Псіхадэлік-рок, крыху панку і краут-рок. Новы праект музыкаў Уладзя Лянкевіча і Рамана Жарабцова Syndrom Samazvanca сёння, 14 студзеня, прэзентуе свой альбом Sonk, названы на выдуманай мове бальбута. Памятаеце сінгл «Дармаед», які прагучаў напрыканцы 2021-га? Як кажуць музыкі, будзе яшчэ больш насычана: эмацыйна музыку Sonka можна апісаць як «лямант у пустэльні». «Мы стараліся менш сябе стрымліваць», — удакладняюць творцы.
Напярэдадні выхаду новага рэлізу аглядальніца Reform.by паспела пагутарыць з адным з заснавальнікаў праекта, музыкай і паэтам Уладзем Лянкевічам пра тое, што за сіндром падарыў назву гурту, адкуль узнікла бальбута, і чаму, калі сам штосьці робіш, лепей «анічога не аналізаваць».
«Песень на бальбуце пакуль не будзе»
— Уладзь, што за сіндром такі, які даў назву вашаму праекту?
— Усё значна прасцей: пры выбары назвы гурта мы доўга мучаліся. Альбом зводзіўся — а назвы ўсё не было. Ужо вокладка малявалася , — а назва ўсё не адшуквалася. А потым я прыпомніў раптам, што ёсць такі псіхалагічны тэрмін — сіндром самазванца. І што ў нейкай ступені ён якраз датычыцца нашага пакалення. Такое вечнае апраўданне сваіх поспехаў толькі ўдачамі, нявер’е ва ўласныя сілы. І неяк гэта назва супала: і каларытна гучыць, і файна пішацца — тое, што мы шукалі.
Але, шчыра кажучы, мяркую, што назва можа быць якой заўгодна. Уласна творчасць напаўняе сэнсамі імя гурта: а так можна хоць лічбай назвацца, абрэвіятурай, — з цягам часу, калі ёсць сэнсы ў творчасці, усё «абрасце» значэннямі ды ўсім астатнім.
— Аднак вы не пайшлі простым шляхам. І ў прыватнасці, альбом назвалі на мове бальбута — мове, прыдуманай беларускім пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам для яго рамана «Сабакі Еўропы». Усё ж такі бачу, што вам не ўсё роўна, як называцца.
— У мяне ёсць проста сантыменты да бальбуты (усміхаецца). Чаму не? Мы часта любім арыентавацца на здабыткі сусветнай культуры. Чамусьці не сорамна браць цытаты ці даты з Сэлінджэра, Шэкспіра ці старажытнагрэцкай драмы — гэта лічыцца нармальным. «О, гэта Гамер, усё крута!» — ніхто не здзіўляецца.
Але і ў нас людзі ствараюць! І мне блізкая такая повязць — лакальная, свая. Ды мне ў прынцыпе падабаецца тое, што робіць Альгерд Бахарэвіч у многіх сваіх іпастасях, ды падабаецца яго раман «Сабакі Еўропы».
— І бальбута цябе захапіла, так?
— Класная штука! Даўно думаў яе неяк выкарыстаць. (На мове бальбута размаўляюць некаторыя персанажы кнігі Альгерада Бахарэвіча «Сабакі Еўропы». Аднак зараз бальбута жыве і па-за межамі рамана — у сацыяльных сетках ёсць суполка прыхільнікаў мовы, якая дае магчымасць вывучаць і карыстацца мовай у рэчаіснасці. Па ідэі аўтара мовы, бальбута задуманая як мова свабоды — заўвага Reform.by).
У нашым альбоме — шэсць трэкаў. І мы хацелі абыграць гэта ў назве, аднак розныя вырыянты ўсё не пасавалі. А потым я паглядзеў у слоўніку бальбуты: і «шэсць» там — цудоўнае слова «sonk», якое ў нечым гучыць і як «song», «песня» — карацей, выглядае вельмі класна. Так і вырашылі, што альбом будзе называцца на бальбуце (усміхаецца).
— А песень на бальбуце не будзе?
— Пакуль не будзе. Усё наперадзе (смяецца). Ведаеш, калі ўжо ўквэцаўся ў гэту бальбуцкую гісторыю, то яна мусіць недзе праскочыць.
«Мы ўсе — дзеці свайго часу і месца»
— Уладзь, ведаю, што музычны праект вы рабілі разам з Раманам Жарабцовым, гітарыстам гурта SnоpSnou. А ці не было ў вас пэўнай гісторыі, звязанай менавіта з узнікненнем Syndrom Samazvanca? Як увогуле вы з Раманам пазнаёміліся?
— З Раманам мы пазнаёміліся даўно, калі яшчэ быў «жывы» гурт Tonqixod, у якім я граў. Раман жа — гітарыст SnоpSnou, і мы перасякаліся на розных канцэртах. А потым трапілі разам на «Басовішча», не памятаю, у якім годзе — я быў ужо, напэўна, у складзе luty sakavik, а Раман усё яшчэ з SnоpSnou. І вось тады мы неяк разгаварыліся і схапілі сябе на пэўных музычных прыхільнасцях. Высветлілася, што нам абодвум падабаецца гаражны рок, краут-рок, панк, псіхадэлік, такія сучасныя ўзоры ўсяго гэтага. І мы запомнілі тады гэты твіт, а потым неяк стэлефанаваліся, сустрэліся, і з першага разу пачалі штосьці джэміць і сачыняць. Так і дайшлі да «Сіндрома самазванца».
— Калі вы непасрэдна пачалі працаваць над Sonk?
— Агулам мы рабілі альбом тры месяцы. Месяц — у 2020 годзе, а потым дароблівалі яго ў 2021 годзе. Ужо ўвосень мінулага года ён быў зроблены. Але ў нас атрымалася пауза ў год з-за вядомых падзей.
Варта дадаць, што частку матэрыялу, які быў запісаны ўвесну 2020-га, мы стваралі разам з Андрэем Алексеенкам, які граў на барабанах у Tonqixod. Астатні матэрыял ужо запісваўся пад драм-машыны. Такія хутчэй джэм-практыкі, уласцівыя нямецкаму краут-року 1970-х. Ды яшчэ Рома адказны і за гук у гэтым альбоме — усё адбывался пад ягоным наглядам, скажам так.
— Цікавая рэч: часам і паўза ў год — даволі вялікі адрэзак. А ў нас жа яшчэ ў Беларусі за гэты год адбыліся вялікія палітычныя ўзрушэнні, якія падзялілі гісторыю краіны на «да» і «пасля». Як вам удалося зрабіць так, што альбом не састарэў?
— А сэнс у тым, што тэксты былі напісаныя ў апошні момант. Былі нататкі, але я звёў усё ў адно толькі ўвосень 2021-га.
Але альбом усё ж такі ў вялікай ступені — пра музыку, пра музычнае выказванне.
— А ці можна тады назваць яго прадчуваннем будучых падзей?
— Я скептычна стаўлюся да такіх падыходаў. Мне здаецца проста, што ўсім людзям адначасова ўласцівыя ўсе эмоцыі, і бывае так, што выплёскваецца нешта такое, а потым мы ўжо заднім чыслом «падцягваем» канцэпцыю.
У дадзеным выпадку я бы лепш сказаў, мы ўсе — дзеці свайго часу і месца. І гэта натуральна, што ў нас нарадзілася такая музыка. І калі ты не ў масцы нейкай, нязвыклай для цябе, не ў позе, — тут немагчыма «прамазаць». І калі шчыра казаць такім, якім ты ёсць тут, пра тое, што ты пражываеш — гэта ўсё адгукнецца і будзе сугучнае часу. Іначай — проста немагчыма.
«Няма нейкага рацыянальнага аспекту: склалася? паехалі!»
— Напрыканцы года вы далі трошкі зачэпку, якім будзе новы матэрыял. Выйшаў сінгл Darmajed, у якім адчуваецца ваша яраснае, лютае стаўленне да ўсяго таго, што адбываецца, і ў тым ліку да таго, што «ўсіх цікавіць толькі адно, кім я працую і як даўно». Дарэчы, тут не магу ўзгадаць цыкл вершаў Ганны Янкута, прысвечаны Канстытуцыі, а ў вас вось — прывітанне ўсім рэдакцыям дэкрэта «аб дармаедах».
— Тут у нас хутчэй адсылка да вечнай гісторыі, чым да канкрэтнай. Што стаўленне ў грамадстве да людзей творчых прафесій не змянілася яшчэ, не ведаю, з савецкіх часоў. Маўляў, сядзіць гэта багема, невядома чым займаецца: на гітарах сваіх трынкае, карціны мазюкае, нешта папісвае — карацей, займаецца ўсякай бздурай замест таго, каб працаваць у офісе ці на заводзе. І тут можна прыгадаць і Бродскага з яго паказальным судом, і савецкіх рокераў 1980-х, якіх ганялі за дармаедства, — гісторыя не змяняецца. Агульнае адчуванне сітуацыі ў грамадстве — праз што ідэнтыфікуюць чалавека. Такі музычны крык на тэму.
— Я ўжо адзначыла, што назвала бы песню яраснай. Але калі пазначаць вашу музыку такімі эмацыйнымі тэгамі, ці можна казаць пра тое, што ваш альбом будзе злы?
— Насамрэч ён будзе разнастайны. Мы якраз зрабілі Darmajed сінглам, каб паказаць, што ў нас будзе такая нотка. Але яна не будзе стаяць на першых пазіцыях.
Ды пагаджуся, што ў праекце Syndrom Samazvanca мы стараліся менш сябе стрымліваць. Можна сказаць, альбом — чарговая наша спроба вызваліць свае выказванне. Таму не дзіва, што тут эмацыйная амплітуда даволі шырокая. Я не думаю, што гэта злосць у чыстым выглядзе, — хутчэй і спустошанасць, і безвыходнасць, і нуда, якія не хаваюцца. Лямант у пустэчы, — я бы назваў гэта так.
— Што датычыцца музыкі, Уладзь. Калі Tonqixod — гэта былі такія вялікія формы і адсылкі да The Doors, і далей luty sakavik, які рабіўся разам з Эрыкам Арловым-Шымкусам — ужо такая электроніка ды сынты-поп больш лёгкія па характары, то зараз з Syndromам Samazvanca ты прыходзіш ужо да псіхадэлік-року і крыху панку. Як для сябе ты вызначаеш гэту патрэбу — змяняцца?
— Сэнс у тым, што ўсе мы людзі, і ясна, што адначасова можам рабіць рознае. Калі возьмем музыку, то мне, да прыкладу, можа падабацца авангард, нават класік-авангард, і нейкі замаруджаны і пафасны арт-рок у стылі King Crimson, але ў пэўны момант я магу лёгка паслухаць «You my heart, you my soul» Modern Talking. Чаму не? Нездарма кажуць людзі: «Мне зараз пад настрой хочацца паглядзець больш лёгкае (ці іншае) кіно».
Мне падаецца, усё проста. Мы з Ромам супалі па настроі — нам захацелася нечага такога шумнага — і вось яно і выплеснулася. Тут няма нейкага рацыянальнага аспекту: склалася? паехалі!
— Але жанрава вы пазначаеце для сябе тое, што робіце?
— Прызнаюся, не. Мы робім тое больш для іншых, каб апісаць сваю музыку. Без гэтага, на жаль, ніяк. А менавіта падчас працы ў вызначэнні таго, што ствараецца, для нас няма ніякай патрэбы. Мы проста ведаем, якія новыя гурты паслухалі, абменьваемся думкамі і адчуваем, што вось неяк пайшла класная тэма. Калі вы на адной хвалі, лішніх размоваў і не трэба.
«Падсеў на гісторыю гамельнскага флейтыста»
— Дзіўная рэч, але падалося, што ваша музыка адначасова і пра лютасць, але і ў той жа час пра сыход углыб, пра трансфармацыю энергіі. Нібыта вы не ведаеце, што рабіць з гэтай хваляй лютасці, як як пераламіць, ува што. І тое, што выкарыстоўваецца бальбута, мова вольных людзей — таксама цікавы нюанс, які кажа пра магчымую рацыю маёй версіі.
— Я разумею, пра што гаворка, але аналізаваць самога сябе складана.
І з бальбутай, калі задумацца, атрымоўваецца лагічны працяг гісторыі. Калі мы ствараем музыку на мове (маецца на ўвазе беларуская — Reform.by), якую мала хто ў свеце разумее, чаму не пайсці далей — чаму не праспяваць на бальбуце, якую ведае ўвогуле колькі дзясяткаў чалавек? Усё лагічна.
— Мне падабаецца фраза, што музыка для вас становіцца нібыта вызваленнем. У сувязі з гэтым дазволю сабе абагульненне: а табе не падаецца, што менавіта зараз, асабліва ў Беларусі, музыка і стала вяртаць сабе (у які раз) гэту місію вызвалення і прамаўлення, супольнага калектыўнага пражывання, якую страціла ў часы ўмоўнага размежавання па палічках і субкультурах. Што менавіта зараз музыка становіцца патрэбай для асэнсавання больш глабальных рэчаў, і ў ёй мае патрэбу не невялікая супольнасць, а большасць? У мяне з’яўляецца такое адчуванне.
— Гэта адчуванне, відаць, у цябе выходзіць з таго, што творцы не аказаліся ў баку ад усіх падзей, што скалынаюць Беларусь. У прынцыпе, многія прысвяцілі сваю творчасць, творчую энергію на выказванне, на спробу пераасэнсавання ўсяго гэтага. І хтосьці спрабаваў пісаць гімны, хтосьці зараз стварае па слядах больш трагічных і спрабуе пражыць, «пражаваць» гэту трагедыю, якая зараз адбываецца. Усё так. Але я лічу, што падчас уласна таго, калі ты сам штосьці робіш, лепей анічога не аналізаваць. Рукі робяць, ногі скачуць — уключайся ў гэту хвалю і проста будзь шчырым. І калі так будзе, то сыграецца менавіта тое, што мае быць. І магчыма, слухач выхапіць тую самую эмоцыю, якая ў табе «кіпіць».
— Цікава, а ці была нейкая тэма, якая вяла цябе падчас напісання альбома?
— Было некалькі. Напрыклад, нешта мяне зацікавіла гісторыя гамельнскага флейтыста — персанажа сярэднявечнай легенды, які выгнаў пацукоў з горада, а калі яму не заплацілі, то вывеў і ўсіх дзяцей. Перачытаў пра яго ўсе артыкулы ў вікіпедыях на розных мовах, палез першакрыніцы глядзець, — падсеў на гісторыю ды яе адаптацыі. Карацей, усё пачалося з запаўнення прагалаў ва ўласнай адукацыі, а потым раз — і штосьці ў нейкіх тэкстовачках пачало прасочвацца, пэўныя вобразы пачалі вымалёўвацца. На ўзроўні пошуку глабальных метафар — так, усё ёсць, але праяўляцца можа зусім не так, як чакаецца.
Слухаць альбом Sonk музычнага праекта Syndrom Samazvanca можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: