«Ток Док» — так называецца новы цыкл гутарак на канале Belsat Doc, прысвечаных тым, хто стварае беларускую дакументалістыку. Вядоўца нізкі праграм — дырэктар фестываля беларускіх фільмаў «Бульбамуві», рэдактар, кінематаграфіст Януш Гаўрылюк на працягу ліпеня і жніўня будзе распытваць беларускіх незалежных кінематаграфістаў, як гэта рабіць дакументальнае кіно, дзе б вы не былі.
«Ідэя шоу ўзнікла спантанна, калі з’явіліся чуткі, што ў «Белсата» будуць скарачэнні бюджэта. Можна сказаць, што я раблю «Ток Док» амаль сам у рамках рэдактарскіх абавязкаў», — падзяліўся з Reform.news Януш Гаўрылюк.
Плануецца, што ток-шоу будзе выходзіць па пятніцах на працягу лета.
— Перадусім, гэта будуць размовы з нашымі беларускімі дакументалістамі пра іх фільмы, — распавёў сябра Беларускай незалежнай кінаакадэміі. — Нагадаю, што некаторыя з карцін можна паглядзець на нашым YouTube-канале «Белсат Док». У шоу хацелася распытаць пра кухню беларускай дакументалістыкі, паказаць рэальных людзей, якія здымаюць гэта кіно. Як рэжысёры працуюць з героямі, адкуль бяруць ідэі, натхненне, як рабіць документальнае кіно ў эміграцыіі. Па сутнасці, гэта адукацыя і прамоцыя дакументальнага кіно ў фармаце ток-шоу.
Госцем першага выпуску нізкі праграм стаў экс-каардынатар Нацыянальнага конкурсу фестываля «Лістапад», прадзюсар Мікалай Лаўрэнюк. У шоу, у прыватнасці, ён распавёў пра тое, які глядач глядзеў беларускае дакументальнае кіно на «Лістападзе», чаму да 2020 года беларускія кінематаграфісты амаль не здымалі кіно на палітычную тэму, якіх аўтараў трэба ведаць у беларускай дакументалістыцы, чаму беларускае дакументальнае кіно настолькі важнае.
У бліжэйшых планах на шоу чакаюць: Андрэя Куцілу, Максіма Шведа, Аляксандра Міхалковіча, Максіма Буйніцкага, Сяргея Марчыка, Аляксандра Матафонава, Аляксея Палуяна…
Выглядае на тое, што «Ток Док» стане пляцоўкай для папулярызацыі беларускае даккіно, і знаёмства з беларускімі фільммейкерамі, якія зараз раз’ехаліся па свеце.
Што да перспектыў самога канала «Белсат Док», то Януш Гаўрылюк спадзяецца, што падтрымка беларускай дакументалістыкі застанецца.
Нагадаем, што «Белсат Док» існуе 17 гадоў і за гэты час стварыў каля 200 дакументальных фільмаў, сотні тэлерэпартажаў. Да 2020 года пляцоўка выступала альтэрнатывай дакументальнай студыі «Беларусьфільма», даючы магчымасць беларускім кінематаграфістам здымаць стужкі на вострыя і надзённыя тэмы, спрабаваць сябе ў іншых варунках. Пасля пратэстаў і падзей 2020-2023 гадоў канал застаўся, бадай, адзінай пляцоўкай, дзе сёння магчымае ўзнікненне беларускага дакументальнага кіно без цэнзуры. Сёння на канале можна знайсці паўтары сотні дакументальных карцін, а 30 жніўня чакаецца прэм’ера — дакументальны фільм «Гульня без правіл. Частка II».
Нягледзячы на складаныя абставіны, Януш Гаўрылюк лічыць, што ў беларускага дакументальнага кіно ёсць будучыня.
— Думаю, што як толькі пачнецца нейкі рух у Беларусі, то галодныя беларускія дакэмігранты оптава паедуць з новым эміграцыйным досведам у Беларусь і будуць фіксаваць там усё, што адбываецца.
Альбо як толькі будзе адліга, паціху будуць ездзіць і здымаць сваю краіну, — упэўнены кінематаграфіст.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: