Міністэрства культуры паведамляе, што рамонт з дапамогай цэменту на цагляных фасадах касцёла ў Гервятах праводзіўся незаконна. Адказ ведамства на зварот супольнасці надрукаваў тэлеграм-канал «Спадчына».
Работы былі прыпынены да распрацоўкі неабходнай для рамонтна-рэстаўрацыйных работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці дакументацыі.
«Міністэрства культуры разгледзела зварот па пытанні выканання работ на гісторыка-культурнай каштоўнасці «Касцёл Святой Троіцы» ў аграгарадку Гервяты Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці і паведамляе, што работы на касцёле прыпынены да распрацоўкі неабходнай дакументацыі, на падставе якой будуць выконвацца рамонтна-рэстаўрацыйныя работы ва ўстаноўленым парадку», — адзначаецца ў лісце.
Нагадаем, што ў ліпені распачаўся рамонт касцёла ў Гервятах, у выніку якога была нанесена шкода аўтэнтычнай мураванцы на вапне. Цагляныя фасады гісторыка-культурнай каштоўнасці рамантаваліся з дапамогай цэменту — рэчыва проста наносілася на пашкоджаныя ўчасткі, што парушае правілы тэхналагічнага працэсу.
Гервяцкі касцёл, пабудаваны ў стылі неаготыкі ў 1899-1903 гадах, уключаны ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь, пашкоджанні яго фасаду недапушчальныя.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram