«Творцы тут не патрэбныя»: як працягваюць знішчаць легендарную «Глебаўку»

Главное
Прэм'ер-міністр і міністр культуры на на адкрыцці новага будынка Мінскага мастацкага каледжа. Фота: nastgaz.by

Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава ў мастакоўскіх колах называюць «Глебаўкай». Установа лічылася адной з самых аўтарытэтных сярод мастацкіх школаў Беларусі. Тут вучыліся знакамітыя беларускія мастакі, выкладалі не менш знакамітыя настаўнікі. Сюды было надзвычай складана паступіць. Аднак цяпер усё змянілася: прэстыжная мастацкая школа ператварылася ва ўзорна-паказальны лукашысцкі канцлагер для прыручэння і кантролю будучых мастакоў.

Гэта зусім не тая «Глебаўка», якой яе памятаюць у мастацкім асяродку, — сцвярджае наша аўтарка і спрабуе разабрацца, чаму так сталася, і ці магло быць іначай? Размяшчаем тэкст творцы, напісаны адмыслова для Reform.news, амаль без скарачэнняў.

«Творцы тут не патрэбныя»: як працягваюць знішчаць легендарную «Глебаўку»
Студэнты каледжа на ўрачыстым адкрыцці новага будынка. Фота: nastgaz.by

Гартаю тэлеграм-канал Мінкульта і з жахам назіраю імклівую «паўночнакарэізацыю» краіны. Тут пануе вар’яцтва: прыхільнікі і закладнікі аўтакратычных тэрору і гвалту, збіраючыся па месцы культурнай працы, службы ці вучобы, імкнуцца перакрычаць адно аднаго, што гэта ім «надо!» яшчэ на пяць бліжэйшых гадоў.

Сярод устаноў культуры, што ўдзельнічаюць ў патрыятычным флэшмобе, вока чапляе знаёмая назва – «Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава».

Кароткае відэа, усяго чатыры планы: пасля дыктатарскага коснаязыкасці: «Если вот сторонники… ыыы… мои….скажут, что это надо» юныя навучэнцы (напэўна, самыя першыя курсы, зусім яшчэ дзеці) гарлапаняць «нада!», «наада!!!».

І на апошнім агульным плане на тле выродлівага будынка пасярод невялічкага, знятага здалёк натоўпа відаць, як нехта, хто вельмі нагадвае дырэктара, разводзіць крыху вінавата рукі, нібыта паказваючы «ну, што рабіць, калі сапраўды нада».

«Творцы тут не патрэбныя»: як працягваюць знішчаць легендарную «Глебаўку»
Скрын відэа.

А гэта ж нібы тая самая вучэльня, дзе планавала правесці чатыры гады маё выключна творчае, таленавітае і незалежнадумнае дзіця! Гэта было нашай марай: вучыцца ў легендарнай «Глебаўцы», аднак рэальнасць аказалася поўнай супрацьлегласцю таму, што мы чакалі.

Як Мінская мастацкая вучэльня – адна з самых аўтарытэтных мастацкіх школаў Беларусі, якая калісьці была сапраўднай «выспай свабоды» сярод шэрага (сац)рэалістычнага мора айчыннага мастацтва, ператварылася ў гэткую брыдоту? Варта прыгледзецца, ці засталося нешта сэнсоўнае ад Мінскай мастацкай вучэльні ўвогуле?

Легендарны будынак па адрасе Багдана Хмяльніцкага, 5, на які ўжо зараз можна было б вешаць колькі мемарыяльных дошак вядомым дзеячам беларускай культуры, што тут вучыліся і выкладалі, разбураны напачатку 2010-х. Студэнты пратэставалі супраць яго знішчэння. Новы гмах каледжа пабудаваны на развалінах былога дома ў літаральным сэнсе перпендыкулярна старому падмурку. Так, Глебаўкі, як сценаў, як «месца» з напрацаванай пакаленнямі беларускіх мастакоў атмасферай вольнасці і творчасці, фізічна не існуе. Яна – ці не наўмысна? – зруйнаваная.

Вучэльню ад 1947 года заснавання амаль заўсёды ачаляў мастак. Мастацтва ж разнавіднасць магіі, але наш мінскі мастацкі Хогвартс страціў свайго апошняга Дамблдора ў 2006 годзе. Тады «сышлі» з дырэктараў выдатнага беларускага мастака-графіка Міхаіла Басалыгу, які адмовіўся рэпрэсаваць навучэнцаў, што ўдзельнічалі ў Плошчы. Прыкладна ў той жа час быў прызначаны цяперашні дырэктар – Аляксандр Шантаровіч, які пераскочыў на культурнае кіраўніцтва з крэсла дырэктара Індустрыяльна-прамысловага каледжа.

Таго, дзе вучаць на будаўніка, зваршчыка, сантэхніка і гэтак далей. Чалавек, які ўзначальвае мастацкі каледж, не мае аніякага дачынення да мастацтва. Паралельна дырэктарству ён выкладае тут матэматыку. Аднак, гледзячы на ​​тое, што адбываецца ў сферы сучаснай беларускай культуры, нічога дзіўнага: менавіта з пасады настаўніка матэматыкі ў сельскай школе да адміністратыўных вышыняў узняўся дзейны беларускі міністр культуры.

Шантаровіч – энергічны і выканаўчы непрафесіянал з адміністратыўным вопытам. З аўтарытарна-бязлітасным стылем кіраўніцтва, які капіруе самага галоўнага беларускага адміністратара. Такі сёння ідэал кіруючага кадра лукашэнкаўскай эпохі. Шантаровіч выдатна ўмее ствараць/імітаваць бурлівую дзейнасць, не забываючыся дэманстраваць лаяльнасць да ўлады. За 15 гадоў на пасадзе яму ўдалося стварыць у вучэльні атмасферу, цалкам супрацлеглую той, што была раней.

«Творцы тут не патрэбныя»: як працягваюць знішчаць легендарную «Глебаўку»
Зруйнаваная «Глебаўка». Фота: slavak-time.livejournal

Вельмі траўматычная для творчых асобаў тэма – жорсткая дысцыпліна, якая зараз пануе ў каледжы. Зразумела, што натхненне не прыходзіць па раскладзе, а талент і пунктуальнасць часцяком несумяшчальныя. Гэта ахілесава пята большасці мастакоў. Гэтаксама зразумела, што творчай асобе трэба навучацца эфектыўнай сістэматычнай працы ў межах дэдлайнаў. Але нядопуск на заняткі за хвіліну-другую спазнення – гэта відавочны перабор. Дысцыплінарна-рэпрэсіўны алгарытм каледжа зараз такі: колькі спазненняў, хай і невялічкіх, цягнуць за сабой вымову. Тры вымовы – адлічэнне. У выніку сталы страх (і патэнцыйны неўроз) праспаць, спазніцца, недарабіць.

На сайце каледжа ў раздзеле цытатаў знакамітых выпускнікоў (зразумела, усе яны скончылі вучылішча не пры цяперашніх парадках, але як не прымазацца да славы і зорных імёнаў?) ёсць невялічкі ўспамін Арлена Кашкурэвіча, Народнага мастака Беларусі: «У юнацтве я сур’ёзна займаўся акрабатыкай. Але гэта захапленне было перашкодай у вучобе. Я часта ад’язджаў на спаборніцтвы, прапускаў заняткі. Мне пагражала выключэнне. Дзякуй маім педагогам, якія заступіліся за мяне, і я змог з поспехам скончыць ММВ (Мінскае мастацкае вучылішча)».

Падобная гісторыя ў сучасным каледжы немагчымая. Усё проста: сталы мастак ставіцца да пачаткоўца як да калегі, такая цэхавая этыка. Ён бачыць менавіта талент і імкнецца яго падтрымаць – гэта натуральныя базавыя рэфлексы арт-супольнасці, дзякуючы якім яна выжывае і развіваецца. Матэматык і ягоная адміністрацыя метадыстаў, набраных з педагагічных вузаў, гэтых адносін зразумець не здольныя. Для іх юныя таленты – расходны матэрыял у пагоні за дасягненнямі і паказчыкамі. Прасцей выгнаць нядобранадзейнага, чым дапамагчы і падтрымаць… Колькі патэнцыйных кашкурэвічаў страціла беларускае мастацтва пятнаццацігадовымі высілкамі дырэктара?

Тым, каму адведзена ў першую чаргу роля наглядчыкаў, а ўжо потым настаўнікаў, таксама даводзіцца несалодка. Патрабаванні строгай дысцыпліны тычацца іх у першую чаргу, а яшчэ ёсць патрабаванні па куратарстве, напісанні справаздач і метадычнай дзейнасці. Папяровая частка працы ад’ядае значны кавалак педагагічнай і творчай. Не кожны мастак-выкладчык выдзюжыць лакальны аўтырытарызм. Разумееш гэта, слухаючы балючыя персанальныя гісторыі – пра цкаванні і звальненні педагогаў, якія адважваліся мець уласнае меркаванне. Дарэчы, сучаснаму каледжу ўласцівая моцная цякучасць кадраў. Пры жабрацкіх педагагічных заробках кадравыя праблемы тут вырашаюцца эксплуатацыяй выпускнікоў Акадэміі мастацтваў, якія не могуць звольніцца з месца свайго размеркавання.

Па ўспамінах былых «глебаўцаў» 1970-х – 1990-х, асабліва апантаныя працавалі па начах – адміністрацыя заўсёды ставілася да гэтага з паразуменнем. Зараз гэта катэгарычна немагчыма. Прапускная сістэма з «круцёлкай» і татальны кантроль, творчая праца выключна ў вучэбныя гадзіны – ці можа так выглядаць сапраўдная «Глебаўка»? Відавочна, не.

«Глебаўцы» стваралі не зважаючы на вучэбныя расклады і смяяліся з цэнзуры! Майстэрні таго самага, знішчанага будынка былі сведкамі не толькі апантанай працы, але і спрэчак да хрыпаты. Тут шалёна танчылі на дыскатэках 1980-х — 1990-х (чаго там толькі не было), слухалі і рабілі добрую музыку. Адсюль выйшлі гурт «Мроя» і Сяргей Пукст. Тут былі канцэрты, спантанныя святы і атмасферныя, з выкарыстаннем самаробных тэатральных дэкарацый, перформансы пасвячэння ў навучэнцы, а таксама былі і сапраўдныя барыкады.

Сёння тут пануе тое, што завецца агідным канцылярызмам «мерапрыемствы». Скролю навіны на каледжавым сайце – у чым удзельнічаюць навучэнцы. Студенческий отряд «Контраст» им. героя Беларуси Михаила Савицкого; суботнік; ізноў суботнік; День всенародной памяти жертв Великой Отечественной войны и геноцида беларусского народа; Открытие выставки «Сквозь Бунинское слово»; падзея «В мире армейского спорта»; Профилактическая беседа учащихся I курса с начальником инспекции по делам несовершеннолетних УВД администрации Первомайского района г. Минска П. А. Гоманом и участковым инспектором… Дарэчы, уся інфармацыя выключна на рускай мове, згодна з агульнай тэндэнцыяй беларускай адукацыі пасля 2020-га.

Сапраўдная «Глебаўка» была месцам, дзе збіраліся аднадумцы і куды не надта дабіралася дзяржаўная таталітарная ідэалогія. У несапраўднай – пануе БРСМ, прымусовае праўладнае аб’яднанне моладзі, без членства ў якім несталічным дзяўчыне ці хлопцу немагчыма прэтэндаваць на месца ў інтэрнаце. Цяпер яны безабаронныя – ідэалогія і прапаганда няспынным патокам пруць праз іх альма-матэр. Прапагандыстка і расійска-арыентаваныя выставы і майстар-класы… Падпісаныя дамовы аб супрацоўніцтве з прадстаўніцтвамі дзяржавы-агрэсара (Варонежская вобласць і Санкт-Пецярбургская акадэмія мастацтваў імя Ільі Рэпіна)… Усе гэтыя рэгулярныя прафілактычныя сустрэчы з міліцыянтамі, ветэранамі, бюракратамі, дні інфармавання – таталітарная завядзёнка, ад якой не выратавацца і не абстрагавацца. Ці магчымая ў такіх умовах творчасць? А калі магчымая, дык якая?

Выглядае так, што сучасны каледж – гэта не камфортнае і спрыяльнае для творчасці асяроддзе, а механізм для імплементацыі «мяккай сілы» аўтарытарнага рэжыму, што пазбаўляе здольнасці самастойна думаць, ламае псіхіку, запалохвае. Словам, вырошчвае не мастакоў, а паслухмяных выканаўцаў. Сёння каледж імя Глебава працуе не як выхаваўчы асяродак, а як механізм псіхалагічнага гвалту і падпарадкавання юных мастакоў.

Ва ўсім гэтым сумным працэсе вельмі заўважны расійскі вектар уплыву на юных беларускіх мастакоў. Адзін з выпускнікоў «Глебаўкі» згадваў, што Мастацкая вучэльня была адным з наймацнейшых нацыянальных асяродкаў Мінска. Менавіта яе навучэнцы ў 1984 годзе, падчас знішчэння будынка першага мінскага тэатра выйшлі пратэставаць з расцяжкаю «Руйнуюць помнік беларускае культуры!». У кастрычніку 1985-га на даху «Глебаўкі» вывесілі нацыянальныя сцягі. Маладыя мастакі былі і сярод удзельнікаў першага «Гукання вясны» ў маі 1986-га.

Адміністрацыя новага будынка свядома вычышчае беларускасць, што яшчэ больш аддаляе каледж ад вытокаў.

А што, уласна, звязвае сучасны каледж з Мінскай мастацкай вучэльняй, акрамя прысвячэння выдатнаму айчыннаму скульптару Аляксею Глебаву ў назве? Тое, што тут захоўваецца фонд з працамі і дыпломамі вучэльні? Сумнеўны аргумент! Тое, што каледж апелюе да выдатных працаў, зробленых іншымі людзьмі ў іншы час, ніяк не легітымізуе яго сёння. Традыцыі? Якія канкрэтна традыцыі? На інтэрнет-старонцы каледжа яны пазначаны як «класічныя». На сайце скрозь цытаты з Леанарда да Вінчы ды Мікеланжэла, дык давайце ўжо адразу, напрамкі абвяшчайце сваю ўстанову нашчадкам класічных традыцый Адраджэння, а «Глебаўку» – не чапайце! Паміж вольнай Мінскай мастацкай вучэльняй і сённяшнім каледжам – бездань.

«Творцы тут не патрэбныя»: як працягваюць знішчаць легендарную «Глебаўку»
Зруйнаваная «Глебаўка». Фота: slavak-time.livejournal

1 верасня 2024 года комплекс будынкаў Мінскага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава быў святочна адкрыты як вітрына дасягненняў рэжыму. Адкрыццё было грандыёзным. Прысутнічалі абодва настаўнікі матэматыкі – былы і дзейны – міністр культуры і падначалены яму дырэктар каледжа. І нават прэм’ер-міністр Беларусі. Апошні назваў навабуд «космасам» і «прыўкрасным падарункам сферы культуры». Які падарунак, дзядзька? Што ты за прэм’ер, калі не ведаеш, што грошы на будаўніцтва бяруцца ў дзяржбюджэце з тваёй і маёй (а таксама ўсіх працуючых грамадзян) зарплат? Беларусы атрымліваюць дзяржаўныя новабудоўлі на свае ж падаткі, іх не дорыць нехта з уласных шчадрот!

І я не разумею, навошта мае грошы змарнаваныя на гэткую вычварную архітэктурную безгустоўнасць. Адзінае, што ў праекціроўшчыкаў і будаўнікоў атрымалася нядрэнна, а дакладней: сімвалічна, гэта фалічны сімвал каля фасада. Самотная калона ўвянчаная сферай. Але што за чорныя каменныя шары на ўваходнай лесвіцы? Якая функцыя альтанкі без даху ў двары? Затое выкладчыку гісторыі мастацтва будзе зручна растлумачыць навучэнцам «што такое эклектыка?», проста запрасіўшы іх паглядзець у акно. Але навошта такая дарагая ілюстрацыя? Навошта марнаваць сродкі, каб гэтае няёмкае бязладдзе (а гэтаксама абкладзеныя штучным каменем інтэр’еры) наогул будаваць? Лепш было б паклапаціцца пра сапраўды неабходныя для мастацкага працэсу рэчах – напрыклад, усталяваць нармалёвыя свяцільнікі ў працоўных майстэрнях, а не гэтае нешта дзіўнае на падвесах, якія крадуць добры метр ад вышыні столяў…

Затое відавочна, што чорны металічны плот з каваным элементамі – важны і функцыянальны. Ён дзеліць тэрыторыю на зоны кантролю, запіраецца прыгожымі брамамі, эстэтызуючы канцлагерныя асацыяцыі. Цалкам зразумелы сум, што бачны на адкрыцці будынка ў вачах маладзёнаў, якія трымаюць чырвоныя і зялёныя шарыкі. Гэта ж давіць папросту фізічна – знаходжанне ў прасторы, якая з’яўляецца інструментам абмежавання.

Маштаб новага будынка ўражвае… і пашырае магчымасці звышініцыятыўнага дырэктара. Калі ў параўнальна невялічкім часовым будынку, дзе месцілася ўстанова падчас будоўлі новага, праходзілі Рэспубліканскія конкурсы і Усесаюзныя (Саюзнай дзяржавы) канферэнцыі па мастацкай адукацыі, страшна нават уявіць, што можа разгарнуцца на новых плошчах. Прынамсі, дзвіж ужо пачаўся: днямі каледж прымаў калегію мінкультуры.

І так, гэта ніякая не «Глебаўка» – ММВ імя Аляксея Глебава, што сапраўды мае слаўныя традыцыі і выдатных выпускнікоў і выпускніц, якія ад 1950-х і да гэтага часу працягваюць плённа ствараць беларускае мастацтва. Зараз на яе месцы ўзорна-паказальны лукашысцкі канцлагер для прыручэння і кантролю будучых мастакоў. Яны патрэбныя дыктатуры – для вырабу прапаганды, аздаблення афіцыёзных музеяў і рэзідэнцый. А вось творчыя асобы не патрэбныя – замест іх павінны з’явіцца пакорлівыя выканаўцы, здольныя «зрабіць як трэба» і «зрабіць прыгожа».

На жаль, пакуль нічога выправіць немагчыма. Падобныя праблемы ў той ці іншай ступені прысутнічаюць на ўсіх ступенях сучаснай айчыннай адукацыі і не толькі ў галіне культуры. Яны, як гэта не прыкра, з’яўляюцца сучаснай унутрыбеларускай нормай.

Будучыя калегі і каляжанкі, а таксама шаноўныя бацькі юных геніяў, ці вам гэта трэба? У згаданых умовах навучанне мастацтву не першаснае. Увогуле, стаіць пытанне аб тым, ці магчыма ў гэтым месцы выжыць і захавацца як творчай асобе. Навошта добраахвотна апынацца ў таксічным асяроддзі, мэта якога – зламаць і падпарадкаваць? Гэта ж не пра мастацтва ўвогуле! Высокі ўзровень стрэсу і гвалту калечыць псіхіку. Мастакі і мастачкі ўсё адчуваюць вельмі тонка. Бяжыце адтуль! Яшчэ застаюцца айчынныя больш-менш лагодныя варыянты мастацкага навучання, ці, у выключным выпадку, замежныя.

Выглядае, што сёння каледж знаходзіцца на вастрыні таталітарных рэпрэсіўных працэсаў у шматпакутнай беларускай культуры. І гэта дакладна больш не «Глебаўка».

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: