У Лондане прагучаць музычныя творы выбітнага беларускага кампазітара Міколы Куліковіча, архіў якога захоўваецца ў Скарынаўскай бібліятэцы. Падчас двух канцэртаў беларускай харавой музыкі будуць выкананы ў асноўным духоўныя творы Міколы Куліковіча, а таксама творы сучасных беларускіх кампазітараў.
«Гучыць Скарынаўка. Духоўныя творы Міколы Куліковіча» — музычна-асветніцкі праект, канцэпцыя якога грунтуецца на выкананні музычных твораў рэпрэсаваных беларускіх аўтараў, якія падчас ці пасля Другой сусветнай вайны апынуліся ў вымушанай эміграцыі. Часткова гэта аўтары, якія прайшлі праз турмы і лагеры, але пасля вызвалення працягнулі творчы шлях.
Матэрыялы для выканання — знойдзеныя нотныя і літаратурныя матэрыялы Бібліятэкі і Музея імя Францыска Скарыны ў Лондане.
Аўтар праекта Галіна Казіміроўская — дырыжор, кампазітар, выкладчык спеваў, мастацкі кіраўнік і дырыжор Concordia Choir і Вольнага хору, кіраўнік Беларускай школы мастацтваў імя Равенскага ў Варшаве.
Канцэрты Concordia Choir (мастацкі кіраўнік і дырыжор Галіна Казіміроўская) адбудуцца 5 і 6 ліпеня гэтага года.
- Канцэрт харавой музыкі а капэла «Гучыць Скарынаўка. Харавая музыка беларускіх кампазытараў» пройдзе ў пятніцу, 5 ліпеня 2024 года, у 19.30 ва Украінскай Катэдры Найсвяцейшае Сям’і, Duke St, London W1K 5BQ. Уваход £10. Аплата будзе збірацца пры дзвярах.
- Канцэрт-лекцыя «Гучыць Скарынаўка. Духоўныя творы Міколы Куліковіча» пройдзе ў суботу, 6 ліпеня 2024 года, у 19.00 у Царкве святога Кірылы Тураўскага і ўсіх святых заступнікаў Беларускага народа, Holden Avenue, London N12 8HY. Уваход £10 (толькі гатоўкай, cash only). Аплата будзе збірацца пры дзвярах.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: