У Гродне ў харальнай сінагозе адкрылася мабільная выстава, на якой паказалі копіі работ Льва Бакста, якія зараз знаходзяцца ў калекцыі Рускага музея.
Адсканаваўшы QR-код, можна патрапіць на віртуальны партал Рускага музея.
Арганізатарамі выступілі пецярбуржскі Рускі музей і Рускі дом у Гродне.
Падчас адкрыцця экспазіцыі супрацоўнікі сінагогі выказаліся наконт стварэння ў горадзе асобнага музея ў гонар Бакста, паведамляе мастачка Кацярына Забеліна. Выстава стала першым крокам для стварэння музея Бакста ў Гродне. «Сінагога гатовая прадставіць памяшканне! Справа за малым — увасобіць у жыццё», — напісала мастачка.
Аднак з увасабленнем у жыццё могуць быць праблемы, бо каля дзесяці твораў Бакста захоўваецца ў карпаратыўнай калекцыі «Белгазпрамбанка», аднак у самім Гродна не засталося ні твораў, ні рэчаў, звязаных з яго жыццём.
У снежні 2024 спаўняецца сто гадоў з дня смерці Бакста, сусветна вядомага тэатральнага мастака, жывапісца, графіка, сцэнографа, ілюстратара.
Ён нарадзіўся 27 красавіка (9 мая) 1866 года ў Гродна ў заможнай яўрэйскай сям’і. Аднак неўзабаве пасля яго нараджэння сям’я пераехала ў Санкт-Пецярбург.
Найбольшы міжнародны поспех Льва Бакста звязаны з так званымі «рускімі сезонамі» – гастролямі рускіх артыстаў у Парыжы, арганізаванымі Сяргеем Дзягілевым, і дзейнасцю балетнай антрэпрызы «рускі балет Дзягілева».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram