Сёння, 9 лістапада, а 12.00, на Пастдамер пляц у Берліне вядомы гістарычны і культурны аб’ект — «беларускі» берлінскі мур — будзе наноў размаляваны ў межах 35-тых угодкаў падзення Берлінскай сцяны. Нямецкі мастак, журналіст і фатограф Ганс Марцін Фляйшэр, які 35 гадоў таму купіў чатыры фрагменты Берлінскай сцяны, і пераўтварыў іх у арт-аб’екты, праз актывізм і мастацтва нагадае ўсяму свету, колькі краін мараць разбурыць свае муры несвабоды. Адзін з аб’ектаў з беларускімі надпісамі прысвечаны Беларусі.
Фрагмент сцяны на Пастдамер пляц, які з’яўляецца напамінам пра падзяленне народа, і сімвалам таго, што «дзеянні чалавека могуць змяніць усё», атрымаў «беларускі парадак» пасля 2020 года. Гэты быў жэст салідарнасці Ганса Марціна Фляйшэра ў падтрымку беларусаў. І важна, што сцяна захавала надпісы на беларускай мове да гэтай пары.
Ганс, які называе сябе wall activist, распачне «аднаўленне» «беларускага» мура а 12.00, але мэта мастака звычайна далучаць людзей да выказвання на сцяне. Вядома, што сёння мерапрыемства мусіць наведаць Святлана Ціханоўская, якая знаходзіцца з візітам у сталіцы Германіі, каб адзначыць важную веху ў развіцці свабоды ў Еўропе.
Культурны івэнт становіцца і пляцоўкай для сустрэчы беларусаў з лідаркай дэмсілаў. Таксама цікава, што намалюе, ці якія словы пакіне на сцяне Святлана Ціханоўская?
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram