Выстава «На вашых магілах мы справім вяселле» на аснове фотаархіва VEHA адкрыецца ў Капенгагене

Культура
Фота: сайт Copenhagen Photo Festival.

Групавая выстава на аснове архіва VEHA «На вашых магілах мы справім вяселле» увайшла ў праграму 24-га Капенгагскага фотафестывалю. Праект, у якім прымуць удзел мастакі з Беларусі, Польшчы, Даніі і Макао, адкрыецца на пляцоўцы Pop Up Copenhagen 7 чэрвеня.

Архіў VEHA вядомы стварэннем праектаў па захаванні беларускай візуальнай спадчыны. Збор архіва на сёння ўключае пяць калекцыі вернакулярнай (аматарскай) фатаграфіі 1920-х — 1980-х гадоў на розныя тэмы: «Найлепшы бок» — парадны партрэт, «Дзявочы вечар» — вясельныя фота, «Апошні фотаздымак» — фатаграфія пахаванняў, «Людзі лесу» — узаемадзеянне людзей і прыроды, і «Руіны Беларусі» — беларусы і памятныя мясціны, помнікі. Адзначаецца, што большасць прадстаўленых на экспазіцыі працаў створаны адмыслова для выставы як вынік мастацкага пошуку на аснове архіўных матэрыялаў.

Назва «На вашых магілах мы справім вяселле» узята з фрагмента паэмы беларускага рэпрэсаванага паэта Валерыя Маракова (1909-1937) «Тым, хто пайшоў».

«Ідэя гуляння вяселля на магілах продкаў напоўнена надзеяй на пераемнасць жыцця, гісторыі і культуры беларусаў, а таксама верай у магчымасць падзяліцца шчасцем з роднымі, якія адышлі ў нябыт (рытуалы, прысвечаныя пакланенню духам продкаў і зносіны жывых з памерлымі прысутнічаюць у беларускім фальклоры да нашых дзён), — адзначаецца ў анатацыі да праекта. — Мэта выставы, у тым ліку, — зрабіць беларускую гісторыю зразумелай і прывабнай для старонніх праз асвятленне агульначалавечых пытанняў і праблем, агульных для розных мясцовасцей і культур».

Мастакі, якія задзейнічаны ў выказванні: Кейт Нган Ва Ао, Разаліна Бусел, Уладзімір Грамовіч, Георг Ягуноў, Вольга Ганна Маркоўская, Леся Пчолка, Катажына Сянкевіч.

Куратар выставы — Вера Залуцкая.

Праект будзе працаваць да 16 чэрвеня.

Нагадаем, што гэта ўжо другая выстава ад беларускіх мастакоў на Капенгагскім фотафестывалі — 24 мая ў гарадской ратушы сталіцы Даніі ў межах падзеі пачне працу персанальная выстава беларускага фатографа Сяргея Гапона.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: