Праекты-пераможцы фотафестывалю PhotoArtDoc’24 прадстаўлены на выставе ў EHU ART SPACE ў Вільні. Да 20 студзеня на экспазіцыі, створанай куратарамі Сяргеем Міхіаленкам і Аленай Кушнір, можна ўбачыць фотасерыі-лаўрэаты закрытага і адкрытага конкурсаў фэсту, зладжанага Беларускай незалежнай асацыяцыі фатографаў. Гэта работы беларускіх аўтараў з Польшчы, Новай Зеландыі — праект«Скарб» Яны Шніпельсон, «Юбілей» аўтаркі Cottonyevil, «In My Shoes» Таццяны Чыпсанавай. А таксама замежных аўтараў з Італіі, Малдовы і Расіі — «Алтары ўяўлення» Maria Vittoria Desiato, «Нічыйнае вяселле» Караліны Дутка і Валянціна Сідарэнка, «Месца сілы» Наташы Лазінскай.
У прыватнасці, у праекце «Скарб» беларуская аўтарка Яна Шніпельсон праз канцэпцыю рэчаў распавядае гісторыі беларусаў у эміграцыі. Фатографка для раскрыцця тэмы абірае метад «фіксацыі рэчдокаў»: на яе сканах захавана рэч, якую герой ці гераіня забралі з сабой у замежжа, а таксама гісторыя пра яе, напісаная ад рукі на паперы гаспадаром прадмету. Глядач не бачыць партрэты людзей, якія дзеляцца сваімі эмоцыямі і развагамі — перад намі калекцыя асобных лёсаў, прадстаўленых у выглядзе асабістых артэфактаў. Апошнія — і часцінка дома героя ці гераіні, і іх сродак захаваць сваю ідэнтычнасць у новым свеце, у якія яны выправіліся па сваёй ці чужой волі. Праект, які сам па сабе сведчыць пра з’яву беларускай эміграцыі ў 2020-х гадах, таксама мае і терапеўтычны складнік. Бо разам са знакавай рэччу людзі захоўваюць сваю памяць і надзею.
Праект «Скарб» Яны Шніпельсон стаў адным з пераможцаў у закрытым конкурсе, які з’яўляецца працягам адукацыйнай праграмы фестываля. У адукацыйным курсе цягам некалькі месяцаў беларускія аўтары працавалі з ментарамі — фатографамі Сяргеем Гудзіліным, Кацярынай Кузьмічовай, Таццянай Ткачовай, каб у выніку стварыць аўтарскі праект. Фотасерыі канкурсантаў ацэньвала прафесійнае журы з арт-крытыкаў і куратараў.
Сярод работ адкрытага конкурсу, дзе спаборнічалі фатографы са ўсяго свету, адзначым эксцэнтрычную серыю Караліны Дутка і Валянціна Сідарэнкі з Малдовы «Нічыйнае вяселле» — праект, які пераасэнсоўвае вайну ва Украіне.
У ім, абраўшы форму казкі, мастакі выяўляюць вычварэнскую сутнасць вайны, спалучаючы перфарматыўную фатаграфію (фатаграфію, якая фіксуе перфаматыўнае дзеянне) і практыкі калажу.
«Это сюжет, в котором мужчина уходит на войну, как жених на торжество. Он спускается в мир мёртвых, в добровольном стремлении к смерти, в попытке переиграть её: прячется от неё, слепой, и смеётся. Он собирает ракушки древний символ крещения, но достоин ли жених причастия, если его купель полна земли?», — прадстаўляюць фотасерыю аўтары.
Працуючы з міфамі і архетыпамі, Караліна і Валянцін ствараюць змрочны свет залюстроўя — поўны гратэску, гумару, абсурду ды жаху.
Нагадаем, што на конкурс у адкрытай намінацыі было пададзена 230 праектаў ад аўтараў з 40 краін.
Наведаць выставу ў EHU ART SPACE (Savanorių pr. 28, 3 паверх) да 20 студзеня можна па наступным графіку: у будні з 10.00 да 19.00, у суботу — з 10.00 до 15.00 гадзін, нядзеля — выходны.
Пазнаёміцца з праектамі пераможцамі ў анлайн-фармаце можна тут.
Куратарам фестывалю PhotoArtDoc’24, які аб’яўноўвае дакументальную і арт-фатаграфію, з’яўляецца Сяргей Міхаленка. Сёлета падзея праводзілася ў першы раз.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram