не абавязкова маюць такі статус). Яны хаваюць твары або канспіруюцца, пазбягаюць фатаграфавання і згадак, адмаўляюцца ад удзелу ў мерапрыемствах ці прысутнічаюць там выключна на ўмовах ананімнасці, просяць не тэгаць у сацсетках, не паказваць у афішах і гэтак далей.
Аднак, заўважаюць даследчыкі, ёсць і дадатны бок у самацэнзуры: яна з’яўляецца спосабам захаваць беларускую культуру, механізмам самаабароны.
Адначасова гэта і час цішыні, нярозгаласу як свядомага выбару; самазахаванне беларускай культуры да яе чарговага адраджэння: «захавацца, прыхавацца ў балоце, а потым вылезці». Незалежная беларуская культура аддала перавагу творчаму падполлю: перайшла ў рэжым кватэрнікаў і «хатнікаў», андэграўнду і «сарафаннага радыё», закрытага і камернага фармату, эзопавай мовы і завуаляванасці, самаізаляцыі і ўнутранай эміграцыі, працы ў стол і назапашвання.
У такім выглядзе замоўчванне – гэта спосаб сумленна працягваць сваю справу далей: «чым менш red rags, тым больш рэальных магчымасцяў нешта рабіць і развіваць беларускую культуру», — як сцвярджаюць культурныя дзеячы ў ананімных інтэрв’ю.
У новых умовах многія творцы не спыняюцца, знаходзяць стратэгіі і шляхі для самавыяўлення, выкарыстоўваюць магчымасці інтэрнэту, удзельнічаюць у канферэнцыях і абмеркаваннях, падтрымліваюць сувязь з тымі, хто з’ехаў. «Іх звальняюць, яны самі сыходзяць з працы афіцыйнай, але яны не кідаюць тое, чаму прысвечанае жыццё, — расказваюць ананімныя творцы ў Беларусі. — Гэта сутнасць, гэта душа. Чалавек нікуды не дзенецца. Чалавек не можа рабіць інакш, і ён працягвае рабіць тое, што ён рабіў. Можа, ён проста менш пра гэта расказвае, таму што…»; «людзі імкнуцца жыць і нешта рабіць, і для іх чуць толькі адмоўнае, што тут «просто пустыня», што тут ужо «Хатынь» – канешне, гэта іх раздражняе».
Сцвярджаць, што сёння праз рэпрэсіі ў Беларусі нічога не адбываецца, нібыта ўсе леглі на дно – няправільна. Насамрэч унутры краіны ладзяцца розныя творчыя акцыі. І вельмі важна іх фіксаваць, хоць гэта надзвычай складана.
Высновы
Самацэнзура стала адной з ключавых рэалій культурнага жыцця Беларусі. Гэта вымушаны інструмент выжывання для многіх людзей творчасці, але адначасова і фактар, які падрывае яе развіццё, крытычнае мысленне і культурную разнастайнасць. Самацэнзура мяняе ландшафт беларускай культуры, замыкаючы яе ў вузкіх рамках ананімнасці і ізаляцыі.
Сёння, калі свабода творчага выказвання ўспрымаецца як выклік дзяржаве, а кожнае слова або жэст могуць быць інтэрпрэтаваны як пагроза рэжыму, культурная супольнасць як ніколі мае патрэбу ў салідарнасці і падтрымцы. Міжнародныя і ўнутраныя механізмы дапамогі – ад прапановы платформаў для ананімнага самавыяўлення да пільнавання бяспекі творчых асоб – мусяць быць часткай стратэгіі захавання і падтрымкі беларускай культуры. Важна абараняць тых, хто застаўся, дапамагаць тым, хто вымушана эміграваў, і фіксаваць кожную гісторыю, кожны твор, народжаныя ў гэтыя няпростыя часы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram