36 людзей слова цяпер знаходзяцца за кратамі ў Беларусі, беларуская мова можа стаць нагодай для затрымання, а творы беларускіх пісьменнікаў знікаюць са школьных праграм і паліц кніжных крамаў. Reform.news сустрэўся з прэзідэнткай Беларускага ПЭНа Таццянай Нядбай, каб даведацца, як арганізацыя адаптавалася да новай рэчаіснасці, чаму эміграцыя робіць беларускую літаратуру больш адкрытай, і што матывуе персанальна яе працягваць дзейнічаць.
Беларускі ПЭН — гэта аб’яднанне Людзей слова дзеля пабудовы прасторы для развіцця культуры, дыялогу і рэалізацыі патэнцыялу творцаў, абароны грамадзянскіх і культурных правоў і свабодаў Людзей слова. Арганізацыя была заснавана яшчэ ў 1989 годзе і прынята ў Міжнародны ПЭН годам пазней.
Пасля ліквідацыі ў 2021 годзе Беларускі ПЭН быў вымушаны пакінуць краіну. Прэзідэнтка арганізацыі Таццяна Нядбай пачала адбудоўваць дзейнасць наноў. Беларускі ПЭН быў перарэгістраваны ў Польшчы летам 2022 года. Таццяна распавядае, што гэта быў досыць цяжкі час:
— Хаця мы ні на адзін дзень не спынялі нашай працы, я толькі нядаўна зразумела, што мы насамрэч выжылі. У нас істотна змянілася каманда — прыйшло шмат новых людзей, нехта сышоў. Але толькі цяпер, увесну 2024, мы можам сказаць, што мы выжылі: як арганізацыя мы здолелі ўтрымацца ў новай сітуацыі і цяпер зноў можам думаць пра развіццё, а не выжыванне.
На арганізацыю навалілася шмат — ліквідацыя, рэлакацыя, рэгістрацыя ў новых умовах. З іншага боку, лічыць Таццяна, любая крыза змушае праводзіць рэвізію сваёй дзейнасці і дае прастору для росту.
— Мне вельмі радасна, што мы захавалі сваю сутнасць. Пасля ліквідацыі ПЭН абвесціў «Маніфест няпэўнага часу», у якім дэклараваў, што «ўсё, што мы робім, мы робім з думкамі пра Беларусь і для Беларусі», а асноўным крытэрам прыналежнасці да беларускай культурнай супольнасці мы бачым не тэрытарыяльны, а каштоўнасны. Гэта асабліва істотна з улікам таго, што шмат дзеячаў культуры выехала, і мы павінны трымаць іх у фокусе.
Таццяна прызнаецца, што для дзейнасці часта не хапае сродкаў і працоўных рук.
— ПЭН не адчувае сябе стабільна і функцыянуе ў кароткачасовым планаванні тры-пяць месяцаў. Гэта не самыя лепшыя ўмовы для працы. Здараюцца і памылкі, але гэта амаль заўжды добры досвед, з іх робім высновы, становімся мацнейшымі, намагаемся не паўтараць. Разам з тым ёсць фантастычная падтрымка партнёраў — без іх мы б не справіліся.
Нягледзячы на праблемы, ПЭН далей працягвае працаваць у двух асноўных кірунках: творчым і праваабарончым. Шмат у чым яны пераплятаюцца паміж сабой, тлумачыць Таццяна. У творчым напрамку ПЭН у партнёрстве з іншымі арганізацыямі праводзіць літаратурныя прэміі і рэалізуе праекты, якія спрыяюць прафесійнаму развіццю творцаў.
— Беларуская літаратура існуе ва ўмовах рэпрэсій, таму ўсе праекты, накіраваныя на падтрымку развіцця літаратуры — так ці іначай пра абарону культурных правоў. Але асобна мы робім маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры. Раз у тры месяцы публікуем аналітычныя справаздачы, дзе прыводзім статыстыку і расказваем пра трэнды і віды парушэнняў, а кожныя два тыдні — аператыўныя агляды.
У сферы праваабароны ПЭН фіксуе і дакументуе парушэнні ў дачыненні да ўсіх прадстаўнікоў культуры, не толькі пісьменнікаў.
— У 2019 годзе, калі мы пачыналі маніторынг і меркавалі сканцэнтравацца на літаратуры, зразумелі, што ў іншых сегментах культуры такі маніторынг не робіцца, таму вырашылі «ўзяць пад сваё крыло» ўсё культурніцкае поле. Але калі мы кажам пра творчы кірунак, то тут нашай асноўнай мэтавай групай застаюцца пісьменнікі, але ў шырокім сэнсе гэтага слова: перакладчыкі, літаратары, журналісты, рэдактары, выдаўцы, даследчыкі і тыя, хто стварае слова і бароніць яго майстроў.
Беларускі ПЭН называе іх «Людзі слова», распавядае прэзідэнтка арганізацыі Таццяна Нядбай.
— Беларуская культура знаходзіцца пад прэсам. Няма свабоды выказвання меркаванняў, нельга выказвацца супраць гвалту, беларускія кнігі трапляюць пад забарону.
На сёння 36 Людзей слова знаходзяцца за кратамі, але не ўсе яны толькі літаратары, тлумачыць Таццяна. Напрыклад, Максім Знак працаваў як юрыст, аднак літаратурная творчасць — істотная частка ягонай ідэнтычнасці.
— Ён рэалізоўваў сябе ў аўтарскай песні, пісаў вершы, у турме перайшоў да прозы. У першы год адседкі яшчэ можна было перадаць рукапіс на волю, і тады выйшла кніга Максіма «Зэкамерон», якая сёння апублікаваная на беларускай, расійскай, англійскай, шведскай, нямецкай мовах.
Кніга «Зэкамерон» увайшла ў шорт-ліст брытанскай Прэміі Рэспублікі Свядомасці (Republic of Consciousness Prize), а раней атрымала прэмію Англійскага ПЭН (English PEN).
— Альбо Андрэй Аляксандраў, які працаваў медыяменеджарам, але пісьменніцтва — таксама значная частка яго жыцця. Праваабаронца і нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі прыйшоў у праваабарону з літаратурнага асяроддзя, але і надалей паралельна з дзейнасцю Праваабарончага цэнтра «Вясна» дбаў пра беларускае слова і літаратуру. «Людзі слова» спрычыняюцца да развіцця слова і абароны яго майстроў.
На сёння ў ПЭН уваходзяць каля 80 чальцоў. Таццяна кажа, што пры перарэгістрацыі ў гэтых умовах ва ўсіх пытаюцца, ці гатовыя яны працягваць сяброўства ў арганізацыі і ў якім фармаце — публічным або не — гэта клопат пра бяспеку сяброў.
— Мы разумеем, што гэта можа быць небяспечна. Калісьці, яшчэ да 2020-га, мы прынялі рашэнне, што будзем публічыць сябраў ПЭНа. Нам здавалася, што людзі павінны ведаць, хто з’яўляецца чальцом. Але пасля 2020 года мы зрабілі фармат публічнага і непублічнага сяброўства, то-бок, мы не згадваем імя чалавека без ягонага дазволу.
Беларускае аддзяленне ПЭНа стваралася ў 1989 годзе і грунтавалася на каштоўнаснай рамцы міжнароднай арганізацыі. Хартыя ПЭНа дзейнічае для ўсіх, і трэба яе прытрымлівацца, гаворыць Таццяна.
— Сёння існуе больш за 140 ПЭНаў па ўсім свеце, як у краінах з развітымі дэмакратыямі, так і ў краінах з дыктатурамі і таталітарнымі рэжымамі (у гэтым выпадку часта гэтыя ПЭНы функцыянуюць у выгнанні). Уявіце сабе: Эрытрэя, Паўночная Карэя, Кітай, Фландрыя, Уэльс, ПЭН краіны Баскаў і іншыя. У кожнага ПЭНа свае праблемы, свой парадак дня і спіс пытанняў, якія яны вырашаюць, але ў сваёй дзейнасці ўсе абапіраюцца на агульную каштоўнасную рамку. Для Беларускага ПЭНа таксама важны складнік правоў чалавека, таму што мы з’яўляемся часткай Беларускага Дома Правоў Чалавека.
Часта людзі нешта чакаюць ад арганізацыі, мяркуючы, што сяброўства ў ПЭН нічога не дае, прызнаецца Таццяна. Яна лічыць, што гэта савецкі падыход, калі чальцам дзяржаўнага Саюза пісьменнікаў давалі дадатковыя метры ў кватэрах ці лецішча або іншыя выгоды. Для яе сяброўства ў арганізацыі — гэта спосаб далучыцца да супольнасці, каб спрычыніцца да вырашэння грамадскіх праблемаў.
— ПЭН — гэта інструмент, таму, на мой погляд, сябры павінны думаць аб тым, што яны даюць арганізацыі. Літаратары кажуць аб праблеме адсутнасці свабоды слова, і яны працуюць на вырашэнне. Мы — людзі слова — аб’ядноўваемся, каб гэтую праблему вырашаць, бо разам не толькі «біць лягчэй», але і ствараць, бараніцца, вырашаць праблемы. Разумець, што поспехі і дасягнення ПЭНу — гэта і дасягненні сябра.
Для Таццяны быць чальцом аб’яднання — значыць спрычыняцца да дзейнасці гэтай арганізацыі, сваім імем і аўтарытэтам падтрымліваць гэтую дзейнасць, быць свайго роду амбасадарам.
— Гэта павінна быць сітуацыя win-win, калі чалавек сваім аўтарытэтам умацоўвае арганізацыю і наадварот. Разам з тым, бывае так, што дарогі разыходзяцца, калі чалавек разумее, што каштоўнасна ён перастае супадаць з аб’яднаннем, што яму больш няблізкія тыя мэты і задачы або спосабы дзеяння, якія ставіць перад сабой ПЭН, — гэта таксама нармальна.
У сваіх аналітычных паперах Беларускі ПЭН закранае тэму русіфікацыі Беларусі. Часта бывае так, што матэрыялаў для адной справаздачы зашмат, распавядае Таццяна, таму некаторыя праблемы, якія патрабуюць больш глыбокага разгляду або асобнай увагі, ПЭНам выносяцца ў асобны матэрыял.
— Такая тэма, напрыклад, «Русіфікацыя Беларусі». Я бы не сказала, што сама па сабе руская мова небяспечная. Праблема ў тым, што беларуская мова не мае нармальных магчымасцяў для існавання і развіцця, не кажучы ўжо пра нейкія прэферэнцыі, што было б лагічна пасля доўгага перыяду ўціску. Беларуская мова — гэта знак нелаяльнасці. А для нас, беларускіх пісьменнікаў, беларуская мова зрабілася нашым домам, які мы носім з сабой.
Кнігі па-беларуску выклікаюць большую ўвагу сілавікоў. Беларускамоўных пратэстоўцаў у 2020 годзе пазначалі дадатковымі адметкамі, каб іх збівалі мацней. Сёння размаўляць па-беларуску публічна можа быць падставай для затрымання, працягвае думку Таццяна.
— Па маім перакананні, беларуская культура не мае сваёй дзяржавы. Адбываецца свядомае прасоўванне ідэалогіі «рускага свету», якое захоплівае публічную прастору. Выкарыстоўваюцца каланіяльныя канцэпты, цэлы комплекс каштоўнасных уяўленняў, каб зачысціць беларускую прастору і замяніць яе на ідэалогію «рускага свету». Гэта вельмі небяспечна.
Таццяна кажа, што прагне, каб беларуская мова стала проста сродкам камунікацыі, каб гэта было нармальнасцю, і свядомае грамадства не несла гэта як сцяг.
— Калісьці я перакладала кнігу Эвы Томпсан «Расійская літаратура і каланіялізм». Аўтарка выкарыстоўвала посткаланіяльную оптыку ў дачыненні да расійскай літаратуры. Томпсан паказвае, як расійская літаратура стварае, умацоўвае і потым прапагандуе міф аб тым, што Масква цывілізавала ўсе прылеглыя тэрыторыі. Выкарыстоўвае прыніжаючыя назоўнікі кшталту “чуркі, хахлы, бульбашы” ў дачыненні да менш, на іх думку, цывілізаваных народаў. Насамрэч культура ў Маскву ішла з Захаду. Пра гэта намагаюцца забыць і зрабіць наадварот — што Беларусі і Украіне патрэбна знешняе кіраванне, каб паказаць, як трэба жыць. Такое ж стаўленне да Каўказа і Цэнтральнай Азіі, хаця іх культура нашмат старэйшая за расійскую.
На думку Таццяны Нядбай, расійскую літаратуру нельга «адмяняць» — наадварот, яе трэба вельмі ўважліва чытаць, каб разумець і бачыць імперскія наратывы і абвяргаць іх. Ад таго, што мы заплюшчым вочы і перастанем іх бачыць, яны не знікнуць, мяркуе Таццяна.
Беларускі ПЭН разам з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі рэалізуе літаратурныя прэміі. Усяго існуе каля 10 такіх прэмій, кожная з якіх прысвячаецца нейкаму літаратурнаму жанру ці віду літаратурнай дзейнасці — проза, паэзія, пераклад, дзіцячая літаратура і г. д. Але дзве найстарэйшыя літаратурныя прэміі з’явіліся яшчэ ў 1995 і 1996 гадах, калі ПЭН заснаваў прэміі імя Францішка Багушэвіча і Алеся Адамовіча — за гістарычную прозу і публіцыстыку адпаведна. Таццяна распавяла пра планы арганізаваць новую прэмію.
— Разам са Святланай Алексіевіч мы плануем анансаваць узнагароду за найлепшыя сведчанні, за галасы, якія фіксуюць бягучы час. Вельмі важна, каб пісьменнікі мелі сілы для фіксавання нашай складанай рэчаіснасці. Гэта могуць быць палітзняволеныя са сваімі дзённікамі, тэмы, звязаныя з пратэстамі альбо досведам эміграцыі і ўдзелу ў вайне. Як той казаў, падпісвайцеся і чакайце навінаў.
ПЭН плануе аднаўленне майстар-класаў для маладых літаратараў, якія актыўна праводзіліся ў 2000-х — 2010-х гадах. Сама Таццяна была ўдзельніцай такіх сустрэч, якія інтэгравалі яе ў літаратурнае асяроддзе. Раней дзейнічала перакладніцкая майстэрня, дзе маладыя і дасведчаныя перакладчыкі прыносілі свае працы на абмеркаванне і атрымлівалі фідбэк. Зараз Беларускі ПЭН мае намер аднавіць гэтыя праекты і шукае на гэта сродкі.
— Мы працуем над магчымасцю рэзідэнцыі і падтрымкі дзеячаў культуры, каб літаратары маглі развіваць свой творчы патэнцыял. Пераважна мы спрабуем падтрымаць тых, хто застаўся ў Беларусі, гэта для нас прыярытэт, але не забываем і пра тых, хто выехаў, бо мы — адна супольнасць, а сёння падтрымліваць наша адзінства — яшчэ адзін выклік. На жаль, не магу падрабязна распавесці пра дзейнасць унутры краіны з мэтаў бяспекі. ПЭН не адмовіўся ад магчымасці працаваць у Беларусі.
На думку Таццяны, літаратарам можна заставацца нават у ізаляваным таталітарным рэжыме, ва ўмоўнай Паўночнай Карэі:
— Нават у самыя цёмныя 1937-1939 гады ў Беларусі заставаліся пісьменнікі. Сёння няма магчымасці публічнай дзейнасці: ёсць «чорныя спісы», забароны на цытаванне. Зрэшты, яшчэ да 2020 года гэта было. Напрыклад, пасля 2010 года песні на вершы Уладзіміра Някляева транслююцца на дзяржаўных каналах, але без пазначэння яго аўтарства. Улады імкнуцца зрабіць пісьменнікаў нябачнымі, забытымі, невядомымі і выкрасленымі.
Пасля мы маем сітуацыю, калі Дастаеўскага і Пушкіна мы ведаем, а беларускіх пісьменнікаў — не. Але гэта не пра вагу і талент, гэта пра інфармаванасць і доступ пісьменнікаў да чытачоў, а чытачоў да твораў: праз кнігарні, бібліятэкі, школьныя праграмы, сустрэчы з пісьменнікамі, эфіры публічных СМІ і розныя іншыя фарматы. Таму і не ведаем, што ў нашых пісьменнікаў амаль няма магчымасці сустрэцца з чытачом.
З іншага боку, кажа Таццяна, магчыма заставацца беларускім пісьменнікам і па-за межамі краіны. Гэта паказвае прыклад Альгерда Бахарэвіча, Святланы Алексіевіч, Андрэя Хадановіча, шматлікіх іншых.
— Нават калі пісьменнікі не пішуць па-беларуску, яны застаюцца беларускімі пісьменнікамі. Юлія Цімафеева свой дзённік спачатку пісала па-англійску, толькі нядаўна ён выйшаў у беларускім перакладзе. Гэта, на маю думку, і Саша Філіпенка, які значную частку свайго жыцця быў па-за краінай, а цяпер ягоныя кнігі ў перакладзе на беларускую мову маюць вялікі поспех (нядаўна «Былы сын» выйшаў у выдавецтве «Гутэнберг»). Таццяна Заміроўская піша на рускай мове, але для мяне яна беларуская пісьменніца. Уладзімер Арлоў застаецца беларускім пісьменнікам незалежна ад свайго месцазнаходжання. Наш час дапамагае заставацца на сувязі з Беларуссю, нават не знаходзячыся ў ёй. Нашыя літаратары хутчэй ментальна ўкаранёныя ў прастору, чым фізічна.
Боль ад немагчымасці быць дома дазваляе пісаць новыя беларускія творы, мяркуе Таццяна.
— Многія ўспрымалі Святлану Алексіевіч як расійскую літаратарку праз тое, што яна рускамоўная. Але шмат хто з рускіх пісьменнікаў вельмі негатыўна ўспрыняў Нобель Святланы, яны хацелі, каб гэта быў Пелевін, Сарокін, іншыя. Многія беларусы наадварот вельмі радаваліся, нават калі раней скептычна ставіліся да такога варыянту. Сама Святлана — вельмі паглыбленая ў Беларусь і беларускую справу: яна заўсёды цікавіцца і справамі ў ПЭНе, і справамі канкрэтных людзей, шмат каму дапамагае, не афішуючы гэтага. У Беларусі ў яе застаўся дом, па якім сумуе. Тэксты яе, безумоўна, шырэйшыя, я бы сказала, яны пра павароты гісторыі і чалавека на гэтых паваротах, але гэта толькі дадае вымярэння нашай літаратуры.
Паводле прэзідэнткі ПЭН, беларуская літаратура досыць герметычная, яна мала адкрываецца свету. Да таго ж, няшмат перакладчыкаў з беларускай мовы.
— Многія цікавыя для беларускай аўдыторыі творы не цікавыя замежнікам. Наша літаратура вельмі сканцэтравана на самой сабе. У 2020 годзе свет зноў заўважыў Беларусь, і замежнікі былі гатовыя чытаць нашы творы. Цімафеева і Бахарэвіч распавядалі, што ладную частку іх часу займалі бясконцыя інтэрв’ю замежным медыя – і гэта добра, што быў запыт на інфармацыю пра Беларусь.
Таццяна мяркуе, што раскіданасць пісьменнікаў па ўсім свеце зробіць беларускую літаратуру больш адкрытай.
— Наш досвед эміграцыі дадасць новыя лакацыі ў нашыя творы, атмасферы Вільні, Варшавы, Берліна, іншых гарадоў. Гэта можа зрабіць кнігі цікавымі для жыхароў гэтых гарадоў або для іншых мігрантаў, якія могуць свой досвед іміграцыі параўнасць з тым, што апісана беларускімі аўтарамі. У кожным разе, літаратарам трэба будзе «перажыць» у кнігах 2020 год і яго наступствы, а праз гэтыя кнігі — і чытачам, грамадству. Перажыць тое, што нашы суседзі, знаёмыя знаёмых або нават чальцы сям’і катавалі і збівалі затрыманых у 2020-м, займаюцца карнымі аперацыямі цяпер, здзекуюцца са зняволеных і іх сваякоў, дзяцей і састарэлых бацькоў. Гэта таксама беларусы, нам з імі жыць у адной краіне. Калі мы не адрэфлексуем сённяшнія падзеі, гэты боль будзе вяртацца да нас.
На пытанне, што матывуе на працяг дзейнасці, Таццяна адказвае:
— Немагчыма спыніцца зараз. Здараецца, што вечарам апускаюцца рукі і хочацца здацца. Але зранку прачынаешся і разумееш, што трэба працаваць за сябе і за тых, хто за кратамі. Я разумею, што наша барацьба надоўга, але я веру, што раблю правільныя рэчы і будзе пазітыўны вынік.
Спецпроект «Выжившие» фиксирует состояние беларусских организаций гражданского общества (ОГО) в 2024 году.