Святлана Ціханоўская ў Дзень беларускага кіно, які адзначаецца сёння, 17 снежня, падзякавала беларускім кінематаграфістам за іх працу.
«[Мне здаецца, што сённяшні дзень — добрая нагода] падзякаваць тым людзям, якія развіваюць нашую культуру, ствараюць нешта новае, адкрываюць Беларусь не толькі нам, але і ўсяму свету. Не дзякуючы, а насуперак, — адзначыла беларуская лідарка.
Насуперак немагчымасці атрымаць фінансаванне, таму што тыя невялікія бюджэты, што ёсць, — выдзяляюцца на вытворчасць прапаганды. А вялікія бюджэты, як заўжды, ідуць у кішэні сілавікам і ідэолагам. Насуперак негалоснай вайне, якую рэжым аб’явіў сумленным людзям мастацтва: як адмова нелаяльным рэжысёрам у пракаце фільмаў, або фактычнае знішчэнне міжнароднага фестываля «Лістапад», якім беларусы так ганарыліся.
Насуперак разнастайным перашкодам беларускае кіно жыве. І я хачу сказаць дзякуй тым, хто займаецца сваёй справай, праз мастацтва дапамагае нам пражыць агульны боль, не маўчыць асабліва цяпер, калі маўчанне забівае.
Падзяка ўсім, дзякуючы каму з’яўляюцца новыя фільмы: «Кураж» (Аляксей Палуян), «Маршрут перабудаваны» (Максім Швед), «Мы не ведалі адно аднога да гэтага лета» (Вольга Абрамчык), «Мара» (Аляксандра Кулак) і іншыя. Дзякуй усім, хто мае дачыненне да нашых фестываляў: «Паўночнае Ззянне» (Вольга Чайкоўская), «Бульбамуві», Фестываль дакументальнага кіно «1084. На мяжы».
Дзякуй усім, хто верыць у сілу культуры і змагаецца ў гэтым полі, хто не дае забыцца пра Беларусь. Беларускага кіно павінна быць болей. Як у Беларусі, дзе сёння цэнзура не дазваляе з’яўляцца новаму, так і ва ўсім свеце! Я ведаю, што так будзе», — падсумавала Святлана Ціханоўская.
Сёння беларускаму кіно споўнілася 98 гадоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: