Ініцыятыва «Робім Разам», якая пачыналася са скандалу летась, прызналася, што больш не можа ўтрымліваць вялікае памяшканне ў цэнтры Варшавы на Пляцы Канстытуцыі. Кіраўніцтва НДА апублікавала аб’яву пра збор сродкаў на аплату арэнды і камунальных паслуг. Усяго Сяргей Бульба і яго паплечнікі хочуць сабраць 27 672,86 злотых (6 356 еўра). За некалькі тыдняў удалося сабраць каля 1,5% ад неабходнай сумы. Ахвяраванні зрабілі тры чалавекі. Што ж пайшло не так у актывістаў, якія абяцалі ўдыхнуць новае жыццё ў культавую прастору, ачысціць грамадзянскую супольнасць ад карупцыі і навучыць усіх рабіць усё правільна. Рэдакцыя Reform.news паспрабавала разабрацца ў сітуацыі.
Як паўстала ініцыятыва «Робім Разам»
Нагадаем, як разгортваліся падзеі і пра што ўвогуле ідзе гаворка.
Раней гэтае месца называлася «Беларускі Моладзевы Хаб». Хаб адкрыўся 28 лістапада 2021 года і стаў цэнтрам прыцягнення дзясяткаў беларускіх ініцыятыў, а дзякуючы свайму размяшчэнню стаў адным з самых наведвальных беларускіх месцаў у Варшаве. Маторам гэтай прасторы была група актывістаў на чале з Аляксандрам Лапко і Станіславай Гліннік.
Праблемы ў Хабе пачаліся публічна раніцай 2 жніўня 2023 года, калі група мужчын на чале з актывістам Сяргеем Бульбам узламала ўваходныя дзверы і фактычна захапіла памяшканне. Аказалася, што з 26 ліпеня 2023 года старшынёй праўлення асацыяцыі «BIAŁORUSKI MŁODZIEŻOWY HUB» (KRS 0000759981), якая арандуе памяшканне ў горада Варшава, з’яўляецца Сяргей Бульба. Раней гэтую пасаду займаў Аляксандр Лапко.
Мы ўжо пісалі пра тое, хто быў фактычным уладальнікам НДА (Андрэй Ракевіч) і якім чынам Бульбу ўдалося ўзяць пад кантроль Хаб.
Лапко і Гліннік былі вымушаны адкрыць новую пляцоўку пад той жа назвай «Беларускі Моладзевы Хаб» у іншым месцы па адрасе вуліца Dożynkowa 6A і пачынаць усё з нуля. Як указана на сайце, цяпер Хаб з’яўляецца супольным праектам фундацыі «Linking Media» і фонду «Belarusian Youth Hub».
Бульба ж пераназваў пляцоўку на Пляцы Канстытуцыі ў «Робім Разам».
Тупіковы шлях
Навіна аб зборы сродкаў на Zrzutka.pl збянтэжыла былога кіраўніка Алеся Лапко, асабліва таму, што бенефіцыярам пазначаны «Stowarzyszenie Białoruski Młodzieżowy Hub». На яго думку, такі подпіс можа ўвесці людзей у зман.
— Нібыта за гэты год яны (рэд. — новае кіраўніцтва) хацелі палепшыць тое, што мы рабілі раней, але давялі праект да запазычанасцяў. Пры тым, што мы пакінулі на рахунках дастаткова грошай, якія, мабыць, былі выкарыстаныя. Не зразумела, на што яны пайшлі.
Раней прастора «Беларускага Моладзевага Хаба» на плошчы Канстытуцыі ў Варшаве служыла месцам для шматлікіх мерапрыемстваў: тут праводзіліся кірмашы НДА, «Варушняк», Дзень Беларускай Культуры, адукацыйныя ініцыятывы, курсы і іншае. Пасля змены кіраўніцтва частка беларускай дыяспары перастала наведваць пляцоўку. Алесь тлумачыць гэта так:
— Таму што арганізацыя — гэта людзі, а не юрасоба. Год таму ўсё цалкам змянілася: сышлі старыя людзі, прыйшлі новыя. Засталася толькі юрасоба. За гэты год яны паказалі свой узровень мэнэджарскіх здольнасцей. Вынікі іх працы з ліпеня 2023 года відавочныя.
Акрамя праблем з фінансаваннем, кіраўніцтва «Робім Разам» сутыкнулася з новымі выклікамі. Нядаўна іх наведалі польскія спецслужбы для праверкі. Алесь звязвае зацікаўленасць Агентства бяспекі з парамілітарнай дзейнасцю Сяргея Бульбы.
— Гэта публічна вядомая інфармаця, што Сяргей Бульба стаў кіраўніком «Паспалітага рушання». Ён адкрыта заяўляе пра розныя мерапрыемствы, вучэнні, зборы. Таму польскім спецслужбам цікава, ці адбываюцца такія мерапрыемствы ў адукацыйна-культурніцкіх прасторах у цэнтры Варшавы. Для мяне гэта не было здзіўленнем. Пытанне толькі, чаму так позна.
На думку Алеся Лапко, фінансавая мадэль прасторы «Робім Разам» нестабільная, бо ў яе адсутнічае бізнес-план і пастаянныя крыніцы фінансавання. «Робім Разам» пазыцыянуе сябе як арганізацыю, якая ажыцяўляе дзейнасць за кошт данатаў.
— Па-першае, гэта няпраўда. Яны таксама шукаюць грошы з розных крыніц фінансавання для беларускіх актыўнасцей і не жывуць толькі за кошт дабрачыннасці. Па-другое, гэта тупіковы шлях. Трэба дыверсіфікаваць рызыкі, працаваць з супольнасцю. За мінулы год у прасторы «Робім Разам» было вельмі мала паспяховых імпрэзаў. Туды амаль ніхто не хадзіў. Гэта паказчык беларускай супольнасці ў Польшчы. Я не бачу перспектывы сабраць грошы.
Алесь не разумее навошта падтрымліваць праблемную пляцоўку. Ён увесь год спрабаваў сустрэцца з Сяргеем Бульбай і каб данесці адну думку:
— Я б параіў Сяргею кінуць дурное і займацца той справай, у якой ён лічыць сябе экспертам — вайсковай падрыхтоўкай. А адміністраванне ў сектары НДА трэба аддаць тым, хто можа гэта рабіць эфектыўна.
Акрамя гэтага, у размове з Reform.news Алесь узгадаў фінансавыя рахункі «Беларускага Моладзевага Хаба» да таго, як ён перастаў быць кіраўніком арганізацыі.
— На рахунках БМХ (рэд. – «Беларускага Моладзевага Хаба») заставалася больш за 120 тысяч злотых у розных валютах. Грошы былі прызначаныя не для аплаты арэнды, а для заробкаў па іншых праектах. 11 тысяч еўра павінны былі быць прызначаныя для актораў праекта «Людзі і кнігі».
Па словах Алеся, акторы свае грошы не атрымалі.
— Узнікае пытанне: куды зніклі гэтыя грошы? Ці яны засталіся на рахунках і чакаюць свайго часу, каб быць выплачанымі акторам? Ці іх выдаткавалі на арэнду? Мы звярталіся да Сяргея Бульбы, ён адказаў, што нічога не ведае і ў яго няма гэтых грошай. Нібыта мінулае кіраўніцтва вывела ўсе грошы. Гэта няпраўда.
Аляксей Лукашэвіч, былы мэнаджэр, які вёў некалькі праектаў «Беларускага Моладзевага Хаба» падцярждае словы Алеся.
— Я вёў праекты па падтрымке БМХ ад праграмы Матра, праект ад Рады культуры на падтрымку Тыдня культуры і праект ад German Marshall Fund на фестываль Варушняк 2023. Па ўсіх трох да канца не быў зроблены разлік, не выплачаны ганарары, у тым ліку мой заробак.
Аляксей вырашыў падаць скаргу ў інспекцыю працы за невыплату заробкаў, памылкі ў разліках і дэкларацыю ПІТ, якую даслалі пазней вызначанага заканадаўствам тэрміна.
— У мяне было некалькі спробаў кантактавання з Бульбам, у тым ліку праз донараў і пасярэднікаў, была дамова ў закрыцці праектаў з боку Бульбы. Але нічога не было зроблена. У кастрычніку 2024 года Бульба ўвогуле сказаў, што не ведае хто такі Аляксей Лукашэвіч.
Reform.news вырашыў адправіцца на месца падзей і пагаварыць з іншым бокам канфлікту.
Сяргей Бульба: «Мы прайгралі гэтую «інфармацыйную вайну»
На ўваходзе ў прастору «Робім Разам» наведвальнікаў сустракае выстава пад назвай «Салідарнасць 2.0». Увайшоўшы ва ўнутр, мы апынуліся ў лабірынце, напоўненым плакатамі з антырэжымнымі, антырасейскімі і праўкраінскімі карыкатурамі. Некаторыя з якіх даволі жорсткія, калі не сказаць крыважэрныя. Размову з Сяргеем мы пачынаем з пытання аб тым, як паўстала ініцыятыва «Робім Разам».
— Я і сфера НДА — не зусім блізка. Я выйшаў з “Белага легіёна” з разуменнем таго, што НДА — гэта не заўсёды добра. У часы “Белага легіёна” мы вялі працу. Звычайна прыглядаліся да перспектыўных маладых людзей, якія здольныя стаць лідарамі. Некалькіх такіх чалавек я згубіў, таму што яны проста падсядалі на гранты.
Сяргей Бульба мяркуе, што ў псіхалогіі адбываецца такі зрух — чалавек перастае мысліць катэгорыяй справы і пачынае мысліць катэгорыяй справаздачы. З іншага боку, НДА можа быць інструментам для дапамогі сумленным людзям, як, напрыклад, праект “Будзьма!”, дадае Сяргей.
— Юрыдычная асоба, якая тут першапачаткова была, называлася “Еўропа-Азія” (еще до прихода беларусских активистов Лапко и Глинник — прим. reform.news). І ў 2020 годзе паглядзелі, што беларуская тэма стала моднай, і пачалі займацца бізнесам на гэтай тэме. Закончылася гэта тым, што яны перасварыліся паміж сабой. Мне патэлефанаваў знаёмы юрыст і прапанаваў перадаць дзейную структуру.
Юрыста завуць Максім Ларчанка. Ён з’яўляецца сузаснавальнікам арганізацыі «LEGAL SOLIDARITY «LAWYERS OF FREEDOM», якая была зарэгістраваная ў верасні 2023 года. У 2021 годзе Максім Ларчанка разам з Сяргеем Бульбай падпісаў адкрыты ліст да Святланы Ціханоўскай з просьбай наладзіць супрацоўніцтва з беларускай дыяспарай ва Украіне.
— Я папрасіў яшчэ раз праверыць, ці ўсё легальна з юрыдычнага пункту гледжання. Мне адказалі, што так. Я пагадзіўся і прыняў гэтае рашэнне, пасля чаго атрымаў моцную хвалю хэйту. За што — так і не зразумеў. Склалася ўражанне, што ў гэтым вінавацілі мяне, але ўсё адбылося да майго прыходу.
Reform.news адзначае, што да Алеся Лапко не было ніякіх прэтэнзіяў. За 2 тыдні да «звальнення», Андрэй Ракевіч у прысутнасці партнёра вымагаў у Аляся Лапко 500 000 злотых адступных за Хаб. Запіс размовы быў агучаны падчас стрыма на «Еўрарадыё».
— Дзіўна заходзіць на сайт былога кіраўніка, які быў зняты за злоўжыванні (это версия Бульбы — прим. reform.news), і бачыць, што там напісана, быццам Бульба заплаціў былому кіраўніку 15 тысяч долараў, каб завалодаць Хабам.
Сяргей Бульба негатыўна выказваецца аб бізнес-падыходзе мінулага кіраўніцта.
— Сам тэрмін “рэйдарскі захоп” — гэта тэрмін з бізнесу і сведчыць аб іх бізнес-псіхалогіі. Для мяне гэта стала яшчэ адным пацвярджэннем, што НДА — добры інструмент, калі яго выкарыстоўваюць правільна. Апынуўшыся ў гэтай сферы, кажу шчыра, не хачу станавіцца такім самым.
Кіраўнік «Робім Разам» ўзгадвае, як у 1996 годзе «Белы Легіён» пачаў гатовіць «аднаўленне канстытуцыйнага ладу ўзброеным шляхам».
— У нас былі свае начальнікі ў МУС, КДБ. Гэта заняло некалькі гадоў і каштавала некалькі мільёнаў долараў. І вось, калі бачу, колькі грошай прафуківаюць нашы НДА, я проста дзіўлюся. У мяне такое адчуванне, што частка людзей адмыслова ўкаранёна ў НДА, каб выцягваць фінансавыя патокі. Якая карысць ад ЛГБТ-вячорак ці “Гульняў у КВН”? Як гэта спрыяе таму, каб у Беларусі адбыліся свабода і дэмакратыя?
Выказваючы сваю крытыку ў адрас сферы НДА, Сяргей не адмаўляе, што «Робім Разам» звярталася па грантавую дапамогу, аднак арганізацыя атрымала адмовы. Фонды аргументуць адмовы няпразрыстасцю і недэмакратычнай зменай кіраўніцтва.
— Я пытаю: «Дзе мы паступілі недэмакратычна? Чаму для польскага заканадаўства ўсё дэмакратычна? Інакш бы нас даўно вывелі пад рукі і пасадзілі»… Я не быў гатовы да інфармацыйнай вайны. Я ішоў як антыкрызісны мэнэджар. Я не чакаў, што на мяне выльецца хваля хэйту. Мы прайгралі гэтую “інфармацыйную вайну”.
Сяргей свярджае, што Лапко быў зняты рашэннем сваёй надзорнай рады, і што ён не прадаставіў дакументацыю на суму больш за 1 млн злотых польскім аўдытарам. Пацверджанне гэтых фактаў кіраўнік «Робім Разам» не прадаставіў.
— Апошнія паўтара года прастора існавала за кошт людзей. Звычайныя людзі дапамагалі, нехта з бізнесу. Перад гэтым я вёў праграму на Белсаце, якую спынілі пасля канфлікту, і даваў свае грошы. Усё астатняе было чыста на валанцёрстве.
Сяргей Бульба адмаўляе існаванне 120 тысяч злотых на рахунках «Беларускага Моладзевага Хаба». Паводле ягоных слоў, гэта лёгка пацвярджаецца банкаўскімі выпіскамі.
— Алесь Лапко лепш бы памаўчаў, таму што ў любой краіне свету неперадача дакументацыі — гэта крымінальнае злачынства. Другое: ён павыводзіў усе грошы з рахункаў ужо пасля таго, як быў зняты з пасады (подтверждений нам получить не удалось — прим. reform.news).
Ужо пасля размовы Сяргей паправіўся і ўдакладніў, што Алесь Лапко вывеў не ўсі грошы, а толькі 37 тысяч злотых на імя сваёй жонкі.
— Гэта таксама крымінал. Ён спадзяецца, што ў нас няма грошай на адвакатаў. Мы пісалі ў горад і ў паліцыю. Быў праведзены аўдыт. У заключэннях аўдытары пытаюцца, навошта былі куплены айфоны і айпады, якія былі выдзеленыя на дапамогу. Вы думаеце, нешта засталося? Алесь бы лепш памаўчаў і не нарываўся.
Reform.news вырашыў удакладніць у Алеся Лапко, ці ажыццяўляліся пераводы. Алесь пацвердзіў, што быў зроблены перавод у 37 тысяч злотых. Адна частка пайшла на аплату запазычанасці па зарплаце, другая — на аплату паслуг таргетынга праекту ў Meta.
— Такая асаблівасць праектнай дзейнасці, якая, на жаль, можа прадугледжваць аплату за працу з пэўнай затрымкай. Часам прыходзіцца дакладаваць нешта са сваёй кішэні, пакуль праект не прыме донар. Пасля выліку падаткаў зарплата кожнага супрацоўніка складае нават меньш, чым польская мінімальная.
Існаванне на рахунках Моладзевага Хаба 120 тыс. злотых пасля сыходу Алеся Лапко кіраўнік «Робім Разам» Сяргей Бульба катэгарычна адмаўляе.
— Гэта зусім не праўда. Ён (рэд. Алесь Лапко) зразумеў, што за хлусню па вушах ніхто не б’е. Калі не баіцца сцвярджаць на сваім сайце, што Бульба заплаціў былому кіраўніцтву Хаба 150 тыс., ён проста хлусіць і звыкся з гэтым. Бегае па фондах і пракуратурах, расказвае, што Ракевіч падрабіў подпіс.
Сяргей Бульба адмаўляе факт супрацы з Андрэям Ракевічам.
— Наша патрабаваньне было адназначным — калі мы заходзім, то Ракевіч з кампаніяй цалкам выходзяць са складу БМХ. Што і было выканана.
Паводле звестак з рэестра, пасля кастрычніка 2023 года Андрэй Ракевіч больш не ўваходзіць у склад назіральнай рады.
Сяргей падцвярджае факт прыходу польскай паліцыі на прастору «Робім разам».
— Мы лічым, што гэта помста. Спачатку Лапко з Лявончыкам распаўсюджвалі інфармацыю, што ў нас тут цір, што ў нас тут баявыя мастацтвы. Былі скаргі ў эпідэміялагічную службу, што быццам бы ў нас булачкі нясвежыя. Апошні раз скарга была больш сур’ёзная: падцягнулі дэпутата, які адправіў запыт. Напісалі, што ў нас тут рыхтуюць дзяцей з баявой зброяй. Прыходзіла паліцыя, мы ім усё паказалі і патлумачылі. Мы паспрабуем падаць заяву за паклёп.
З 17 чэрвеня 2024 года Сяргей Бульба ўзначалівае «Паспалітае Рушэнне». Гэта спартовая, ваенна-патрыятычная арганізацыя беларусаў замежжа. Сяргей лічыць, што дэмакратычным сілам трэба канцэнтраваць больш увагі на Беларусь, каб там адбываліся працэсы.
— Я разумею, што Паспалітае Рушэнне дапамагае захаваць беларускае. Я не раздзяляю Паспалітае Рушэнне, Скаўцкі клуб і Хаб. Для мяне гэта ўсё блокі аднаго і таго ж. Нам важна захаваць ідэнтычнасць, каб потым, калі з’явіцца шанец, вяртацца ў Беларусь.
Сяргей упэўнены, што «Робім Разам» здолее сабраць патрэбную суму.
— Я думаю, што мы збярэм усю суму. Мы стараемся адыходзіць ад традыцыйнага “паляжы, патанцуй за Беларусь”. У нас танцы таксама ёсць, але гэта не галоўны накірунак. Пасля хвалі хэйту мы зразумелі, што трэба выходзіць за рамкі “Пула Ціханоўскай”. Я кажу, што нам трэба гадаваць новую структуру за кошт беларусаў.
Ці было яно варта?
Як бачым, у гэтай гісторыі застаюцца белыя плямы. Сродкі на рахунках «Беларускага Моладзевага Хаба» перад адыходам Алеся Лапко, мяркуючы па сведчаннях былога супрацоўніка і па тым, што Алесь дагэтуль на свабодзе, сапраўды былі. Інакш яму пагражала б крымінальная справа і сур’ёзныя наступствы.
Валанцёрства — гэта, безумоўна, добра, але за арэнду, камунальныя і сувязь таксама трэба плаціць. Верагодна, адмова «Робім Разам» ад грантавай дапамогі звязана не столькі з прынцыповай пазіцыяй, колькі з нежаданнем донараў браць на сябе рэпутацыйныя рызыкі.
У сухім астатку прыход Сяргея Бульбы ў Хаб на Пляцы Канстытуцыі, 6 прывёў да таго, што многія беларусы перасталі туды хадзіць, некалькі ініцыятыў так і не атрымалі свае грошы, улады горада Варшава, якія прадаставілі памяшканне па льготнай цане, у здзіўленні, а міжнародныя донары адмаўляюцца ад супрацоўніцтва не толькі з Бульбам, але і з іншымі беларускімі арганізацыямі. Па сутнасці, інстытут рэпутацыі ўсё ж такі спрацаваў і праз год прывёў ініцыятыву «Робім Разам» да лагічнага выніка.