Новая кніга беларускай пісьменніцы Таццяны Заміроўскай будзе называцца «Эвридика, проверь, выключила ли ты газ». Выдавецтва «Мяне няма» анансуе навінку як «першую немастацкую кнігу» аўтаркі «Жизни без смерти и боли», «Земли случайных чисел», «Воробьиной реки», рамана-бэстселера «Смерти.net».
«Эвридика, проверь, выключила ли ты газ» — гэта зборнік эсэ, успамінаў і развагаў пра памяць і забыванне, музыку і каханне, эміграцыю і сувязь з Беларуссю праз прывідную ідэнтычнасць чалавека, які калісьці верыў, што музыка — мацней за смерць, а тэкст — важнейшы за жыццё», — адзначаецца ў анатацыі да выдання.
На дадзены момант «Мяне няма» прымае замовы на друк кнігі.
«Мы ўсё яшчэ невялікае выдавецтва і ўсё яшчэ працуем без грантаў і спонсараў, а таму нам важна сабраць грошы перад друкам. Аўтарскі ганарар, таксама, дарэчы, залежыць ад колькасці вашых замоў», — падкрэслівае кіраўнік выдавецтва, пісьменнік Павел Анціпаў.
Кнігу плануюць рассылаць з 14 кастрычніка.
Зрабіць замову на новае выданне можна на сайце «Мяне няма».
Таццяна Заміроўская нарадзілася ў Барысаве. Шмат гадоў працавала журналістам і музычным крытыкам у Мінску. З 2015 года жыве ў Нью-Ёрку, дзе напісала некалькі зборнікаў мастацкай прозы ў жанры метафізічнай фантастыкі і раман-бэстсэлер «Смерти.net». Аўтарка з’яўляецца лаўрэатам шматлікіх літаратурных прэмій. Па апавяданнях Таццяны Заміроўскай украінскі рэжысёр Міхаіл Лук’яненка зняў два кароткаметражных фільма — «Рабаванне» і «Жыццё без шуму і болю».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram