«169-145» — такую назву мае новы трэк беларускага музыкі Сяргея Башлыкевіча (Leibonik), які спявак прэзентаваў сёння на ўсіх музычных платформах. Аўтар «Эмігранцкай песні», слыннага альбома «Там» напісаў пяшчотную поп-рок-рэп-баладу з драйвовым гітарным пройгрышам і кранальным шматслоўным тэкстам — і гэта сутыкненне ў кампазіцыі працуе на ўсе сто.
У творчасці Leibonikа ёсць характэрны эфект, калі расказаная ў трэках «забаўная» гісторыя раптам пачынае адгукацца, і, як кажуць, «вярэдзіць душу». Вось, здаецца, было смешна і забаўна, а потым ловіш сябе на тым, што ў пэўных момантах гэтай «умоўнай гутаркі» ледзь стрымліваеш слёзы. У lyrics творцы шмат дэталяў, наваротаў, падрабязнасцей, «шарахаватасці» жывой размовы, адсылак да беларускай культпрасторы, пасхалак ды рознага іншага, але галоўны інгрэдыент — вядома, шчырасць, якая і падкупае. І яшчэ адзін момант — за «расповедам» у песнях Сяргея Башлыкевіча займальна сачыць — як той казаў, «што там далей здарыцца». Але, вядома, тут можна вар’іраваць з колькасцю тэкста ў залежнасці ад творчых мэтаў. У новай кампазіцыі тэкст — гэта ўжо нават асобны герой, які вядзе ў нечаканым напрамку і дае рады да самага канца.
Адзначым, што і музычны складнік у выканаўцы не на другім месцы — доказам таму акурат і стаў альбом «Там». Эксперымент працягваецца і ў новай кампазіцыі, у якой злучаюцца: рытмічная перкусія, «ласкавая» частка, дзе гучаць выключна сінтэзатар і вакал, і выхад на прыпеў — той самый драйвовы гітарны пройгрыш. Гэта ўжо тая вольная сумесь поп-року, «софт»-рэпу і індзі, якая інтрыгуе і чапляе. Адным словам, мы маем справу з дакладна еўрапейскай музыкай і пры гэтым на беларускай мове.
«Ну й дык як песня? Паспелі нешта з яе запомніць? Пра што пішам далей? Больш тэксту? Менш тэксту? Што па гітары? І галоўнае — што ж гэта за жанр?» — прэзентуючы твор, звяртаецца да слухачоў Сяргей Башлыкевіч.
Як кажуць, прапануем самім скласці «169»і «145», і не выключаем, што ў вас атрымаецца свая гісторыя — з восеньскім вайбам, трамваямі-слімакамі, Мінскам, Насцяй з Ліды і гітарным прыпевам.
Слухаць новую кампазіцыю можна тут і тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram