Польскае прэзідэнцтва ў ЕС будзе суправаджаць культурная праграма

Культура
Прэс-канферэнцыя ў Вялікім тэатры ў Варшаве, прысвечаная прэзентацыі культурнай праграмы. Фота: polish-presidency.consilium.europa.eu

Польшча са студзеня на паўгода пачынае старшынства ў Радзе ЕС. Урачысты пачатак старшынству будзе пакладзены 3 студзеня ў Вялікім тэатры — Нацыянальнай оперы.

Культурная праграма польскага прэзідэнцтва ў ЕС была выкладзена на сайце міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны.

«Мова культуры з’яўляецца ўніверсальнай спадчынай і выдатным інструментам для ўмацавання ідэнтычнасці, але таксама і для аповеду аб сацыяльна важных пытаннях», – сказала міністарка культуры і нацыянальнай спадчыны Ганна Урублеўска на прэзентацыі праграмы.

«Не хацелася б, каб да культуры ставіліся як да другаснага ўпрыгожання. Культура — гэта не мерапрыемствы, якія разнастаяць і робяць жыццё больш прыемным. Культура — гэта пэўная сістэма мыслення, якая дазволіць нам наладзіць камунікацыю паміж сабой у Польшчы, а таксама ў Еўропе», — дадала міністарка.

Польская культура цягам шасці месяцаў 2025 года будзе будаваць сетку культурнага супрацоўніцтва і весці дыялог як на міжнароднай арэне, так і ўнутры краіны.

Замежная культурная праграма

Замежная культурная праграма польскага старшынства ў Савеце Еўрапейскага саюза, якая рэалізуецца Інстытутам Адама Міцкевіча, ахопіць больш за 20 краін Еўропы, у якіх пройдзе каля 100 розных мастацкіх мерапрыемстваў. Канцэрты, спектаклі, выставы, кінапаказы і літаратурныя сустрэчы пройдуць у краінах ЕС, а таксама ў краінах-кандыдатах: Сербіі, Грузіі, Паўночнай Македоніі і Малдове.

Музыка будзе мець вельмі шырокую прэзентацыю, ад самых выбітных выканаўцаў класічнай музыкі да польскай тэхна-сцэны. Польскі фестываль з міжнароднай рэпутацыяй Unsound Festival, прысвечаны найноўшым з’явам у польскай электроннай і эксперыментальнай музыцы, пройдзе ў Бруселі ў сярэдзіне лютага. На фестывалі «Peel Slowly and See» ў Нідэрландах выступяць тры польскія гурты і артыстка электроннай музыкі.

Тэатральная праграма ўключае ў сябе больш за 30 спектакляў польскіх рэжысёраў на найважнейшых еўрапейскіх сцэнах.

Перфарматыўна-танцавальная праграма будзе арганізавана ў Германіі і на Кіпры. Важным элементам праекта, створанага ў супрацоўніцтве з Еўрапейскім цэнтрам мастацтваў HELLERAU у Дрэздэне і Dance House Lemesos на Кіпры, будзе таксама серыя семінараў і лабараторый, у якіх будуць удзельнічаць і мясцовыя супольнасці.

Польская прэзідэнцкая кінапраграма будзе называцца «Салідарнасць на экране» (Solidarity on Screen). Паказ польскіх фільмаў пройдзе ў розных гарадах Еўропы.

У рамках праекта «Вулічнае мастацтва салідарнасці» вядучыя мастакі з Польшчы і Украіны створаць маштабныя муралы і мазаікі, якія распавядаюць пра сілу адзінства, і правядуць семінары для моладзі.

У канцы студзеня ў Бруселі на фестывалі Photo Brussels Festival адкрыецца персанальная выстава Ады Зяліньскай — адной з самых цікавых польскіх фатографаў маладога пакалення. У Будапешце пад лозунгам «European Kinship. An Eastern European Perspective» ў сярэдзіне лютага будуць прадстаўлены работы польскіх і венгерскіх фатографаў і фатографаў, якія вывучаюць феномен агульнасці ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

У адным з найбуйнейшых і найстарэйшых музеяў Бельгіі новую працу прадставіць Малгажата Мірга-Тас. Па запрашэнні Каралеўскага музея мастацтва і гісторыі мастачка створыць буйнамаштабную карціну, натхнёную калекцыяй габеленаў музея.

У культурнай праграме Польскага прэзідэнцтва ёсць таксама канферэнцыі, прысвечаныя важным тэмам, што тычацца сістэмных зменаў у ЕЗ. Першая з іх пройдзе ў варшаўскай Акадэміі (9-10 красавіка). Яе ўдзельнікі раскажуць аб становішчы маладых мастакоў — іх будучыні і кар’ерных шляхах, месцы на рынку працы, магчымасцях іх падтрымкі.

Другая канферэнцыя ў Цэнтры навукі і тэхнікі EC1 ў Лодзі (24-25 красавіка) будзе прысвечана штучнаму інтэлекту ў кантэксце сродкаў масавай інфармацыі, аўдыявізуальных паслуг, аўтарскага права.

Нацыянальная культурная праграма

Каардынатарам нацыянальнай культурнай праграмы польскага прэзідэнцтва з’яўляецца Нацыянальны культурны цэнтр (NCK), які дзейнічае па ўзгадненні з Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны.

Роберт Пескоўскі, дырэктар NCK, падкрэслівае, што музыка як універсальны сродак выказвання адыгрывае вядучую ролю ў гэтай частцы праграмы. У красавіку і маі ў польскіх гарадах гарадах (Шчэцін, Ольштын, Лодзь, Зялёна-Гура, Катавіцы і Вроцлаў) пройдуць канцэрты маладых аўтараў. А падчас музычнага фіналу прэзідэнцтва — 20 чэрвеня — адбудзецца мультыканцэрт адначасова на адкрытых сцэнах у пяці гарадах.

Іншыя нацыянальныя мастацкія праекты ўключаюць фестывалі, агляды, спектаклі, выставы з многіх абласцей — кіно, тэатра, літаратуры, мастацтва, танца, дызайну, народнай і традыцыйнай культуры, а таксама міждысцыплінарныя мерапрыемствы, якія падчас прэзідэнцтва будуць праходзіць у пятнаццаці гарадах Польшчы.

На праграмы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны ў падтрымку прэзідэнцтва выдзелена 32 мільёны злотых.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: