24 мая ў самым сэрцы Капенгагена, у гарадской ратушы, падчас Copenhagen Photo Festival адкрыецца персанальная выстава беларускага фатографа Сяргея Гапона — вынік яго працы за апошнія два гады, якія ён правёў у Скандынавіі.
На выставе пра гарызонты, якія растаюць («Melting Horizons»), пакажуць гісторыю пра жыццё ў часы імклівых зменаў клімату.
«Фатаграфіі Гапона ўвасабляюць змены ў навакольным асяроддзі, падкрэсліваючы далікатнасць, часовасць і патэнцыял для таго, каб свет істотна змяніўся для будучых пакаленняў», — паведамляе прэс-рэліз.
Фатограф як непасрэдны назіральнік фіксуе глыбокае ўздзеянне змены клімату на навакольнае асяроддзе і мясцовыя супольнасці. Частка фатаграфій будзе паказваць уразлівыя ландшафты Грэнландыі. Расколіны ў ледніках, з’явы раставання, астраўное жыццё і чароўная прыгажосць Поўначы дакументуюць адаптацыю чалавека да зменлівага свету пад уплывам кліматычных зменаў.
Сяргей Гапон у гэтай экспазіцыі спалучае журналісцкі погляд з мастацкай адчувальнасцю. Кожная фатаграфія зачароўвае мудрагелістымі дэталямі, гарманічнай прыгажосцю прыроды, экалагічнай уразлівасцю. Фатограф заклікае гледачоў задумацца пра глабальныя наступствы паўсядзённых дзеянняў.
Куратар выставы — Вольга Шукайла.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram