Беларуская Асацыяцыя Журналістаў была ліквідавана ўладамі ў 2021 годзе. Хутка аднавіўшы сваю дзейнасць за мяжой, арганізацыя працягвае трымаць увагу міжнароднай журналісцкай супольнасці на жахлівым стане свабоды слова ў Беларусі. Reform.news паразмаўляў з намеснікам старшыні БАЖ Барысам Гарэцкім пра тое, як, нягледзячы на рэпрэсіі і скарачэнне фінансавання, у беларускіх медыя атрымліваецца быць у тэхналагічным авангардзе і захоўваць давер беларускай аўдыторыі.
Беларуская Асацыяцыя Журналістаў (БАЖ) уяўляе сабой найбуйнейшае дэмакратычнае аб’яднанне прафесіяналаў СМІ Беларусі. З 1995 года арганізацыя павышае прафесійныя здольнасці журналістаў, абараняе іх правы, праводзіць маніторынг падзей і тэндэнцый у сферы медыя. БАЖ з’яўляецца чальцом Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў.
«Для БАЖ усе сябры застаюцца сябрамі»
Журналісцкая арганізацыя БАЖ была створана ў 1995 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, — распавядае Барыс Гарэцкі. Адразу ж пачаўся наступ на свабоду слова: у газетах з’явіліся белыя плямы, шматлікія лакальныя і рэспубліканскія выданні сутыкнуліся з абмежаваннямі. У такіх умовах журналісты вырашылі, што патрэбна арганізацыя, якая будзе абараняць іх правы. З часам БАЖ змяняўся і павялічваўся, але мэты арганізацыі захаваліся. Сёння БАЖ займаецца чатырма асноўнымі кірункамі: праваабарона, падтрымка журналістаў і медыя, адукацыя і інфармацыйная дзейнасць. Пасля 2020 года абарона правоў журналістаў і медыя стаіць на першым месцы.
— Праваабарончая дзейнасць выйшла па-за межы Беларусі. Журналісты ў эміграцыі патрабауюць юрыдычнай дапамогі. На жаль, падобна, што правааборончы кірунак будзе захоўвацца, таму што 37 нашых калег знаходзяцца за кратамі, і тэндэнцыя не ідзе ў бок паляпшэння.
Былі гады, калі адукацыйны кірунак выходзіў на першае месца ў працы БАЖ, тлумачыць Барыс. У той час ціску на медыя было меней, і найбольш актуальнай з’яўлялася адукацыя. Праграмы па павышэнні кваліфікацыі па-ранейшаму працягваюць існаваць.
— І цяпер запыт на адукацыю ёсць, з’яўляюцца новыя тэхналогіі, новыя інструменты, і медыйшчыкам важна разумець, як працаваць з імі. Праўда, цяпер запыт крыху ніжэйшы па шэрагу прычын: сёння беларускія незалежныя медыя тэхналагічна апярэджваюць медыярынкі бліжэйшых краінаў — 2020 год даў усім нам вялізны штуршок працаваць вельмі хутка і вельмі глыбока. З другога боку, сёння медыясектар знаходзіцца ў вельмі складаных умовах. І калі ты знаходзішся ў стане выжывання, ты менш думаеш пра адукацыю, а больш пра тое, як знайсці сродкі на сваю працу.
Вялікую частку працы займае міжнародны інфармацыйны кірунак. БАЖ — чалец шматлікіх міжнародных арганізацый: Міжнародная і Еўрапейская Федерацыя Журналістаў, IFEX, сябруе з «Рэпарцёрамі без межаў» і Камітэтам Абароны Журналістаў, і многімі нацыянальнымі журналісцкімі саюзамі і асацыяцыямі Еўропы. Вядзецца збор інфармацыі з публічных і непублічных крыніц для рассылак і інфармавання міжнародных арганізацый аб стане беларускіх медыя, тлумачыць Барыс.
— Працуючы разам з міжнароднымі партнёрамі, мы ствараем магчымасці для журналістаў, прасоўваем беларускае пытанне, каб Беларусь была ў павестцы дня.
Да юрыдычнай ліквідацыі ў 2021 годзе ў БАЖ існавала моцная сістэма рэгіянальных філій і суполак, бо незалежная журналістыка ў рэгіёнах была заўсёды ў моцным фокусе ўвагі. Барыс прызнае, што з юрыдычнай ліквідацыяй і наданнем статуса экстрэмісцкага фармавання БАЖ не можа праводзіць ніякую дзейнасць унутры Беларусі.
— Наш рэгіянальны кірунак сёння пашырыўся да шасці краін, дзе сёння працуюць калегі і медыя: Беларусь, Літва, Польшча, Грузія, Нямеччына і Украіна. Там, дзе знаходзяцца беларускія журналісты, ёсць патрэбы. Канешне, асноўнае, што змянілася пасля 2020 года — гэта ўмовы працы.
Да ліквідацыі сябры арганізацыі плацілі ўнёскі, і адпаведна мелі прыярытэты ў некаторых адукацыйных і арганізацыйных магчымасцях. Барыс кажа, што з 2020 года БАЖ робіць усё для медыйшчыкаў, незалежна ад таго, ці з’яўляецца чалавек чальцом арганізацыі, ці не.
— Нягледзячы на тое, што Вярхоўны Суд незаконна ліквідаваў нас, для БАЖ усе сябры (менавіта так напісана ў нашым статуце — «сябры») застаюцца сябрамі. І канешне, мы сёння дапамагаем нашымі праграмамі не толькі сябрам БАЖ. Адзінае, што ёсць выключна для сяброў БАЖ — гэта міжнародная прэс-карта IFJ. Міжнародная федэрацыя журналістаў выдае прэс-карты толькі сябрам нацыянальных саюзаў журналістаў. Што тычыцца рэпрэсаваных калег і калег за кратамі, то кожны і кожная з іх для нас важныя, незалежна ад таго, у БАЖы яны ці не.
На дадзены момант БАЖ мае каля 1300 сябраў арганізацыі. Кіраўнік асацыацыі ўсцешана гаворыць, што пасля прызнання «экстрэмісцкім фармаваннем» у БАЖ нават быў пэўны ўсплёск уступлення ў арганізацыю, людзі так выказвалі сваю салідарнасць.
— Што мы страцілі з-за юрыдычнай ліквідацыі? З-за ліквідацыі БАЖ згубіў магчымасць выдаваць свой афіцыйны часопіс «Абажур». Але ў цяперашняй сітуацыі мы ўсё адно не змаглі б яго выдаваць у Беларусі. Таксама немагчымай стала праца Камісіі па этыцы БАЖ. У ранейшыя гады камісія была важным органам, куды грамадства, юрыдычныя і фізічныя асобы маглі звяртацца са скаргамі на медыя. У 2021 годзе камісія спыніла сваю працу, бо нават звяртацца ў яе цяпер стала «незаконна» з пункту гледзішча сілавікоў.
Юрыдычная асоба ці чалавек маглі паскардзіцца на любое медыя, калі асоба палічыла, што яе правы парушаны. Гэта быў вельмі важны механізм прафесійнага рэгулявання, тлумачыць Барыс.
«У журналістаў няма гумовых дручкоў, куляў ці кайданоў. У нас ёсць слова»
БАЖ рэгулярна выпускае электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі», «Маніторынг свабоды слова» і іншыя. Гэта прафесійныя даследаванні, якія фіксуюць узровень свабоды слова і інцыдэнты з медыя ў Беларусі. Паводле Барыса, такія дакументы патрэбны, бо гэта інструмент уплыву на сітуацыю.
— У журналістаў няма гумовых дручкоў, куляў ці кайданоў. У нас ёсць слова. Журналісты могуць асвятляць нейкую праблему для грамадства праз інфармацыйную дзейнасць, і мы гаворым аб праблемах свабоды беларускіх медыяў. Ясна, што аператыўныя паведамленні, напрыклад, аб затрыманні журналістаў, больш накіраваны на наша грамадства. Маніторынгі і даследаванні робяцца, каб паказваць свету, як насамрэч выглядае сітуацыя з свабодай слова ў Беларусі. Часам раптам чуеш галасы ад замежных калег, што ў Беларусі быццам бы не ўсё так кепска. Насамрэч сітуацыя жахлівая.
Цяпер Беларусь знаходзіцца на 157-м месцы ў сусветным рэйтынгу свабоды слова «Рэпарцёраў без межаў». Большасць такіх рэйтынгаў складаецца з лакальных маніторынгаў, якія выпускаюць арганізацыі абароны правоў журналісцкай супольнасці, тлумачыць Барыс.
— На жаль, сёння мы вельмі мала можам казаць пра свае актыўнасці публічна. Ёсць праграмы падтрымкі журналістаў, юрыдычнага суправаджэння ў Беларусі і за мяжой. Для гэтага працуюць нашыя юрысты. Мы па-ранейшаму можам браць матэрыялы на экспертызу і кансультаваць людзей перад і пасля публікацыі.
Акрамя гэтага летась аднавіўся нацыянальны журналісцкі конкурс «Вольнае слова». Раней удзельнічаць маглі толькі сябры арганізацыі, але цяпер конкурс праводзіць не БАЖ (каб пазбегнуць «экстрэмісцкіх» пагроз для калег), а Еўрапейская Федэрацыя журналістаў, таму далучыцца можа кожны жадаючы. Канферэнцыя па выніках конкурсу — важная журналісцкая падзея, бо яна фіксуе стан беларускай журналістыкі, распавядае Барыс.
— Таксама за апошні год БАЖ з партнёрамі правёў больш за 25 розных акцый салідарнасці ў падтрымку беларускіх журналістаў у розных краінах свету, ад Аўстраліі да Канады. Фотаздымкі і імёны палітзняволеных знаходзяцца на сайце БАЖ.
Кожны чалавек ці арганізацыя можа раздрукаваць партрэты і падтрымаць зняволеных. Барыс лічыць зняволеных журналістаў, сітуацыю са свабодай слова, узмацненне рэпрэсій галоўнымі выклікамі для супольнасці.
— Фактычна ў Беларусі нельга працаваць журналістам, таму медыясектар сур’ёзна церпіць. Замест нацыянальных выданняў — «Зеркала», «Наша Ніва» — і рэгіянальных выданняў, ствараюцца псеўдаграмадска-палітычныя выданні тыпу «Точка.бай», «Спутнік». Пад выглядам незалежнай журналістыкі распаўсюджваюцца прадзяржаўныя медыя.
Сайты незалежных медыя заблакаваны, падпісацца на Telegram можа быць небяспечна. Медыяландшафт змяняецца, беларуская аўдыторыя ўсё больш адразаецца ад праўдзівай інфармацыі, фіксуе Барыс.
— З іншага боку, ёсць плюс у развіцці тэхналогій. Пры заблакаваных сайтах у нас ёсць рокет-старонкі, падказваючыя сэрвісы, Youtube. Нават калі чалавек не падпісаны на медыя, можна ўбачыць відэа ў трэндах. Чытачы навучыліся карыстацца ананімайзерамі і віпіэнамі.
«Дыктатарская ўлада хоча, каб людзі ішлі як паслухмяныя авечкі туды, куды скажа Азаронак»
Тры гады таму журналіст «КП у Беларусі» Генадзь Мажэйка апынуўся за кратамі за просты каментар, які ён узяў у знаёмай Андрэя Зельцэра. Працаваць грамадска-палітычным журналістам у Беларусі дакладна небяспечна, але нельга адназначна сказаць, што журналістыкі ў Беларусі няма, лічыць намеснік старшыні БАЖ. У Беларусі засталося некалькі незалежных рэгіянальных выданняў, хаця максімальна далёкіх ад палітыкі.
— Выехаўшыя медыя знайшлі ў сабе сілы, каб перафарматавацца і рабіць якасны журналісцкі прадукт для Беларусі з-за мяжы. Аднак, трэба прызнаць, што на нашу працу за мяжой уплывае закрытасць дзяржавы. Нават простую інфармацыю фільтруюць, змяняюць статыстыку, таму зараз працаваць складаней.
Як распавядае Барыс, у БАЖ заўсёды была прымаўка: у выбарах змагаюцца палітыкі, але дастаецца журналістам. Кожны выбарчы цыкл суправаджаўся серыяй рэпрэсій супраць усіх незалежных медыя. Улады бачаць журналістаў бадай што галоўнымі сваімі ворагамі.
— Дыктатура лічыць, што праблему можна не выпраўляць, калі пра яе не ведаюць. Для іх праблема — калі грамадства даведваецца аб праблеме. Гэта было і ў Савецкім Саюзе, дзе любая крытычная інфармацыя была забаронена. Дыктатарская ўлада хоча, каб людзі ішлі як паслухмяныя авечкі туды, куды скажа Азаронак. Каб людзі не глядзелі на сваю зарплату, на колькасць палітзняволеных, ці раптам не пабачылі, як жывуць у свабодным еўрапейскім грамадстве. Таму журналістам і дастаецца, таму што можа быць па-іншаму.
Журналістаў абвінавачваюць, што яны вывелі людзей на пратэсты, працягвае думку Барыс, але ж гэта зусім не так.
— У 2020 годзе грамадства сутыкнулася з такой інфармацыяй, якая не магла пакінуць людзей абыякавымі. Так, гэтую інфармацыю распаўсюджвалі медыя. Так, казалі пра загінулых ад каронавіруса. Так, казалі аб збітых на акцыях пратэсту. Чытаючы праўдзівыя незалежныя СМІ, людзі выйшлі, бо так далей было ўжо немагчыма.
«Нашы выданні — гэта гісторыя поспеху»
Пасля вымушанага выезду за межы сітуацыя ў СМІ змянілася. У Беларусі медыя маглі зарабляць на рэкламе, але цяпер такіх магчымасцей значна менш. Шмат што залежыць ад донараў, тлумачыць Барыс.
— Але калегі стараюцца і з уласнай манетызацыяй. Напрыклад, на «Зеркале» хапае рэкламных акенак — гэта значыць, што невялікі рэкламны прыбытак ідзе ў рэдакцыю. Але аб’ём такіх прыбыткаў, канешне, не параўнальны з часамі працы ў Беларусі.
На донарскім рынку таксама адбываюцца змены. Да 2022 года Беларусь была адзінай краінай у рэгіёне, якая патрабавала сур’ёзнай грашовай падтрымкі для працы незалежных медыя, працягвае Барыс.
— Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ў нашым рэгіёне медыясектары адразу трох краін патрабуюць падтрымкі: беларускі, украінскі і ліберальны расійскі. Ёсць пэўная канкурэнцыя. Аднак беларускія медыя тут на добрым рахунку. Нашы паказчыкі сведчаць пра тое, што беларускія СМІ не згубілі сваю аўдыторыю. Гэта не расійскія выданні, якія ахопліваюць лічаныя адсоткі ўсёй расійскай аўдыторыі. Нашы выданні — гэта гісторыя поспеху.
Як сведчыць Барыс, у некаторых краінах Еўропы існуе пэўны піетэт да Расіі, таму там гатовы выдаткоўваць больш грошай на расійскія медыя.
— Адрозненне беларускіх і расійскіх выданняў у тым, што беларускія СМІ могуць дагрукацца да сваёй аўдыторыі. Па розных падліках, незалежны беларускі медыясектар сёння мае каля траціны ўсёй беларускай аўдыторыі. Гэта каля трох мільёнаў чалавек. Фінансаванне расійскіх медыя — гэта як дадаваць па кроплі ў мора.
Барыс сочыць за апошнімі падзеямі вакол тэлеканала «Белсат». Ён мяркуе, што будзе вельмі трагічна, калі раптам фінансаванне зменшыцца ў два разы, як пра гэта заяўлялася публічна.
— Калі на вуліцы заўтра раптам апынецца палова ці хоць траціна супрацоўнікаў канала, мы атрымаем вялікую колькасць беспрацоўных беларускіх медыяпрафесіяналаў. І яны не змогуць проста перайсці ў іншыя выданні, таму што ў іншых выданнях няма такіх магчымасцяў і блізка.
Нягледзячы на новыя выклікі, Барыс Гарэцкі спадзяецца, што глабальна ў 2024—2025 гадах з беларускім незалежным медыясектарам усё будзе больш-менш добра.
— Спадзяюся, беларускі медыясектар застанецца прыблізна такім жа, як і цяпер. А калі пашанцуе, то яшчэ і пашырыцца за кошт новых амбітных праектаў. Колькасць грошай можа змяншацца, але з’яўляюцца новыя тэхналогіі і новыя магчымасці выхаду на аўдыторыю.
На пытанне, што матывуе яго на працяг дзейнасці, Барыс адказвае:
— Мяне матывуюць мае калегі за кратамі. Гэта не нехта абстрактны. З Пачобутам мы працавалі разам і шмат дзе ездзілі. З Кацярынай Андрэевай мы разам працавалі на шматлікіх мерапрыемствах. Андрэй Аляксандраў быў калісці намеснікам старшыні БАЖ. Да Марыны Золатавай, галоўнай рэдактаркі ТУТ.бай, можна было звярнуцца па любым пытанні. Яны за кратамі — гэта мая матывацыя працягваць. Гэта мае сябры, і я ўяўляю, якое гэта выпрабаванне — памяшканне камернага тыпу. Я мог быць на іх месцы, калі б своечасова не з’ехаў. Гэта іх лёс, мы мусім пра іх думаць і намагацца ўсіх вызваліць.
Спецпроект «Выжившие» фиксирует состояние беларусских организаций гражданского общества (ОГО) в 2024 году.
Читайте также:
- Беларускі ПЭН: «Беларуская культура не мае сваёй дзяржавы»
- LegalHub: «Мы долгое время сами не обращались за юридической помощью. Этот момент настал»
- Dissidentby, Politzek.me, «Палітвязынка»: как беларусы помогают своим политзаключенным
- «Честные люди»: Лена Живоглод о белых лентах, активном бойкоте и новых возможностях для гражданского общества в 2025 году
- Молодежный совет «РАДА». Екатерина Бунина — о беларусской молодежи, международной солидарности и БРСМ
- Petitions.by: «Когда диктатор идет против воли большинства, он должен осознавать, есть ли у него на это ресурсы»
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: