Стылізацыя пад нямое кіно «Чароўныя нажнічкі» беларускай рэжысёркі Ганны Авота стала пераможцай Конкурсу маладога беларускага кіно фестывалю Bulbmovie-2024. Фільм паводле габрэйскіх казак быў прызнаны найлепшым сярод ігравых стужак конкурсу. «Залатая бульба» ў дакументальным кіно дасталася карціне Мікіты Пандэка «Champion 471», якая ўразіла журы нечаканай канцоўкай. Учора ўвечары ў варшаўскім кінатэатры «Ілюзіён» адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў.
Таксама журы, у склад якога ўвайшлі рэжысёр, прадзюсар, кіраўнік Школы Анджэя Вайды Філіп Марчэўскі, беларуская кінарэжысёрка Улада Сянькова, польскі кінакрытык Міхал Канарскі і ананімны кінакрытык з Беларусі, вылучыла Спецыяльнымі адзнакамі яшчэ дзве стужкі.
Так, траўма сачэння і пераследу службамі беларусаў была дасціпна пераасэнсавана ў ігравым кароткім метры Кіры Ольшеўскай «Скажыце Сыр». А ў дакументальным кіно не абмінулі ўвагай стужку «Вяселле сына», у якой рэжысёр Глеб Старавераў захаваў на камеру вяселле ў невялікім мястэчку — як «грымучая сумесь» абрадаў і звычаяў розных культурных пластоў выглядае цяпер. І варта адзначыць працу Глеба Стараверава, якому ўдалося пазбавіцца дыстанцыі ў кантакту з героямі карціны.
Сёлета арганізатары «Бульбамуві» прапанавалі і гледачу прагаласаваць за найлепшую на іх погляд карціну. І выбар публікі супаў з выбарам журы: прызы глядацкіх сімпатый забралі «Champion 471» і «Чароўныя нажнічкі» ў дакументальным і ігравым кіно адпаведна.
Некалькі словаў пра «Чароўныя нажнічкі», якія можна назваць перлінай у праграме Маладога беларускага кіно, над фарміраваннем якой працаваў экс-каардынатар Нацыянальнага кіно «Лістапада» Мікалай Лаўранюк.
Праект, які ў вынаходлівым ключы аднаўляе атмасферу і жыццёвы лад габрэйскага мястэчка, ствараўся напрацягу шасці гадоў у Беларусі і Польшчы. Рэжысёрка Ганна Авота вырашыла ўвасобіць гісторыю пра небараку-краўца Шмуэля ў стылістыцы нямога чорна-белага кіно. І калі напачатку глядачу патрабуецца крыху часу, каб прызвычаіцца да рытма і мовы стужкі, то потым хвіліны ляцяць незаўважна — і толькі шкадуеш, што «фільма» скончылася.
Безумоўна, «Чароўныя нажнічкі» — гэта і цудоўная габрэйская ды беларуская музыка, якая гучыць з экрана ў выкананні капелы беларускіх музыкаў. Творцы выкарыстоўвалі матэрыялы, знойдзеныя ў архівах даследчыкаў беларускай і габрэйскай традыцыі, для стварэння аўтарскага саундтрэку. Не падробка ў карціне і танцы, якія выконваюць артысты — яны адноўлены паводле экспедыцыйных запісаў. Стваральнікамі праекта была зроблена вялікая праца, каб публіка хоць на нейкі час — 60 хвілін — здолела патрапіць у страчаны габрэйскі свет. І, безумоўна, гэты эфект узмацніўся б у разы, калі б «Чароўныя нажнічкі» дэманстраваліся б пад жывую музыку. Спадзяемся, што глядацкі і мастацкі патэнцыял гэтай стужкі будзе ацэнены культурнымі менеджарамі і кіраўнікамі фэстываляў.
Фільм-стылізацыя, які стаў плёнам высілкаў актораў-валанцёраў, музыкаў, мастакоў, перакладчыкаў, пастаноўшчыкаў і міжнародных экспертаў — у стварэнні саундтрэку прымала ўдзел і цьютарка па клезмеру Алеўціна Парланд — пераносіць глядача ва ўмоўны свет габрэйскага Барысава, дзе на кірмашы даведваліся ўсе навіны, у карчме на заклад і не толькі маглі танчыць усю ноч, і ўсе ведалі, што «слова габрэя мацней за жалеза». І гэта тое падарожжа, якое запомніцца надоўга.
10-ты фестываль беларускіх фільмаў «Бульбамуві», які ладзіўся ў Варшаве з 22 па 24 лістапада, прайшоў пры падтрымцы Нацыяльнай фільматэкі Польшчы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram