6 жніўня, у дзень народзінаў загінулага ў беларускай турме Алеся Пушкіна — мастака, перформера, актывіста, куратара, галерыста, — у варшаўскім Музеі Вольнай Беларусі адкрылася выстава «Ales Pushkin. AFTERLIFE».
Большасць яе экспанатаў створана на аснове фотаздымкаў, дакументаў і арыгінальных відэапрац з архіва мастака, яго сяброў і калег. У выставу таксама інтэграваны арыгінальныя працы мастакоў, фатографаў і відэадакументалістаў, якія супрацоўнічалі з Алесем і чыя творчасць канцэптуальна звязана з яго ідэямі.
Напярэдадні адкрыцця сустрэліся з куратарам выставы Андрэем Дурэйкам, каб паразмаўляць пра прафесійны погляд на спадчыну мастака і канцэпцыю экспазіцыі.
— Алесь Пушкін у беларускім мастацтве заўсёды знаходзіўся па-за іерархіямі і па-за межамі афіцыйнай гісторыі. Надышоў час вызначыць яго месца. Калі табе прапанавалі б напісаць артыкул у энцыклапедыю беларускага мастацтва, якія асноўныя моманты ў яго творчасці ты б вызначыў? Чым Алесь Пушкін увойдзе ў гэту гісторыю?
— Алесь Пушкін увойдзе ў гісторыю мастацтва як палітычны акцыяніст. Гэта наймацнейшы бок яго творчасці, што ўжо прызнана ў нашым мастацтвазнаўстве. Калі ў 2014 годзе адбылася выстава «Збор», дзе былі прэзентаваны найважнейшыя працы, створаныя за гады беларускай незалежнасці, экспертная група выбрала «Падарунак прэзідэнту».
Другі значны ўнёсак Пушкіна ў беларускае мастацтва ў тым, што і гэты твор, і шэраг іншых паўплывалі на змену парадыгмы. Калі да той акцыі «Падарунак прэзідэнту» ў сучасным беларускім мастацтве назіраўся ціхі партызанскі рух, то пасля — пачалася эпоха актывізму. Маладое пакаленне перайшло ад перфарматыўных практык да акцыянісцкіх. То-бок мастак зрабіў твор, які стаў пераломным.
Нельга казаць, што беларускае мастацтва не працавала з палітычным кантэкстам і раней, але напрыканцы існавання СССР і нават напрыканцы 1990-х няшмат аўтараў у Беларусі знаходзілася ў палітычным полі.
Сваім маніфестам сацарту Пушкін абвяшчаў сябе мастаком, які працуе з палітычным кантэкстам. Яшчэ ў студэнцкія гады ён вызначыў для сябе тую лінію, якую трымаў праз усё жыццё. Гэта і карціна «З мінулага» пра наш нацыянальны сцяг, намаляваная ўласнай крывёй у 1989 годзе, і першая акцыя на Дзень Волі, калі ён выходзіць у адкрытую сацыяльную прастору.
— Нагадаю, што тады — 25 сакавіка 1989 года — упершыню ў найноўшай гісторыі краіны ў Мінску быў адзначаны Дзень Волі ў грамадскай прасторы. Студэнт Алесь Пушкін зладзіў палітычны перформанс, прысвечаны 71-й гадавіне абвяшчэння БНР. Ён выйшаў на ганак інстытута з плакатамі, а яго сябры трымалі бел-чырвона-белы сцяг, папяровага бусла і 71 паветраны балонік.
— Многія спрачаюцца: ці Пушкін займаўся палітычным актывізмам, ці мастацкім акцыянізмам. Дарэчы, у судзе ставілася такое пытанне: гэта палітычная акцыя або мастацкае выказванне. Тады і вызначылася гэта мяжа: падчас судоў, якія праводзіліся над мастаком, кожны раз эксперты падкрэслівалі, што Пушкін застаецца ў полі мастацтва. А тэмы для мастацтва могуць быць любыя — і парнаграфія, і духоўнасць. І ніхто не можа іх забараніць. А калі ўлада выступае супраць некаторых тэмаў, тады мы і сутыкаемся з табуяваннем і цэнзураваннем.
І тут роля Пушкіна велізарная, таму што ён разбурае табу на забароненыя тэмы і бясстрашна, праз усё жыццё, паказвае, што для мастацтва няма межаў.
— Кім ён натхняўся? І хто ў Беларусі быў яго папярэднікам?
— У адным інтэрв’ю ён кажа, што на яго паўплывала Марына Абрамавіч. З беларускіх мастакоў называе Людмілу Русаву і Ігара Кашкурэвіча.
Шмат дыскутавалася, ці Пушкін ведаў венскі акцыянізм, калі вырашыў пісаць карціну ўласнай крывёй. Ён быў адукаваным мастаком, зусім не наіўным, як часамі выглядаў.
Для яго самога «Падарунак прэзідэнту» маркіраваўся як перформанс. Але мне здаецца, што тое, што адбывалася тады з ім, ужо ад яго не залежала. І таму гэта ўжо не перформанс, а сапраўдная акцыя. Ён ставіў мэту і планаваў дзею, але на вынік ужо не ўплываў.
Аднак праблемы пластыкі заставаліся для яго важнымі. Адказ на пытанне, ці гэта мастацтва, вельмі просты. Любому ў Беларусі скажы: «Тачка з гноем», адразу згадаюць Пушкіна.
— То-бок адбываецца сімвалізацыя?
— Адбываецца вобраз. Мінімалістычны і выразны. Як цяпер гэта здарылася ў Кузьміча: нарэшце той стварыў пераканальны вобраз. Пра гэта сведчыць нават сама фраза: «Кузьміч выкапаў ван Гога», і далей — фантазія працуе. Гэта і ёсць выразнае мастацкае дасягненне.
Калі Алесь Пушкін тлумачыць сваю акцыю і раскладае яе па пунктах, мы бачым, што ўсе яе элементы былі вельмі прадуманыя. Таму «тачка з гноем» — не палітычны акт, а мастацкі, там шмат дэталёва прадуманых невыпадковых элементаў: грошы, плакат, вілы і сама тачка чырвонага колеру. Важна і тое, як ён апрануты, і гэтак далей.
А фальшывыя суды робяць з яго злодзея.
— Няма такіх вызначаных правіл, каб у судзе даказаць, што гэта мастацтва? Мастацтвазнаўчыя доказы не заўсёды пераканальныя?
— Калі я думаў над выставай Пушкіна, паўстала пытанне, як прэзентаваць яго біяграфію. І я прыйшоў да высновы, што яго біяграфію можна скласці з дзясяткаў крымінальных спраў. Па сутнасці, мы паказваем нейкага зэка-крымінальніка. Я не ведаю, каго можна з Пушкіным параўнаць. І калі мы падкрэсліваем гэты момант і паказваем, што самага знанага беларускага мастака зрабілі найвялікшым злодзеем і крымінальнікам, то паўстае пытанне: «Што гэта за дзяржава такая?».
— Шмат хто любіць яго за іншыя рэчы, напрыклад, за жывапіс ці за графіку. Аднак яго жывапіс часта даволі даволі спецыфічны і няроўны…
— Калі глядзець на яго як на карціны, то так. Але большасць яго самых вядомых карцін станавіліся часткай перформансаў. Што да астатніх, то ён, можа, адмыслова рабіў такі «прыгожы», часам кічавы жывапіс, бо гэты від мастацтва звычайна добра ўспрымаецца людзьмі.
— Адмыслова адаптаваў жывапіс пад густы публікі?
— Невядома, адмыслова ці інтуітыўна, але гэта хуткі ўваход праз шырокія дзверы. Яго трансфармацыя ад вельмі рамантычнага постбрэйгелеўскага жывапісу да шалёнага кічу, думаю, была асэнсаванай. Прыгожыя краявіды, замкі, рэлігійныя творы — усё што падабаецца народу. Ён ладзіць свой пляц свабоды ў сваім мястэчку Бобр. І паказвае на ім карціны.
Вёска, пра якую ніхто не ведаў, становіцца знакавым месцам для беларускага мастацтва.
Ён выходзіць на гэтую вясковую плошчу штогод, 25 сакавіка. Гістарычная спадчына становіцца падставай для персанальнага акту. Калі дзяржава адмаўляецца ад гэтага свята, ты як асоба падымаеш гэты сцяг.
— Розныя фарматы яго творчасці яднае адна асоба, якая сваё ўласнае жыццё ператварыла ў перформанс. Ён нібы граў ролю такога дзівака…
— Думаю, што рабіў гэта свядома. І калі нам стануць даступныя яго дзённікі з апісаннямі твораў, а мы ведаем, што ён вёў вельмі падрабязныя апісанні і нават аналізаваў крытыку, то мы зразумеем, што ён не быў такім прастаком, якім часамі здаваўся. Ён быў мастаком, якому не трэба быць філосафам ці навукоўцам, бо ён карыстаўся інтуіцыяй, а яна бывае больш выніковай, чым уся наша аналітыка.
— Згадаю няскончанае жывапіснае палатно Алеся Пушкіна «Карціна Свабоды». Штогод 25 сакавіка, на Дзень Волі, мастак ладзіў перформанс на галоўнай плошчы мястэчка Бобр: усталёўваў на мальберт гэтае незавершанае палатно і пісаў. Гэты перформанс адбываўся на працягу больш чым 25 гадоў. Казаў, што завершыць карціну, як Беларусь стане вольнай.
— Чаму карціна няскончаная — асобнае пытанне. Дарэчы, чаму я выбраў для назвы выставы слова AFTERLIFE? Яны думалі, што закапалі яго — і ўсё? Тое, што робяць акцыяністы, так проста не заканчваецца. Тваё выказванне жыве далей. Творцы маюць такі прывілей.
Але тут няскончаная карціна з’яўляецца прыкладам няскончанага акту. Думаю, што ў гэтым перформансе змяняецца вельмі цікавы модус: жывапіс ператвараецца ў акцыю.
І я нават не ведаю, хто з нашых мастакоў год за годам галоўнае беларускае свята мог бы так паслядоўна адзначаць новым перформансам, новым выказваннем. У любых умовах і любымі формамі.
— Які канцэпт выставы «Ales Pushkin. AFTERLIFE»? Як знайшлося месца для яе правядзення?
— Пасля смерці Алеся Пушкіна мне прапанавалі зрабіць яго выставу ў Бразіліі, але з-за палітычных змен яна не адбылася. За год былі яшчэ чатыры прапановы — не атрымалася.
Атрымалася ў Музеі Вольнай Беларусі, і мне здаецца, што канцэптуальна і кантэкстуальна гэтая прастора адпавядае тым ідэям, якія меў Алесь. Я ўпэўнены на 100 адсоткаў, што ён пагадзіўся б з гэтым месцам.
Аднак што самым з’яўляецца правакатыўным у гэтай выставе? Мы не былі сябрамі, але былі знаёмы доўгія гады, і я задаю сабе пытанне: ці маю я права такім чынам інтэрпрэтаваць творчасць свайго калегі? Бо выстава нязвыклая. Ці хацеў бы нейкі мастак, каб пасля яго смерці так вольна інтэрпрэтавалі яго творчасць? З іншага боку, я запрасіў на выставу людзей, якія яго добра ведалі і працавалі з ім, і тых, якія выбралі той жа шлях палітычнага актывізму.
Менавіта актывізм, перфоманс і сама постаць Алеся з’яўляюцца найважнейшымі ў яго творчасці, усё гэта я і паказваю на выставе. З гэтым выбарам пагадзіліся астатнія ўдзельнікі. І для мяне важна было паказаць, што творчасць Алеся з’яўляецца выдатным прыкладам сучаснага мастацтва.
Сёння перфарматыўныя практыкі — як практыкі супраціву — з’яўляюцца запатрабаванымі па абодва бакі мяжы. На Захадзе яны вывучаюцца ва ўсіх мастацкіх акадэміях, паказваюцца на біенале. Алесь застаецца актуальным творцам, яго мова некамерцыйная і непрадказальная.
Я і выставу паспрабаваў зладзіць як працяг такога непрадказальнага дзейства, яна нетыповая, не акадэмічная і не мастацтвазнаўчая. Пушкін быў чалавекам, вырваным з беларускага культурнага ландшафту, і я захацеў, каб гэтая прысутнасць вырванага з ландшафту чалавека заставалася. Нягледзячы на яго смерць.
— Якія пяць тэмаў ты выбраў для паказу?
— «Дзень волі» — як яго штогадовы выхад у прастору. На пляц.
Другая тэма: «Падарунак прэзідэнту» — пра супрацьстаянне мастака і ўлады. Акцыі было дзве, і паміж імі дыстанцыя памерам у палову жыцця. Вельмі важна, што чалавек праз усё жыццё не адмаўляецца ад сваіх падставовых прынцыпаў і паўтарае іх.
— Аднак другі паказ акцыі «Падарунак прэзідэнту», які адбыўся на выставе ў Кіеве ў 2021 годзе, быў музейны, бяспечны.
— Чаму бяспечны, пасля гэтай акцыі чалавек вяртаецца ў Менск, і яго арыштоўваюць. Хоць мог і не вяртацца: міністр замежных спраў Украіны прапануе яму застацца. На гэтай выставе паказана яго «Дэкларацыя» — апошняе яго публічнае выказванне на свабодзе.
Сама сістэма выбудоўвання гэтай выставы — поліфанічная, яна паказвае розныя пункты гледжання на адзін і той жа факт.
Трэцяя тэма: «беларускі рэзістанс». За гэту серыю жывапісных прац Алесь атрымаў судовы вырак. Гэта вельмі важная тэма, вельмі актуальная сёння. Дый заўсёды была актуальная для Беларусі — апошнія 250 гадоў. Быкаў на гэтым выбудаваў усё.
Чацвёртая тэма: «свята і святы». Тэма народная, фальклорная, яна мае вялікае значэнне для дзейнасці Алеся і робіць з яго міфалагічную постаць. Ён умеў ператварыць традыцыйныя рэчы ў сучасныя перформанс і хэпенінг. Гэта і Каляды, і Купалле, спатаканні ў Бабры. Усё тое, што яднае ў яго асобе культуру элітарную з народнай.
Выкарыстоўваю для гэтага фатаграфічныя дакументальныя матэрыялы, якія найлепей паказваюць, колькі фатографаў ездзілі ў вёску Бобр і стваралі сваю дакументацыю, свае архівы. Напрыклад, Янак Коўзель, які кантактаваў з Пушкіным, мае велізарны архіў здымкаў.
Наступная тэма — супраціў вайне. Алесь апынуўся ў войску ў Афганістане за выказванне нацыянальных поглядаў, і ў гэтым праявіліся традыцыі імперскіх і постімперскіх рэжымаў.
Менавіта пасля Афганістана Алесь скажа: «Я страціў страх». Гэта бясстрашнасць жаўнера, які вярнуўся з вайны, зрабіла яго антываенным мастаком. І праз усё жыццё ён ладзіў выказванні на гэту тэму. І сёння, калі Беларусь, краіна, якая сама была ахвярай Другой сусветнай вайны, ператварылася ў агрэсара, антываенная тэма і салідарнасць з Украінай зноў вельмі актуальная. І прыклад Пушкіна з’яўляецца нашай рэабілітацыяй у вачах украінцаў.
— Паводле якога прынцыпу ты запрашаў мастакоў на выставу?
— Я запрасіў тых, чыя творчасць была звязана з Алесем, ці тых, хто можа працягнуць яго працу.
Ініцыятарам выставы быў Янак Коўзель, яго сябра, з якім я пазнаёміўся, калі рабіў першае інтэрв’ю пасля смерці Алеся. Яго дакументальныя фатаграфіі пашыралі мае веды.
Зрабіўшы некалькі выстаў з украінскімі мастакамі, я зразумеў, што фатаграфія як дакументальны факт адыгрывае асаблівую ролю ў часы турбулентнасці. Таму я запрасіў Аляксандра Васюковіча, праца якога — рымейк Алесевага графіці на турэмнай сцяне — з’явілася на постары выставы. Мне падалося гэта вельмі сімвалічным, калі іншы мастак убачыў у камеры ў турме графіці калегі, здолеў вынесці чужы твор, і мы яго даем на афішу.
Таксама я запрасіў Іяланту Кіліян, якая ведала Алеся яшчэ з канца 1990-х. Гэта не проста беларуская выстава, тут і ўкраінскія, і польскія мастакі, творцы з Германіі, Галандыі, Чэхіі. Фільм Рамана Шэля пра Пушкіна быў паказаны на Аrte, самым вядомым мастацкім канале ў Еўропе.
Яна Шостак зробіць да выставы адмысловую працу. Будзе еўрапейская прэм’ера відэа Максіма Тымінько, на ёй ён пакажа ўсіх беларускіх палітвязняў на момант 2023 года, гэта 2009 чалавек.
Будзе паказаны фільм, як Алесь рабіў пленэр ва Украіне, і гэта таксама шырэй за тыя карціны, што ён на ім стварыў. Тут відаць, якую ўвагу ён надаваў працы з масмедыя. Ён казаў, што калі вы хочаце, каб Беларусь змянілася, размаўляйце з журналістамі, а лепей — з замежнымі, бо гэта можа паўплываць на рознае разуменне Беларусі.
Калі падсумоўваць, то знішчэнне межаў паміж высокім мастацтвам і дакументалістыкай — адна з вызначальных рысаў гэтай выставы.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram