Італьянскі парк канца XVI — пачатку XVII стагоддзя будзе адноўлены ў Міры на тым месцы, дзе ён быў размешчаны пры Радзівілах. Акрамя высаджаных дрэў, будуць зроблены клумбы, уладкаваны дарожкі.
З гістарычных крыніц XVIIІ стагоддзя вядома, што парк складаўся з 25 квадратаў, і ў ім вырошчваліся фруктовыя дрэвы, гародніна і зёлкі. Музейныя адмыслоўцы звярталіся да архітэктараў ландшафту з Італіі, якія далі падрабязныя кансультацыі аб пародах раслін, характэрных для італьянскага саду.
Дырэктар замкавага комплексу «Мір» Аляксандр Лойка расказаў мясцовай газеце «Полымя», што ў рэстаўрацыі Мірскага замка ў 2022 годзе за пазабюджэтныя сродкі музея была адноўлена дамба і адкрыта летняе кафе.
Пасля пачаўся наступны этап: складанне праектна-каштарыснай дакументацыі па аднаўленні на тэрыторыі замкавага комплексу італьянскага саду канца XVI — пачатку XVII стагоддзяў.
Былі праведзены даследаваннні, а праект, згодна з якім праводзяцца аднаўленчыя работы, выкананы УП «Мінскпраект».
Дазвол атрыманы сёлета.
Да фінансавання работ будуць прыцягнуты пазабюджэтныя музейныя сродкі і дзяржаўныя інвестыцыйныя фінансы.
Работы плануецца завяршыць у 2025 годзе.
Правільнасць правядзення ўсіх рэстаўрацыйных работ на тэрыторыі замкавага комплексу «Мір» адсочвае Міністэрства культуры РБ.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram