У Лондане прагучаць музычныя творы выбітнага беларускага кампазітара Міколы Куліковіча, архіў якога захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы. Падчас двух канцэртаў беларускай харавой музыкі будуць выкананы ў асноўным духоўныя творы Міколы Куліковіча, а таксама творы сучасных беларускіх кампазітараў.
«Гучыць Скарынаўка. Духоўныя творы Міколы Куліковіча» — музычна-асветніцкі праект, канцэпцыя якога грунтуецца на выкананні музычных твораў рэпрэсаваных беларускіх аўтараў, якія падчас ці пасля Другой сусветнай вайны апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Часткова гэта аўтары, якія прайшлі праз турмы і лагеры, але пасля вызвалення працягнулі творчы шлях.
Матэрыялы для выканання — знойдзеныя нотныя і літаратурныя матэрыялы Бібліятэкі і Музея імя Францыска Скарыны ў Лондане.
Аўтар праекта Галіна Казіміроўская — дырыжор, кампазітар, выкладчык спеваў, мастацкі кіраўнік і дырыжор Concordia Choir і Вольнага хору, кіраўнік Беларускай школы мастацтваў імя Равенскага ў Варшаве.
Канцэрты Concordia Choir (мастацкі кіраўнік і дырыжор Галіна Казіміроўская) адбудуцца 5 і 6 ліпеня гэтага года.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram