«Сёння не пускаюць кулю ў галаву ў Курапатах»: літаратар Алесь Плотка пра «Ноч расстраляных паэтаў» і спіраль гісторыі

Главное
Пленум Цэнтральнага бюро Усебеларускага аб'яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». 1925 год. Фота: nlb.by

У ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года карнымі атрадамі НКУС былі расстраляныя 132 дзеячы культуры, асветы і дзяржаўнага апарату Беларусі.

Сярод забітых былі 22 літаратары — паэты, празаікі, крытыкі і перакладчыкі. Найстарэйшаму з расстраляных, празаіку і публіцысту Янку Нёманскаму, споўнілася 47 гадоў, 26 гадоў меў паэт і перакладчык Юлі Таўбін, па 25 гадоў — літаратурны крытык Пятро Хатулёў і педагог Іван Жылуцкі.

Сёння ў краіне працягваюцца масавыя рэпрэсіі супраць беларускай мовы, культуры, нацыі і незалежнасці. Паводле Беларускага ПЭНа, дзеячаў культуры ў няволі цяпер не менш за 165. Мы экстрапаліруем падзеі 1930-х на наш сённяшні дзень і задаём сабе пытанні пра межы рэпрэсій, пра кола гісторыі, якое аніяк не сыдзе з крывавай каляіны.

Гісторык Цімаці Снайдэр, даследуючы рэжымы Сталіна і Гітлера, якія паміж 1933 і 1945 гадамі здзейснілі масавае забойства прыблізна 14 мільёнаў мірных людзей, акрэсліў наш рэгіён «крывавымі землямі». Літаратар і франтмэн гурта Sož Алесь Плотка падобным чынам назваў кнігу са сваімі вершамі і фатаграфіямі Алеся Пілецкага і Станіслава Крупажа. «Bloodlands 20/22. Belarus. Ukraine» пра тое, што сёння адбываецца на гэтых «крывавых землях» — з 2020 года ў Беларусі і з 2022 года ва Украіне.

Распыталі аўтара вершаў кнігі «Bloodlands» Алеся Плотку пра «чорную ноч» і няпэўную будучыню.

«Сёння не пускаюць кулю ў галаву ў Курапатах»: літаратар Алесь Плотка пра «Ноч расстраляных паэтаў» і спіраль гісторыі
Курапаты 29.10.2020. Фота: Reform.news

— На вашу думку, чаму ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года сталі называць «Ноччу расстраляных паэтаў», хоць забілі не толькі іх?

— Сапраўды, нашае расстралянае адраджэнне гэта не толькі паэты, але і людзі іншых творчых прафесій, дый проста людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Назва неяк зафіксавалася гістарычна, хаця ўвесь час на імпрэзах зачытваюцца імёны ўсіх расстраляных, робіцца акцэнт на тым, што людзі былі самыя розныя.

Давайце я зраблю дапушчэнне, што назва – гэта такая метафізічная сатысфакцыя для ўсіх паэтаў, якім і з жыццём не вельмі лёгка ўпраўляцца. Бо творчасць, асабліва пісьменства, гэта вельмі часта шлях псіхалагічнага пераадолення нейкай асабістай траўмы, з чым асоба не можа даць рады ў прамым сутыкненні. Паэт – гэта вельмі часта субасоба, якая проста так не ўзнікае. «На Беларусі зрабіцца лірыкам куды лягчэй, як чым-небудзь іншым», – пісаў Таўбін і, калі на гэты радок зірнуць з тэрапеўтычнай оптыкай гэтага абзаца, то становіцца даволі моташна ад асэнсавання таго, што ж гэта за край такі, Беларусь!

— Чаму расстрэльвалі паэтаў, якія не пісалі вершы супраціву (акрамя некаторых аўтараў)?

— Масквой згортвалася палітыка нацыяналізацыі савецкіх рэспублік, і ўсё нацыянальнае проста ішло пад нож. Зараз часы трохі мякчэйшыя, але ўсё рухаецца па спіралі, і імперскі шавінізм Расіі нікуды не падзеўся, бо хвароба не лекавался. Паглядзіце на рэакцыю часткі рускага грамадства на свежы альбом «Пятлі» – нейкі пячорны кэнсэл гурта толькі за тое, што новая праца ўся па-беларуску.

— Чаму падобным чынам не рэпрэсавалі Коласа і Купалу?

— Ну як не рэпрэсавалі? Скінуць Купалу ў гасцінічны пралёт – сігнал для грамадства вельмі дакладны. Яшчэ і так брутальна выкананы, па-сатанінску проста. Жыццё і Коласа, і Купалы трагічна пацярпела, асабліва Купалы, і нікому з іх я не зайздрошчу. Яны і самі добра разумелі, чаму ім даюць жыць. Уявіце сабе, як гэта, жыць у такім стане?

Іх чапалі трошкі меней па той жа прычыне, па якой цяпер жорстка не рэпрэсавалі Макса Каржа. Не тое, каб не маглі тое зрабіць, маглі б, і лёгка, яшчэ б і пакаяльны відос на фоне шыльды з якім-небудзь дзедам удзельнікам вайны запісалі б. Проста і тады, і цяпер карныя органы стараюцца ўтрымаць карцінку нейкай нармальнасці, таго самага «не ўсё так адназначна», пакідаць нейкія прыклады, на якія можна пальцам паказваць і казаць, ну глядзіце, ёсць жа вось у нас на свабодзе творцы, і тое можна, і другое. Як, напрыклад, Шаўчук у Расіі.

І гэтая прапаганда, яна працуе на нейтральнае грамадства, бо ўся дыхатамія «праўда ні там, ні тут, яна недзе пасярэдзіне», гэта фэйк-дыхатамія, у ёй дабро заўжды трошкі прайграе дамінуючаму злу. Бо сыходзяць у цень, засланяюцца і забываюцца праблемы, менталачка хоча чапляцца за надзею, за праменьчык, за тое, што не сто працэнтаў цемры навокал.

— Ці можна чакаць сёння паўтору падобных рэпрэсій супраць паэтаў? Ці новы віток рэпрэсій можа закрануць аўтараў толькі за тое, што яны пішуць па-беларуску? Якія ўмовы для гэтага павінны скласціся?

— Рэпрэсіі супраць паэтаў (і не толькі) ужо ідуць. Забарона на прафесію, ідэалагічныя чысткі ў ВНУ, прымус да эміграцыі праз стварэнне ўмоваў, у якіх жыць немагчыма – гэта ўсё ёсць тут і цяпер.

Сітуацыя цяжкая, але лепшая, чым пад савецкай уладай. Сапраўды, сёння не пускаюць кулю ў галаву ў Курапатах, сёння ёсць інтэрнэт, інавацыйныя рашэнні, якія даюць культуры шанец адбывацца нават праз межы. Можна быць пэўнымі ў тым, што створанае сёння ў дыяспары не будзе згублена і вернецца дадому. У нас ёсць крывая-касая, але суверэнная дзяржава, так што за сто год мы трошкі прасунуліся наперад.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: