Першае ліцэнзаванае беларускае выданне самага знакамітага твору ў жанры фэнтэзі — «Валадар пярсцёнкаў» Джона Толкіна — стала цалкам даступным у сеціве і офлайн. Заўтра, 21 снежня, у Варшаве ў кнігарні «Кнігаўка» адбудзецца прэзентацыя трэцяй кнігі легендарнай трылогіі — «Валадар пярсцёнкаў. Вяртанне Караля» — з удзелам аўтара перакладу на беларускую мову Ігара Кулікова.
«Калі вам было цікава, як хобіты прамаўляюць тосты па-беларуску і як гучыць прамова Арагорна, то чаканне скончылася. Ужо заўтра вы зможаце купіць [ваш асобнік] і адправіцца ў Серадзем’е — гэтым разам па-беларуску», — запрашае на падзею выдавецтва «Янушкевіч», якое ажыццявіла выхад трылогіі Толкіна ў беларускай версіі.
Ігар Кулікоў, які перастварыў на беларускую мову першую і другую частку трылогіі — «Брацтва пярсцёнка» і «Дзве вежы», з’яўляецца знаўцам санскрыту, стараісландскай і стараанглійскай моваў. У даробку перакладчыка — «Чытво» Чарлза Букоўскі, Першае кола Рыгведы, урыўкі з Магабгараты, «Ліст Ніґлатворы» Джона Р. Р. Толкіна, выбранае з Роберта Фроста. За пераклад «Стараангельскай паэзіі» Ігар быў адзначаны Прэміяй імя Карласа Шэрмана (узнагарода ўручаецца за найлепшы паэтычны пераклад). Таксама Ігар Кулікоў з’яўляецца аўтарам шасці зборнікаў паэзіі — «Паварот на мора» (2011), «Свамова» (2013), «Сівер-гара» (2015), «Валадар загадак» (2017), «Храм ракі» (2019), «Вецер нішто і рэха цьмы» (2021). Праца над трылогіяй Дж. Р. Р. Толкіна, можна сказаць, падсумавала і злучыла паэтычны і перакладчыцкі досвед творцы.
Цікавы факт: пераклад трылогіі быў зроблены Ігарам Куліковым яшчэ ў Беларусі.
У лютым 2021 года перакладчык падпісаў угоду з выдавецтвам «Янушкевіч» і пачаў перакладаць.
У пачатку сакавіка 2023-га года ён цалкам скончыў пераклад.
У снежні 2023 выйшла з друку «Брацтва Пярсцёнка».
У жніўня 2024-га з’явіліся «Дзве Вежы».
У снежні 2024 года, пад самыя Каляды, падаспела «Вяртанне Караля».
Творца адзначыў, што сёлета здзейснілася яго мара, якая нарадзілася яшчэ ў 10-ым класе.
«Мара, ажыццяўленне якой у змрочныя 2021-2023-ці дапамагло мне (разам з іншымі саломінкамі) не патануць», — прызнаўся Ігар Кулікоў пра пераклад «Валадара парсцёнкаў» — кнігу, якую пісьменнік Клайв Стэйплз Льюіс назваў «маланкай з чыстага неба».
Час і месца прэзентацыі: 21 снежня, 16.00, варшаўская кнігарня «Кнігаўка» ((ul. Kłopotowskiego 4).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram