Напярэдадні Раства Хрыстова сабралі гарады і месцы, дзе адбудуцца святочныя набажэнствы па-беларуску.
Варшава
У сталіцы Польшчы на Боскую Літургію па-беларуску запрашае Беларускае душпастырства ў Варшаве.
24 снежня ў Рэктарскай царкве святога Бенона адбудзецца Чаканне (Вігілія) Раства Хрыстовага. Пачатак — а 18.00.
Месца: Kościół Rektoralny św. Benona, Piesza 1.
25 снежня ўжо ў Царкве Успення Прасвятой Багародзіцы чакаецца Каляднае Набажэнства. Пачатак — 15.30.
Месца: Cerkiew Zaśnięcia Najświętszej, Miodowa,16.
Вільня
У Вільні на свята Раства Хрыстова запрашае Беларуская праваслаўная парафія Канстантынопальскага патрыярхату на чале з Георгіем Роем і Аляксандрам Кухтам.
24 снежня Святочная Вячэрняя Літургія пачнецца па адрасу Pilimo g.18 (будынак Рэфармацкай царквы). Падчас вячэрняй каляднай службы запрашаюць праспяваць традыцыйныя беларускія калядкі разам з фальклорным гуртом «Світанак».
Пачатак — а 19.00.
25 снежня Святочная ранішняя Літургія адбудзецца ў будынку Беларускай царквы (Bokšto g. 4). Пачатак: а 10-й гадзіне раніцы.
«Мы грамадою упрыгожвалі нашу сціплую каплічку да свята Раства Хрыстовага і прыбіралі парафіяльны дом, — запрашае да Набажэнства святар Георгій Рой. — Не ведаю, што мне спадабалася больш — сам працэс, ці яго вынік. Цяпер у нас самая прыгожая царква Вільні! Не верыце, прыходзьце паглядзець!».
Мінск
У Парафію Найсвяцейшай Троіцы 22 снежня прывезены Бэтлеемскі агонь.
«Гэта цуд вялікіх сэрцаў Скаўтаў нашай Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, якія што год дастаўляюць перад святамі – гэты агонь наўпрост з Бэтлеема, каб хоць крышачку нам прыблізіць гэтае святое месца», — адзначае парафія Касцёла святога Роха, што на Залатой горцы.
24 снежня святая імша пачнецца а 8.00.
Вігілія Божага Нараджэння — а 21.30.
25 снежня чакаюцца тры святыя імшы — а 9.00, а 11.00, а 12.30.
Пасля апошняй службы ў сераду адбудзецца канцэрт хору «Залатая Горка».
Нагадаем, што Парафія святога Роха знаходзіцца па адрасе: праспект Незалежнасці, 44-А.
Беларускамоўныя службы ладзяцца і ў Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram