Мусульманскаму рэлігійнаму аб’яднанню ў Беларусі ўдалося высветліць поўнае імя аўтара «Мінскага тафсіра» — першага кананічнага перакладу Карана на еўрапейскую мову. Імя моваведа — Абу Раджаб Урыяш ібн Ісмаіл Шламовіч. Згадку пра мулу мячэці Мінска «Ур’яша Шламовіча» (арыг.: Uryasz Szlamowicz) удалося адшукаць навуковай супрацоўніцы Інстытута гісторыі Акадэміі навук Надзеі Палтаржыцкай у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Навуковай знаходкай падзялілася Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Беларусі.
«Намеснік муфтыя Максат Авезаў, праводзячы даследаванні выбітнага помніка ісламскай думкі Беларусі, так званага «Мінскага тафсіра», які стаў першым кананічным перакладам Карана на еўрапейскую мову, здолеў ідэнтыфікаваць поўнае імя аўтара перакладу», — адзначаецца на сайце аб’яднання.
Згодна з «другім» калафонам рукапісу, аўтарам перакладу з’яўляўся «імам мусульман горада Мінск, Ур’яш ібн Ісмаіл Шлама[…]»
Максат Авезаў меркаваў, што зацёртае прозвішча аўтара перакладу Карана павінна чытацца як «Шламаўскі».
Каб пацвердзіць або абвергнуць гэты варыянт чытання трэба было вызначыць любое згадванне яго імя ў іншых дакументах.
Тады намеснік муфтыя звярнуўся да старшай навуковай супрацоўніцы Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Надзеі Палтаржыцкай, якой удалося ў Нацыянальным гістарычным архіве знайсці дакумент, датаваны за 8 ліпеня 1679 года. Дакумент сведчыў пра куплю нерухомасці мінскім мусульманінам Х. Ільяшэвічам ад іншага мусульманіна Смольскага, і змяшчаў паказанні сведкі мулы мячэці Мінска «Ур’яша Шламовіча» (арыг.: Uryasz Szlamowicz).
«Гэтая падзея адбывалася за сем гадоў да завяршэння напісання Мінскага перакладу Карана. Такім чынам, мы сёння нарэшце змаглі вывесці з забыцця поўнае імя аўтара Мінскага тафсіра — Абу Раджаб Ур’яш ібн Ісмаіл Шламовіч», — Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне называе знаходку сенсацыяй.
Мінскага тафсір — выбітны помніка пісьменства татараў былога Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ). Рукапісу, пра існаванне якого ў зборах ЦНБ (Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі ) стала вядома на пачатку 2000-х гадоў, прысвечаны некалькі артыкулаў айчынных і польскіх даследчыкаў. Так, згодна даследаванню Міхаіла Тарэлкі, мова Мінскага тафсіра — гэта пераклад Карана на польскую мову з двума істотнымі асаблівасцямі. Па-першае, яна насычана беларускімі элементамі, што натуральна для тэксту, створанага на этнічнай беларускай тэрыторыі . Па-другое — мае моцны ўплыў мовы арыгінала (арабскай) на сінтаксіс мовы перакладу, што характэрна для перакладаў Святога Пісання.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram