Сёння 215 год з дня нараджэння талевітага, шматграннага і… авантурнага Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Рэдакцыя Reform.by прасачыла перыпетыі яркай біяграфіі і вылучыла грані яго дзейнасці, знайшоўшы, між іншым, пэўныя паралелі з сённяшнім днём.
У гісторыю Дунін-Марцінкевіч увайшоў як адзін з заснавальнікаў нацыянальнага тэатра і літаратуры Новага часу. Аднак ён быў і даволі авантурнай асобай. Згадаць толькі тое, што ён правёў чатыры месяцы ў турме за падробку дакументаў, праўда, з высакародных мэтаў: Расійская імперыя праводзіла перапіс шляхецкіх родаў, і тых, хто не мог падаць дакументы, запісвалі ў мяшчане або «вольныя сяляне». Працуючы ў Менскай рыма-каталіцкай духоўнай кансісторыі, ён фальсіфікаваў доказы шляхецкага паходжання за грошы. Гісторык Зміцер Дрозд лічыць, што Дунін-Марцінкевіч падрабіў і дакументы пра старажытнае паходжанне свайго роду, дадаўшы да свайго сапраўднага прозвішча — «Дунін».
Пісаць ён пачаў даволі позна – пасля 30 гадоў, аднак адразу ў многіх жанрах – ад вершаў да лібрэта ад паэмаў да фарс-вадэвілю.
«Бацька» беларускага тэатра
Дунін-Марцінкевіч заснаваў свой тэатральны калектыў, які дзейнічаў у 1840-я — 1850-я гады. Ён складаўся з больш чым 20 чалавек, у іх ліку з самога пісьменніка, ягоных дзвюх дачок і сына, суседзяў, прадстаўнікоў мінскай інтэлігенцыі. У спектаклях удзельнічаў хор сялян з яго сядзібы Люцынкі і аркестр. Ставіліся галоўным чынам п’есы Дуніна-Марцінкевіча. Публіка і тэатральныя крытыкі адзначалі выдатныя акцёрскія здольнасці драматурга.
Тэатр быў сінтэтычным і ўбіраў у сябе розныя віды сцэнічнай творчасці: драматычнае, вакальна-музычнае і танцавальнае мастацтва.
Першая пастаноўка оперы «Сялянка» (пазнейшая назва — «Ідылія») адбылася 9 лютага 1852 года, а на тэатральных падмостках загучала беларускае слова. Гэтая дата і лічыцца адпраўной кропкай узнікнення беларускага сцэнічнага мастацтва Новага часу.
Пасля першага паказу спектакль быў забаронены ўладамі і ў далейшым ставіўся ў Менску і беларускіх мястэчках нелегальна.
Музыку да гэтага спектакля напісаў кампазітар Станіслаў Манюшка, які жыў тады ў Менску.
Класік беларускай літаратуры
Дунін-Марцінкевіч на пачатку творчай дзейнасці пісаў на польскай і беларускай мове лацінкаю. Беларуская мова была афіцыйна непрызнанай, таму пісьменнік выдаваў змешаныя зборнікі.
Паэма «Гапон» — першы твор Дуніна-Марцінкевіча, створаны цалкам на беларускай мове. Беларускамоўныя аповесці «Дурны Зміцер, хоць хітры», «Стаўроўскія дзяды», «Купала», «Шчароўскія дажынкі» маюць выразныя фальклорныя вобразы і матывы. У сваіх творах аўтар узнаўляе беларускія абрады — Купалле, Дажынкі, «дзяды», вяселле.
У 1866 г. ім быў напісаны на беларускай мове фарс-вадэвіль «Пінская шляхта», найлепшы яго твор. Аднак на сцэне ён быў увасоблены толькі ў 1917 годзе Першым беларускім таварыствам драмы і камедыі ў мінскім гарадскім тэатры. А ў 1918 г. п’еса была ўпершыню апублікавана — у газеце «Вольная Беларусь».
Асветнік
Дунін-Марцінкевіч актыўна займаўся асветніцкай працай: арганізоўваў беларускія школы, збіраў фальклор, запісваў гутарковую мову. У яго доме збіралася ўся мінская інтэлігенцыя.
Яго асветніцкая праграма выкладзена ў лісце ліст у рэдакцыю «Gazety Polskiej». Ён пісаў: «Жывучы сярод люду, які размаўляе па-беларуску, прасякнуты яго ладам думак, марачы аб долі гэтага братняга народа, анямеўшага ў маленстве ад невуцтва і цемнаты, вырашыў я для заахвочвання яго да асветы, у духу яго звычаяў, паданняў, разумовых здольнасцей пісаць на яго ўласнай гаворцы. Са здзіўленнем заўважыў я хутка, што выдадзеную мной «Сялянку», затым «Гапона», «Вечарніцы», «Дудара», «Купалу» і г.д. люд прыняў з найвялікшай прыхільнасцю, а моладзь з запалам пачала вучыцца і завучваць на памяць мае так мілыя ёй творы. У выніку ўжо цяпер усюды над Віллёй і Нёманам, над Свіслаччу, Бярэзінай, Дзвіной, Дняпром і г. д. распаўсюджваецца чытанне беларускіх твораў, а абуджанае жаданне і запал яго духоўнага жыцця знойдзе сабе багатыя матэрыялы на роднай мове».
Невыяўлены паўстанец
Сям’я Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ўдзельнічала ў паўстанні 1863-1864 гг. Больш за год пісьменнік правёў у мінскай турме, а пасля знаходзіўся пад наглядам паліцыі. Старэйшая дачка Каміла апынулася ў ссылцы.
Першы перакладчык на беларускую мову «Пана Тадэвуша» Адама Міцкевіча
У другой палове 1850-х Дунін-Марцінкевіч пераклаў з польскай мовы на беларускую паэму польскага паэта беларускага паходжання Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш» — эпапею, у якой намалявана шырокая карціна жыцця Беларусі пачатку XIX ст. Пераклад меркавалася выдаць у Вільні ў 1859 годзе, аднак у апошні момант (фармальна з-за таго, што тэкст быў пададзены лацінскім шрыфтам) цэнзура забараніла, і амаль увесь тыраж знішчылі.
І толькі ў 1907 г. у пецярбургскім выдавецтве «Загляне сонца і ў наша аконца» на падставе захаваных матэрыялаў (вядомы 4 ацалелыя экзэмпляры) гэты пераклад Дуніна-Марцінкевіча быў выдадзены.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: