Пастаянная адвакацыя інтарэсаў беларускай грамадзянскай супольнасці ў замежжы, падтрымка беларускіх незалежных інстытуцый у выгнанні, арганізацыя форумаў і інфакампаній па пытаннях нацыянальнай культурнай палітыцы — Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета падзялілася вынікамі працы ў 2024 годзе.
Так, у пераліку справаў за бягучы год Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета вылучыла некалькі напрамкаў.
Першы — гэта падтрымка беларускіх незалежных культурніцкіх інстытуцый. Сярод іх:
- міжнародная сетка беларускіх школ выходнага дня,
- Беларускі інстытут публічнай гісторыі,
- арганізацыйныя групы па стварэнні Беларускага нацыянальнага даследчага ўніверсітэта, Інстытута беларускай мовы, Інстытута беларускай кнігі і іншыя ініцыятывы.
Другі пункт — адвакацыя інтарэсаў беларускай грамадзянскай супольнасці.
«Адвакатаваліся інтарэсы беларускай грамадзянскай супольнасці ў адукацыйнай і культурніцкай сферы падчас дзясяткаў сустрэч з прадстаўнікамі Міністэрстваў культуры Польшчы, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Харватыі, Швецыі, Міністэрства нацыянальнай адукацыі Польшчы, Міністэрства вышэйшай адукацыі і навукі Польшчы, Міністэрства адукацыі Германіі, амбасад Канады, Вялікабрытаніі, Чэхіі, Нідэрландаў, Ірландыі», — даводзіць каманда Кабінета.
Трэці напрамак — лабіраванне беларускага пытання ў міжнародных палітычных структурах.
«Прадстаўлялася праблематыка нацыянальнага адраджэння і развіцця на міжнародным узроўні ў межах Стратэгічнага дыялогу «Беларусь – ЗША», Кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС», канферэнцыі «Люксембургскія рашэнні», форуму ПАРЕ Helsinki Dialogue, Берлінскага форуму «Будучыня Беларусі» і іншых сустрэчах».
Таксама ў сыходзячым годзе ў даробку Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета — арганізацыя шэрагу канферэцый і форумаў – і гэта чацвёрты напрамак дзейнасці.
«Арганізаваныя (самастойна і сумесна з партнёрамі) антыканференцыя Belarusian ID Revival Days, экспертны форум па моўнай палітыцы, круглы стол па дэкамунізацыі, інфакампанія ў Варшаве пра сітуацыю ў Беларусі, святкаванне Дня Волі ў Варшаве, нацыянальная дыктоўка да Дня роднай мовы, святкаванне Дня герояў і гераінь, святкаванне 100-годдзя юбілею народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава і іншыя актыўнасці».
Упершыню ў 2024-м быў праведзены конкурс «10 стыпендый Адраджэння». Пяты кірунак.
Таксама ў ліку пастаянных актыўнасцей Прадстаўніцтва — і праца з Геральдычнай Радай і Камісіяй па ўзнагародах пры Аб’яднаным Пераходным Кабінеце, — інфармуе каманда.
Выконваючы абавязкі прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні Кабінета Павел Баркоўскі так падсумаваў дзейнасць каманды па нацыянальным адраджэнні за 2024 год: «Хачу найперш падзякаваць Аліне Коўшык, якая больш за два гады выконвала ролю прадстаўніцы па нацыянальным адраджэнні, за яе энергію, ідэі, натхненне і нязменны пазітыў. Разам атрымалася зрабіць многае. Па-другое, хачу адзначыць, што год атрымаўся вельмі насычаны, шмат што было зроблена, яшчэ больш запланавана. Але найбольш натхняе тое, што нашы людзі і арганізацыі добра ўмеюць цяпер працаваць у гарызанталь, таму нават з мінімальнай падтрымкай робяць цудоўныя рэчы. Дзякуй усім, хто не стамляецца працаваць дзеля беларушчыны!» — выказаў падзяку ён усім партнёрам і беларусам у культуры.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram