У распараджэнні журналістаў «Бюро Медыя» з’явіліся копіі аналітычнага агляду і аналітычных запісак за 2022 – 2024 гады па гістарычнай палітыцы Беларусі, падрыхтаваных Расійскім інстытутам стратэгічных даследаванняў (РІСД).
Гэты аналітычны цэнтр пры адміністрацыі Уладзіміра Пуціна дапамагае федэральным органам фармаваць дзяржаўную палітыку ў сферы нацыянальнай бяспекі. РІСД узначальвае былы прэм’ер і кіраўнік Службы знешняй разведкі Міхаіл Фрадкоў.
Дакументы апісваюць расійскі погляд на мінулае Беларусі і яе нацыянальных герояў, — тлумачыць «Бюро Медыя».
У запісцы пазначана асноўная тэма судакранання двух краін – савецкае мінулае, падзеі Другой сусветнай вайны. У трактоўцы гэтых падзей краіны амаль не маюць разыходжанняў.
Аднак, як лічаць у РІСД, для нацыянальнай самасвядомасці нашмат большае значэнне маюць перыяды «старой гісторыі», таму што на аснове трактовак той эпохі вызначаецца месца сярод іншых народаў і цывілізацый.
А тут у Беларусі і Расіі разыходжанняў нашмат болей.
РІСД падрыхтаваў інструкцыю, як перапісаць гісторыю Беларусі ў сваіх інтарэсах і яшчэ больш зацягнуць нашую краіну ў расійскую арбіту. Журналісты «Бюро Медыя» высветлілі, што некаторыя рэкамендацыі ўжо рэалізаваныя на практыцы.
У 2023 годзе быў створаны экспертна-кансультацыйны расійска-беларускі савет па гісторыі, а ў 2024 годзе і міждзяржаўная камісія па гісторыі, каб «абмяркоўваць на міжурадавым узроўні змест школьных і вэнэушных падручнікаў, канцэпцыі музейных экспазіцый, планаў па рэстаўрацыі гістарычных помнікаў». Сёлета ў расійскіх і беларускіх студэнтаў з’явіўся адзіны падручнік па гісторыі Саюзнай дзяржавы. Плануецца таксама падрыхтоўка спецыялістаў па гісторыі і гістарыяграфіі Беларусі і адкрыццё навуковых і аналітычных цэнтраў для іх далейшага працаўладкавання.
У РІСД лічаць важным працягваць працу з беларускімі гісторыкамі, вядомымі сваёй прарасійскай арыентацыяй. У якасці такіх гісторыкаў у дакументах называецца генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат гістарычных навук Вадзім Гігін. У аналітычным цэнтры пры адміністрацыі Пуціна лічаць мэтазгодным «аказваць такім гісторыкам падтрымку ў выглядзе грантавых праграм, мэтавага фінансавання спецыялізаваных выданняў, грамадска-інфармацыйных праектаў, забеспячэння доступу да СМІ, а таксама аплаты стажыровак для працы ў расійскіх архівах і навуковых установах».
Дарэчы, доктар гістарычных навук і дэпутат Ігар Марзалюк крытыкуецца ў дакументах РІСД за «радыкальна прапольскія погляды» на беларускую гісторыю.
У РІСД прапаноўваюць увесці новае свята – Дзень еднасці. У прыватнасці, адзначаць трэці раздзел Рэчы Паспалітай, пасля якога 24 кастрычніка 1795 года беларускія землі канчаткова ўвайшлі ў склад Расійскай імперыі. Тым больш, у наступным годзе будзе 230-годдзе гэтай падзеі, «якая азнаменавала аднаўленне гістарычнай еднасці Беларусі з Расіяй».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram