У лік трох фіналістаў Прэміі маладых дырыжораў імя Герберта фон Караяна быў абраны беларускі дырыжор Віталь Алексяёнак. Ён будзе змагацца за перамогу ў конкурсе на Зальцбургскім фестывалі ў жніўні з аўстрыйцам Тобіасам Вегерэрам і карэйцам Ханкелем Юнам.
Вызначэнне трох фіналістаў прэстыжнай Прэміі адбылося 3 красавіка пасля рэпетыцыі дырыжораў-канкурсантаў з Аркестрам Моцартэум і œnm — аўстрыйскім ансамблем новай музыкі — у прысутнасці журы конкурсу. Журы абрала спадароў Віталя, Тобіаса і Ханкеля, і іх наступным крокам стане дырыжыраванне гадзінным канцэртам на Зальцбургскім фестывалі ў Аўстрыі — сусветнавядомым форуме музыкі і драмы.
«Я надзвычай удзячны за гэты давер, прызнанне і падтрымку, і віншую маіх дарагіх калегаў Тобіаса і Ханкеля і іншых удзельнікаў, якія, хоць і не прайшлі ў фінал, былі выбраны з больш чым 320 заявак і прарабілі фантастычную працу», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook Віталь Алексяёнак.
«Прыходзьце і падтрымайце нас. Мой канцэрт адбудзецца 5 жніўня з зальцбургскай «Камератай», — запрасіў на свае выступленне беларускі музыкант.
Прэмія маладых дырыжораў Герберта фон Караяна — гэта ініцыятыва Зальцбургскага фестывалю ў супрацоўніцтве з Інстытутам Эліет і Герберта фон Караяна. Тры фіналісты, якія прэтэндуюць на прэстыжную прэмію маладых дырыжораў, лічацца аднымі з самых яркіх дырыжорскіх талентаў наступнага пакалення. Кожны з іх правядзе свой уласны канцэрт з зальцбургскай «Камератай» і атрымае шанец пераканаць як аўтарытэтнае журы, так і гледачоў фестывалю ў сваім майстэрстве.
Таксама пераможца, якога вызначыць журы пасля апошняга канцэрта, можа разлічваць на грашовы прыз у памеры 15 000 еўра і запрашэнне на Зальцбургскі фестываль наступнага — 2024 года.
Тым часам пакуль ідзе падрыхтоўка на фінальнага этапу конкурсу, Віталь Алексяёнак анансаваў свае бягучыя праекты.
«Я шчаслівы вярнуцца ў Дзюсельдорф, пагрузіўшыся ў інтэнсіўныя рэпетыцыі з дарагім мне Дзюсельдорфскім сімфанічным аркестрам, — адзначыў ён. — У тым ліку [ў рэпетыцыі] над «Метамарфозамі» Штрауса, Базельскім канцэртам і «Вясной свяшчэннай» Стравінскага ў рамках нашай новай пастаноўкі ў Нямецкай оперы на Рэйне. Наперадзе столькі ўзрушаючай музыкі і супрацоўніцтва з фантастычнымі людзьмі — які гэта падарунак», — з натхненнем напісаў музыка.
Для Віталя Алексяёнка, які родам з Вілейкі, нагадаем, гэта ўжо не першы досвед працы на міжнароднай акадэмічнай сцэне. У пазамінулым годзе ён працаваў галоўным дырыжорам у аркестры Мюнхенскага ўніверсітэта. У кастрычніку 2021 года перамог у конкурсе дырыжораў імя Артура Тасканіні — заняў I месца, атрымаў прыз глядацкіх сімпатый. У 2022 годзе быў запрошаны ў тэатр La Scala для пастаноўкі оперы «Маленькі Прынц» паводле казкі Экзюперы, а затым быў прызначаны на пасаду дырыжора ў Нямецкай оперы на Рэйне.
На пачатку года Віталь Алексяёнак быў запрошаны на пасаду галоўнага запрошанага дырыжора ў сіцылійскі Тэатр Масіма Беліні ў Катаніі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: