Пачынаючы з 2020-га, беларускае грамадства – і тыя, хто працягвае жыць у Беларусі, і тыя, хто эмігравалі, апынуліся ўнутры цэлай сеткі ўзаемазвязаных крызісаў. Як выбудоўваецца прыналежнасць беларуса:к да сучасных палітычных працэсаў і ці можна казаць пра адзіную «беларускую палітычную ідэнтычнасьць» у гэтых умовах?
Полікрызісы і палітычная фрагментарнасць
Зацяжны палітычны крызіс, які пачаўся ў Беларусі пасля 2020-га, толькі пагоршыўся эканамічнай і сацыяльнай стагнацыяй, выкліканай саўдзелам Беларусі ў поўнамаштабнай вайне Расіі ва Украіне. Сёння ў размове аб палітычным полі краіны і аб тых сувязях, якія беларус:кі выбудоўваюць з ім, неабходна прымаць да ўвагі, як па-рознаму гэтае поле бачыцца тымі, хто застаецца ўнутры краіны, і тымі, хто ўжо з’ехаў адтуль.
Няспынныя сістэматычныя рэпрэсіі ўнутры Беларусі даўно закранаюць не толькі самі працэсы палітычнага ўдзелу: сяброўства ў партыях, балатаванне на выбарах рознага ўзроўню, удзелу ў палітычных акцыях, — але і нават самыя базавыя формы грамадзянскай і грамадскай актыўнасці, ад наведвання непажаданых для дзяржавы культурных падзей да паходаў на дваровыя суботнікі. На пачатак лістападу 2024-га 1298 чалавек прызнаныя палітычнымі зняволенымі, аднак значная частка гэтых зняволеных не былі звязаныя ні з партыямі, ні са стыхійнымі дэмакратычнымі рухамі, і пераследуюцца дзяржавай у сувязі з пашырэннем трактоўкі, што ж такое «палітыка» ўнутры Беларусі1.
Размываючы мяжу «бяспечных» і «небяспечных» дзеянняў да той ступені, дзе «бяспечных» палітычных праяваў не застаецца, беларуская дзяржава стыгматызуе палітыку і ператварае яе ў табуіраваную тэму. У дадатак да гэтага, інфармацыйная ізаляцыя, звязаная з блакаваннем незалежных медыя і рэгулярным пашырэннем спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў»2, на падставе якога вядзецца пераслед, у выніку фармуе такі грамадскі клімат, дзе людзі дыстанцуюцца ад палітыкі ў любых яе формах у межах самаабароны. Палітычнае поле тады поўнасцю пераходзіць пад кантроль дзяржаўных і прадзяржаўных актараў, бо ператвараецца ў крыніцу рызык і губляе значнасць для людзей. Нягледзячы на складанасці працы ў такім кантэксце, некаторыя з грамадскіх арганізацый намагаюцца рэінтэграваць людзей у Беларусі ў палітычныя працэсы. З’яўляюцца матэрыялы, якія тлумачаць значнасць палітыкі для моладзі3, адукацыйныя курсы аб палітыцы для беларуса:к і курсы для рэфарматара:к, зацікаўленых у зменах палітычных структур Беларусі4.
Паралельна з гэтым, беларус:кі, якія пакінулі краіну, паступова інтэгруюцца ў новыя супольнасці і грамадства. Нягледзячы на тое, што беларускія палітычныя мігрант:кі і эканамічныя рэлакант:кі часта бачацца гамагеннай групай і апісваюцца ў цэлым як «дыяспара» з прыблізна падобнымі інтарэсамі і патрэбамі, прычыны эміграцыі з Беларусі могуць адчувальна ўплываць на стратэгіі бачнасці/нябачнасці, якія людзі выбіраюць у новых краінах, і на іх ідэнтыфікацыю з самім паняццем беларускай дыяспары. Міграцыйны статус, доступ да медыцынскіх сэрвісаў, адукацыйных установаў і рынку працы, псіхічны, фізічны і фінансавы дабрабыт, дапоўненыя папярэднім досведам удзелу ў палітыцы, адбіваюцца на тым, далучаюцца беларус:кі да палітычных працэсаў ці не. Частка тых, хто выехалі, актыўна праяўляюць сябе ў новых кантэкстах. У адным толькі 2024 беларус:кі прынялі ўдзел у шэсцях супраць гвалту ў адносінах да жанчын у Польшчы5, у дэманстрацыях супраць прыняцця законаў аб замежных агентах у Грузіі6, у маршах-гадавінах супраць расейскага ўварвання ва Украіну7, у Балтыйскім Прайдзе8 ды іншых нацыянальных і рэгіянальных падзеях.
Пры гэтым усім, блок «дэмакратычных сіл», прадстаўлены рознымі фармаваннямі: Аб’яднаным пераходным кабінетам Святланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай Радай, Народным Антыкрызісным Упраўленнем — хутчэй губляе, чым набірае папулярнасць і ў тых, хто застаецца ў Беларусі, і ў тых, хто пакінуў яе. Вельмі нізкая яўка на выбары ў Каардынацыйную Раду, якія былі праведзены ў траўні 2024-га (усяго 6723 удзельні:ц пры мінімальнай ацэнцы ў 143 тысячы беларус:ак, з’ехалых у перыяд з 2021 па 2022, то-бок менш 5% ад выбаршчы:ц ва ўмоўнай бяспецы9 10) паказвае неактуальнасць такіх форм палітычнага ўдзелу. Безумоўна, нізкая яўка можа быць патлумачаная разнастайнымі фактарамі: і нежаданнем беларуса:к, якія апынуліся за мяжой, падаваць даныя сваіх пашпартоў для галасавання, і нізкай дасведчанасцю патэнцыйных выбаршчы:ц аб правядзенні выбараў, і магчымай нерэлевантнасцю палітычных праграм, прадстаўленых на выбарах. Аднак, незалежна ад прычын нізкай яўкі, намаганні Каардынацыйнай Рады па рэпрэзентацыі беларус:ак у такім выпадку маюць вельмі абмежаваны эфект.
Палітычная ідэнтычнасць ці яе адсутнасць?
Ці ўвогуле дарэчна размаўляць пра «палітычную ідэнтычнасць» падчас такой фрагментарнасці палітычнага поля? Палітычная ідэнтычнасць як катэгорыя самакласіфікацыі людзей на падставе прыналежнасці да канкрэтных палітычных партый ці рухаў, каштоўнасцяў ці ідэалогій дапамагае больш уважліва прааналізаваць стратэгіі публічных ці прыватных дзеянняў, якія выбіраюць людзі для дасягнення пераменаў, звязаных з іх каштоўнасцямі. У цяперашніх рэаліях Беларусі і беларускіх супольнасцяў за мяжой няма нейкай агульнай палітычнай ідэнтычнасці ці нават шэрагу выразна сфармаваных ідэнтычнасцяў. Хутчэй можна казаць аб розных спробах акрэсліць базавыя карпусы ідэй, вакол якіх магчыма хаця б сітуатыўнае аб’яднанне. І ўмоўна левыя, і ўмоўна правыя групы часта нават не апісваюць сябе праз катэгорыі палітычнага спектру, а выкарыстоўваюць агульныя тэрміны «дэмакратычныя», «антыаўтарытарныя» ці «еўрапейскія», у процівагу «недэмакратычнаму» і «аўтарытарнаму» рэжыму Беларусі, што толькі ўскладняе патэнцыйную палітычную ідэнтыфікацыю беларус:ак. Ва ўмовах, дзе палітычныя дзеянні не артыкулююцца як павесткі канкрэтных актараў са сваімі візіямі, а падаюцца як нейкае адзінае поле дэмакратыі і будучых пазітыўных пераменаў, беларус:кі аказваюцца ў сітуацыі, дзе яны выступаюць «за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага» і тады няма вялікай розніцы, хто і як фармуе парадак дня.
Разам з гэтым, калі больш пільна разгледзець канкрэтныя дзеянні, прапанаваныя палітычнымі актарамі, сярод іх можна знайсці і кансерватыўныя, і левыя праекты па фармаванні палітычных протаідэнтычнасцяў. Так, напрыклад, частка ініцыятыў, прапанаваных у 2024 годзе кабінетам Святланы Ціханоўскай, шмат у чым апіраецца на кансерватыўны дыскурс адраджэння і вяртання да вытокаў «вольнай Беларусі» праз праекты Канферэнцыі па Нацыянальным Адраджэнні11 і распрацаванай ёю стратэгічнай дэкларацыі12, Канферэнцыі беларус:ак свету і яе фоллаў-ап13, Канферэнцыі Новай Беларусі14 і яе Платформе 202515. Кансерватыўныя галасы ў цэлым аказваюцца больш гучнымі ў сувязі з прамым доступам да легітымізаваных структур улады і рэпрэзентацыі.
Паралельна з гэтым, аднак, прапануецца і левая альтэрнатыва, сфакусаваная на пытаннях сацыяльнай роўнасці і гістарычна выключаных групах. Яе можна ўбачыць на прыкладах працы Фемгрупы КР, якая нядаўна заявіла аб выхадзе з КР і перафармаванні ў асобную арганізацыю для больш эфектыўнага дасягнення сваіх мэт16, ФемФорума-2024, анархісцкіх груп, якія працуюць з палітычнымі вязнямі, такіх як Прамень і Беларускі Чорны Крыж.
Але нават гэтая ўмоўная палітычная разнастайнасць на практыцы не трансфармуецца ў разнапланавыя праекты доўгатэрміновых змен, бо групы сутыкаюцца з абмежаванымі фінансавымі, чалавечымі і часавымі рэсурсамі. Рэдкія праекты, якія сапраўды мабілізуюць дастаткова шмат беларуса:к, арыентаваны на вырашэнне канкрэтных праблем, з якімі беларус:кі сутыкаюцца ў паўсядзённасці, а не на пабудову макраперспектыў. І нават у сітуацыях з высокім грамадскім водгукам такія праекты правісаюць у сваім выкананні. На прыкладзе пашпарта новай Беларусі, які, паводле ацэнак Аб’яднанага Кабінета, да красавіка 2024 года павінен быў вырашыць пытанне дакументацыі беларус:ак за мяжой, можна ўбачыць, што і ў верасні 2024 года пашпарт застаецца не рэалізаваным17.
Магчымасці для аб’яднання
Калі сфармаваных палітычных ідэнтычнасьцяў няма і палітычных візіяў, якія б падключалі людзей да іх фармавання, таксама няма, на падставе чаго беларус:кі могуць аб’ядноўвацца і дзейнічаць? У сувязі з тым, што ўсё большая колькасць людзей у Беларусі і за яе межамі сутыкаюцца з рэпрэсіямі ці асабіста, ці ўскосна праз затрыманні блізкіх, тэма падтрымкі палітычных зняволеных набывае сур’ёзную грамадскую значнасць. Пры гэтым, праца з палітычнымі зняволенымі патрабуе разнапланавага рэагавання: і стварэння канкрэтных механізмаў дапамогі «тут і зараз», і распрацоўкі праграм рэабілітацыі і інтэграцыі пасля зняволення, і доўгатэрміновага бачання, як вызваліць людзей з турмы.
Тэрміновасць гэтага пытання і яго важнасць падштурхоўваюць не толькі ўжо створаныя палітычныя структуры прапаноўваць нейкія канкрэтныя крокі, але і далучаюць людзей, якія, магчыма, інакш заставаліся б не незацікаўленымі ва ўдзеле ў палітычным полі. Менавіта так з’яўляецца кола актараў з рознымі, часам супярэчнымі пазіцыямі і стратэгіямі, якія можна было пабачыць на Канферэнцыі па палітвязнях, праведзенай у траўні 2024 офісам Святланы Ціханоўскай пры ўдзеле беларускага праваабарончага руху, актывісцкай і экспертных супольнасцей18. Супярэчнасць гэтых стратэгій і часам узаемавыключальныя прапановы сумесных дзеянняў могуць здавацца контрпрадуктыўнымі ў кароткатэрміновай перспектыве, але доўгатэрмінова яны хутчэй пазітыўна ўплываюць на грамадскі дыялог. Так, назіраючы за артыкуляцыяй розных пазіцый з вельмі канкрэтнымі адказамі на ключавыя пытанні па тэме: весці перамовы з беларускай дзяржавай ці не, як аказваць падтрымку ў турмах, як намагацца вызваліць людзей, як дапамагаць людзям пасля выхаду з турмы – беларус:кі могуць выбіраць, да каго далучыцца на базе зразумелых заклікаў да дзеянняў, якія адпавядаюць іх асабістым каштоўнасцям.
Сярод разнастайных стратэгій, прапанаваных актарамі, якія працуюць з палітычнымі зняволенымі, можна вылучыць дзве пазіцыі, якія будуюць спектр палітычных дзеянняў. На адным баку спектру тэма рэпрэсій выкарыстоўваецца для фармавання вобразу беларускай дзяржавы як Іншага, з якім перамовы ці пабудова якіх-небудзь дамоўленасцяў немагчымыя, і настойвання на згуртаванні «супраць», то-бок акумуляцыі палітычнага ўплыву, які б дазваляў кантактаваць з беларускай дзяржавай з пазіцыі сілы або сабатаваць яе. Такая пазіцыя, артыкуляваная фондам BYSOL, анархісцкімі калектывамі і асобнымі палітычнымі фігурамі, факусуецца на стварэнні пула калектыўных рэсурсаў, які можа супрацьстаяць беларускай дзяржаве на розных узроўнях.
На другім баку спектру аказваюцца актары, якія ў цэнтр увагі змяшчаюць не стасункі з беларускай дзяржавай, а людзей, якія знаходзяцца ў зняволенні, іх фізічны і ментальны дабрабыт. Так, ініцыятыўная група «Палітвязынка», Вольга Гарбунова, былая дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях сацыяльнай палітыкі, Таццяна Хоміч, сястра палітычнай зняволенай Марыі Калеснікавай, кажуць аб неабходнасці спрабаваць любыя дзеянні, якія б прыводзілі да вызвалення зняволеных і іх вяртання да сем’яў. Стварэнне сетак клопату і падтрымкі, якія б маглі гнутка рэагаваць на патрэбы людзей у зняволенні і іх сем’яў, становяцца галоўнай задачай такіх груп.
Калектыўны досвед рэпрэсій, атрыманы беларусамі з 2020-га, і эмпатыя ў дачыненні да палітычных зняволеных могуць стаць ключавымі фактарамі, якія вяртаюць беларус:ак у палітыку і спрыяюць іх пошуку палітычных актараў, якія б рэпрэзентавалі іх галасы. Поспех марафону падтрымкі палітычных зняволеных «Мне не ўсё роўна», у межах якога было сабрана 574 тысячы еўра на прамую падтрымку пацярпелых ад дзяржаўнага гвалту за адзін дзень, паказвае, што беларус:кі ўнутры краіны і за яе межамі гатовы аб’ядноўвацца, засталося толькі прапанаваць тое, дзеля чаго гэта аб’яднанне неабходна19.
1. Праваабарончы цэнтр Вясна, https://prisoners.spring96.org
2. На верасень 2024 года, рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, падтрыхтаваны Міністэрствам Інфармацыі, налічвае больш за 1300 старонак, з якіх толькі 20 адносяцца да перыяду да 2020 года.
3. Рада, Чаму ўдзел моладзі – гэта інклюзіўна https://www.instagram.com/p/C8Hnpx-K3i_/
4. Цэнтр Новых Ідэй, Школа Маладых Рэфарматара:к https://www.instagram.com/p/DAGf-MGNXgo/
5. Reform.news, «Ее звали Лиза». Марш против насилия в память о беларуске прошел в Варшаве
6. Zerkalo.io, «В Минске было намного страшнее». Беларусы рассказали, как проходят протесты в Тбилиси https://news.zerkalo.io/life/68207.html
7. RFI, «Ненависть, разжигаемая Россией, угрожает каждому из нас». В Вильнюсе прошел марш во вторую годовщину начала войны в Украине https://rfi.my/ANIB
8. Malanka Media, В Вильнюсе прошел масштабный марш в поддержку ЛГБТК+ https://malanka.media/news/45762
9. DW, Сколько белорусов уехали в ЕС за два года https://www.dw.com/ru/skolko-belorusov-uehali-v-es-za-dva-goda/a-65710213
10. Каардынацыйная Рада, Галасаванне скончана. Публікуем вынікі https://t.me/rada_vision/3880
11. Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні, Стратэгічная Анты-Канферэнцыя «Belarus ID Revival Days» https://www.instagram.com/p/C_s4A-noEU8/
12. Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі і Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні, Дэкларацыя Стратэгічнай Анты-Канферэнцыі https://www.instagram.com/p/C_-bTVdojXY/?img_index=4
13. Канферэнцыя беларусаў (ак) свету III, https://tsikhanouskaya.org/followup_kbsIII.pdf
14. Канферэнцыя Новая Беларусь, https://tsikhanouskaya.org/be/event/knb2024
15. ПЛАТФОРМА 2025, https://tsikhanouskaya.org/platforma_2025_by.pdf
16. Позірк, Фемгруппа КС заявила о преобразовании в «отдельную организацию», https://pozirk.online/ru/news/77821/
17. Позірк, Проект «паспорта новой Беларуси» «пока подвисает» — Латушко
https://pozirk.online/ru/news/89396/
18. Праваабарончы цэнтр Вясна, #WithoutJustCause: конгресс по политзаключенным в Беларуси состоится 23-25 мая в Праге https://spring96.org/ru/news/115203
19. DW, Как прошел марафон солидарности с политзаключенными в РБ https://www.dw.com/ru/nam-ne-vse-ravno-kak-prosel-marafon-v-podderzku-politzaklucennyh-v-belarusi/a-66399257
Праект «Пасля 2020: ад палітычнага поля да палітычнай супольнасці» з’яўляецца працягам праекта «Пятая рэспубліка» і накіраваны на садзейнічанне інфармаванаму і структураванаму дыялогу аб бягучых палітычных выкліках і аб будучыні Беларусі. Гэтае абмеркаванне асабліва актуальнае для беларускай дыяспары, якая сёння становіцца галоўнай пляцоўкай палітычных дыскусій аб фармаванні новай палітычнай рэальнасці.
***
Мнения и оценки авторов могут не совпадать с мнением редакции Reform.news
Я сам не разумею што я толькі што прачытаў. Людзі, што сядзяць на гендэр-квір-крантах канчаткова згулібі берагі. І артыкулы выглядаюць як справаздачы перад чарговым фондам.