«Мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця». У Познані адкрылася выстава «Дзяды», на тэму нібыта сур’ёзную

Культура
Яўген Рагозін. «Малітва». «Надзея». «Жаданне». «Мара». З серыі «Палескія замовы». Гук. 2024

Беларуская фундацыя «KUT» і беларускі культуралагічны клуб «I-DZIE-JA» ў Познані падрыхтавалі выставу «Дзяды». Назва адсылае да культавай паэмы Адама Міцкевіча, якую ён распачаў у 1820 годзе, яна пачынаецца з апісання аднайменнага старадаўняга рытуалу памінання продкаў.

Аднак куратарка Вольга Архіпава тлумачыць, што выстава ўсё ж прысвечана не тэме пахавальнага абраду, а тэме спадчыны. А сувязь з Міцкевічам сёлета асабліва сімвалічная: 200 гадоў таму вялікі паэт быў высланы з радзімы.

«Мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця». У Познані адкрылася выстава «Дзяды», на тэму нібыта сур'ёзную
Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: Вольга Архіпава.

Творы, з якіх вырасла экспазіцыя, бадай, самыя містычныя ў гэтай экспазіцыі. Серыя «Палескія замовы» саўнд-артыста Яўгена Рагозіна — запісы магічных формул, з дапамогай якіх можна дасягнуць жаданага. На выставе іх можна праслухаць праз чатыры навушнікі, прымацаваныя да народнага дывана.

«Замовы, — расказвае куратарка, — рабіліся на ўсе выпадкі жыцця, на гора і на радасць, а паганскія вераванні ў іх цесна сплеценыя з хрысціянскімі. Прызначэнне замоў (назвы іх вельмі характэрныя) — даваць нам надзею і ратаваць ад сучаснага зла».

Твор нараджае далёкія асацыяцыі з паэмай Міцкевіча, у якой гусляр выклікае духаў, і кожны дух распавядае сваю гісторыю пры жыцці і пасля смерці.

«Мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця». У Познані адкрылася выстава «Дзяды», на тэму нібыта сур'ёзную
Арцём Бурак. З серыі «Рэха». Калаж. 2022–2023. Фота: Вольга Архіпава.

Другі твор-інспірацыя выставы — серыя фотакалажаў Арцёма Бурака пад назвай «Рэха». Метад стварэння прац вельмі просты: аўтар выкарыстаў класічныя фотапартрэты на фоне народных дываноў, а пасля выразаў постаці людзей і замест іх уставіў беларускія краявіды, ствараючы своеасаблівы партрэт сучаснай Беларусі, дзе ад людзей застаецца толькі рэха. Тут ёсць і гістарычныя паралелі, калі згадаць, колькі людзей на нашай зямлі чужынская ўлада спрабавала выразаць з памяці нашчадкаў, і сучасныя, бо сярод нас жывуць людзі-прывіды, якія не хочуць, каб пра іх недзе распавядалі ці фіксавалі на фотаздымках.

З гэтых дзвюх серый, што выклікаюць асацыяцыі і з лёсам, і з сюжэтамі твораў Міцкевіча, нарадзілася тэма выставы — на скрыжаванні і пераасэнсаванні традыцыйных, народных, міфалагічных і кананічна-класічных з’яў беларускай культуры. Асаблівая ўвага куратаркі прысвечаная сінкрэтызму, архаічным і народным традыцыям у сучасным мастацтве.

Нягледзячы на сур’ёзныя намеры, выстава атрымалася даволі іранічнай. А наведнікі адзначаюць, што яна натхняе і падымае настрой.

«З аднаго боку, нагода для выставы сумная — 200 год выгнання паэта, з іншага — мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця, можам трымацца і падтрымліваць адно аднаго», — расказвае куратарка.

Агульны тон задае вядомая фраза Адама Міцкевіча, напісаная ім па-беларуску ў нейкай рэлігійнай кнізе: «А на страшным судзе ўсім у сраку будзе». «Гэта таксама добрая нагода да міфатворчасці, бо насамрэч нам дакладна не вядома, дзе канкрэтна былі напісаныя гэтыя словы, яны дайшлі да нас у пераказе, — расказала Вольга Архіпава. — Даследчыкі сцвярджаюць, што ў Міцкевіча былі творы і на беларускай мове, але вядомая толькі гэтая фраза. А беларусы, калі нешта дакладна не ведаюць, заўсёды ствараем міф».

«Мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця». У Познані адкрылася выстава «Дзяды», на тэму нібыта сур'ёзную
Вольга Архіпава, Олек Ягер. Аркуш. Друк. 2024. Фота: Вольга Архіпава.

Ідэя твора належыць Олеку Ягеру, а Вольга Архіпава зрабіла схему ручніка з напісанай фразай, і праз яго арнамент стварыла вобраз Страшнага Суда. Нейкі час, пакуль доўжыцца жыццё, ручнік захоўвае лад, рытм і парадак узораў, але потым усё ламаецца. Атрымалася метафарычная ілюстрацыя знакамітай фразы Міцкевіча.

«Мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця». У Познані адкрылася выстава «Дзяды», на тэму нібыта сур'ёзную
Аляксей Лунёў, Сяргей Шабохін. Серыя «Тытульныя старонкі». Папера, лічбавы прынт, маркер. 2024. Фота: Вольга Архіпава.

Найбольш іранічны праект на выставе — «Тытульныя старонкі» аўтарства Аляксея Лунёва і Сяргея Шабохіна. Аўтары называюць яго «аквіраваннем» сучаснай беларускай культуры. У паняцці «квір» яны бачаць інакшасць — як форму супраціву той агрэсіі, якая зараз адбываецца ў свеце. Яны ўзялі тытульныя старонкі кніг выбітых беларускіх класікаў і размалявалі іх у стылістыцы дзіцячых малюнкаў, як у дзяцінстве, калі на ўроках дзецям сумна, яны размалёўваюць падручнікі або кнігі ў эратычным кантэксце. «Галоўная ідэя гэтага праекта ў тым, што культура не павінна забранзавець. А мы не павінны страціць магчымасць іранізаваць», — лічыць адзін з аўтараў серыі «Тытульныя старонкі» Сяргей Шабохін.

Олек Ягер у стылістыцы «сармацкага сюррэалізму» ілюструе сваімі арт-аб’ектамі творы Адама Міцкевіча і спрабуе знайсці адпаведны вобраз для знакамітых крылатых афарызмаў.

«Мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця». У Познані адкрылася выстава «Дзяды», на тэму нібыта сур'ёзную
Олек Ягер. Ненаеднасьць. «Хто ня быў ні разу чалавекам, Чалавек таму не дапаможа». 2024. Фота: Вольга Архіпава.

Ён паказаў скульптуры, якія з’яўляюцца ілюстрацыямі асобных радкоў паэмы «Дзяды». Прычым радкі ён выбраў актуальныя нашаму часу.

«Калі чалавекам ты не быў, чалавек табе не дапаможа», – здаецца, тлумачэнні тут не патрэбныя.

У аб’екце «Дайце зернейка гарчыцы» праз вобраз анёла мастак апавядае кранальную гісторыю пра памерлых дзяцей, якія ў паэме расказваюць, што яны так рана памерлі, што на тым свеце няма ім гора, але трэба каб і радасць, і гора было, таму просяць зернейка гарчыцы.

«Мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця». У Познані адкрылася выстава «Дзяды», на тэму нібыта сур'ёзную
Олек Ягер. «Jeszcze, kurwa, jest czas». 2024. Фота: Вольга Архіпава.

Скульптура «Jeszcze, kurwa, będzie czas» — непасрэднае пасланне беларусам. На чэрапе жывёлы можна разгледзець невялікія рожкі – як сімвал таго, што ў беларусаў яшчэ ёсць час нарасціць сапраўдныя рогі і працягваць сваю барацьбу…

Вольга Стрыжнёва, працуючы над серыяй «Сяброўкі», узяла фотаздымкі сваёй маці ў маладосці і змясціла ў іх свае фотавыявы. Атрымалася ўяўная гісторыя пра тое, што было б, калі яны з маці былі сяброўкамі-аднагодкамі. Фатаграфіі аўтарка надрукавала на цыраце і дадала вышыўку. Атрымаўся кранальны дыялог па-за межамі часу.

«Мы заўсёды можам жартаваць з нагоды любога выпадку жыцця». У Познані адкрылася выстава «Дзяды», на тэму нібыта сур'ёзную
Вольга Стрыжнёва. Сяброўкі. Змешаная тэхніка. 2024. Фота: Вольга Архіпава.

«Пашана да традыцыйнай народнай культуры можа ўвасабляцца ў розных праявах: гэта і прыняцце сінкрэтычнага светаўспрымання, іронія, і перайманне традыцыйных формаў або гульня з імі ў пошуках новых сэнсаў, якія могуць па-рознаму гучаць у сучасным асяроддзі і свядомасці, — мяркуе куратарка. — У залежнасці ад таго, які акцэнт выбірае аўтар для сваіх разважанняў, які фармальны прыём або тэму, атрымліваецца своеасаблівая сімфонія гучання мастакоўскіх галасоў».

Каб паставіць у гэтым дыялогу эпох важкія акцэнты, на выставе былі прадстаўлены рэпрадукцыі твораў беларускага мастацтва. Палатно Драздовіча з Усяславам Чарадзеем, «Гуканне вясны» Марачкіна, «Рай» Алены Кіш. «Пагоня» Драздовіча, якая адначасова з’яўляецца і гербам, і вобразам Ярылы.

Выстава склалася ў крыху іранічнае, але тым не менш тэрапеўтычнае пасланне беларускім гледачам. Тое, што мы сёння перажываем, у нашай гісторыі паўтаралася, і не адзін раз. Важна захаваць магчымасць абстрагавацца і перапрацаваць траўматычны досвед праз выразныя вобразы. Як гэта рабіў Міцкевіч. І як гэта робяць сённяшнія беларускія творцы, у якой бы кропцы свету яны не знаходзіліся.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: