На паліцах лічбавых кніжных крамаў з’явіўся доўгачаканы альбом «Экспэдыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году: захаваная спадчына», які знаёміць чытача з унікальнай калекцыяй фотаматэрыялаў, сабраных этнаграфічнай экспедыцыяй пад кіраўніцтвам слыннага пісьменніка, палітыка, публіцыста, гісторыка, этнографа Вацлава Ластоўскага на Случчыне і Мазыршчыне ў 1928 годзе.
У выданні, якое падрыхтавала да друку Czabor Publishing і Skaryna Press, прадстаўлены выявы з арыгінальнага альбома экспедыцыі, які захоўваецца ў Бібліятэцы і музеі імя Францішка Скарыны ў Лондане. Гэта ўнікальны экспанат, які быў уратаваны ў часы Другой сусветнай вайны, калі Беларускі дзяржаўны музей, быў разрабаваны і экспанаты вывезеныя за мяжу. А калі ўзгадаваць, што кіраўнік экспедыцыі, які з’яўляўся прэм’ер-міністрам урада БНР, аўтарам першага падручніка па гісторыі Беларусі, пісьменнік Вацлаў Ластоўскі быў рэпрэсаваны ў 1938 годзе, і адпаведна яго спадчына мусіць была знішчана савецкай уладай, то сімвалічная каштоўнасць экспаната — і адпаведна альбома з выявамі з калекцыі — узрастае ў разы.
У выданні можна ўбачыць фотаздымкі з узорамі сакральнага мастацтва і архітэктуры, народнага касцюма, ткацтва і прадметаў побыту культуры паўднёвых рэгіёнаў Беларусі.
— Мы ў альбоме падаем пераклад на рэгулярны класічны правапіс, але таксама захоўваем арыгінальныя подпісы [з арыгінальнага экспаната], якія самі па сабе вельмі цікавыя. Там ужываецца тагачасная тэрміналогія, народныя назвы цэркваў, абразоў, этнаграфічных прадметаў. Альбом будзе надзвычайна каштоўным рэсурсам для этнографаў, а таксама яркім візуальным помнікам багатай народнай культуры свайго часу, — распавядала Reform.news у свой час пра працу над выданнем куратарка кніжнай калекцыі Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане Караліна Мацкевіч.
Аўтарка прадмовы да фотаальбому і ўкладальніца — мастацтвазнаўца, культуралягіня, этналягіня Вольга Лабачэўская.
Гэтаксама Скарынаўская бібліятэка прапануе набыць рэпрадукцыі фатаграфій з артэфакту.
Набыць выданне «Экспэдыцыя Вацлава Ластоўскага 1928 году» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: