У праграме брэсцкага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» нечакана з’явіўся тэатр з Польшчы. Але спектакль адменены

Культура
Cкрын з сайта фестывалю. Фота: bresttheatre.info.

З 10 па 15 верасня ў Брэсце пройдзе ХХVІІI Міжнароды тэатральны фестываль «Белая Вежа». Апошнія гады вядомы форум, на які да 2020 года прыязджалі тэатры з блізкага і дальняга замежжа, складае праграму з пастановак пераважна тэатраў СНД. Сёлета нечакана ў яго праграме быў заяўлены спектакль польскага Сучаснага тэатра танца Materia з Лодзі. Але спектакль «Літас» польскай каманды ўжо адменены «па тэхнічных прычынах».

Варта адзначыць, што яшчэ ў мінулым годзе ў афішы фэсту з’явіліся выступленні тэатраў з Еўропы — з Даніі, Балгарыі і Славеніі. Сёлета арганізатары канстатавалі ўдзел у падзеі тэатральных калектываў з 9 краін свету: Азербайджана, Беларусі, Даніі, Казахстана, Польшчы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана.

У гэтым шэрагу выклікаў здзіўленне менавіта ўдзел у «Белай Вежы» Сучаснага тэатра танца Materia з Лодзі. Бо Капенгаген у Брэсце будзе прадстаўляць Дацка-расійскі тэатр «Дыялог» — і тут усё зразумела.

Лодзінскі тэатр Materia меркаваў паказаць брэсцкаму гледачу пластычны спектакль «Літас» у пастаноўцы Яцэка Аўчарэка (Jacek Owczarek) па матывах эсэ Альбера Камю «Міф пра Сізіфа». У анатацыі адзначаецца, што пры стварэнні каманда спектакля абапіралася на кантэкст эсэ, «у якім праяўленне сілы — гэта не працэс узыходжання ўверх, а момант, калі трэба адступіць. Бо менавіта ў паражэнні чалавек можа знайсці сілы, каб падняцца яшчэ вышэй».

У праграме брэсцкага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» нечакана з’явіўся тэатр з Польшчы. Але спектакль адменены
Афіша да польскага спектаклю. Фота: kvitki.by

На сёння стала вядома, што спектакль «Літас» польскага харэографа адменены «па тэхнічных прычынах». У беларускім кантэксце складана вызначыць, ці гэта перасцярога арганізатараў, цэнзура «зверху» ці свядомая адмова польскіх артыстаў.

Такім чынам, у афішы фестываля прадстаўлены 22 спектакля ад 22 тэатральных калектываў.

Можна заўважыць, што пераважная большасць спектакляў у праграме «Белай Вежы» — па творах рускай класікі: Аляксандра Пушкіна, Міхаіла Лермантава, Фёдара Дастаеўскага, Аляксандра Астроўскага, Івана Тургенева, Максіма Горкага, Антона Чэхава і іншых аўтараў, невялікі адсотак спектакляў паводле Уільяма Шэкспіра.

У праграме брэсцкага тэатральнага фестывалю «Белая Вежа» нечакана з’явіўся тэатр з Польшчы. Але спектакль адменены

Што датычыцца беларускіх тэатраў, то Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы адкрые фестываль пастаноўкай «Бацькі і дзеці» паводле твора Івана Тургенева, Горкаўскі рускі тэатр выступіць з «Маскарадам» паводле п’есы Міхаіла Лермантава, ТЮГ пакажа «Джоні — правадыр індзейцаў» паводле апавядання О. Генры, Брэсці тэатр лялек — «Вішнёвы сад» Антона Чэхава, Купалаўскі тэатр заяўлены з «Казкай аб мёртвай царэўне» паводле казкі, уласна, Аляксандра Пушкіна (але тэатр ужо замяніў пастаноўку на «Пісаравы імяніны» паводле п’есы Уладзіслава Галубка)

Адзіны беларускі тэатр, які на фестывальнай сцене першапачаткова быў са спектаклем на аснове беларускага матэрыялу — гэта Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі. Вядомы калектыў прадставіць на фэсце пастаноўку паводле твораў Уладзіміра Караткевіча «Карней» у рэжысуры Алены Зміцер.

Сёлета тэатральны форум ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Міждзяржаўнага фонда гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў, і гэта шмат тлумачыць у яго культурнай палітыцы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: