Да Дня работнікаў культуры выклалі адпаведныя даныя Беларускага статыстычнага камітэта. Паглядзелі лічбы і параўналі іх з 2020 годам.
У 2023 годзе 43,4 тысячы чалавек, ці 1 працэнт насельніцтва Беларусі, былі занятыя ў сферы культуры, сюды ж уваходзяць і тыя, хто займаюцца забаўляльнымі мерапрыемствамі. З іх амаль палова мае вышэйшую адукацыю (48,4%), а трэць — з’яўляецца мужчынамі (32,3%).
Дарэчы, у 2021 годзе ў культурнай сферы было занята 44,4 тысячы чалавек.
Сярэднямесячная налічаная зарплата складае 1 314,2 рублёў, але трэба ўлічыць, што гэты сярэдні заробак далёкі ад таго, які атрымліваюць звычайныя работнікі культуры ў музеях ці бібліятэках.
Наступны пункт статыстыкі ўключае аб’екты спадчыны, унесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. На канец 2023 года іх было 5683, на 85 больш, чым у 2020 годзе.
У Беларусі чатыры аб’екты сусветнай спадчыны ЮНЭСКА: Мірскі замак, Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Нацыянальны парк Белавежская пушча, геадэзічная дуга Струвэ.
Напрыканцы 2023 года ў Беларусі працавала 28 прафесійных тэатраў, з 2020 года іх колькасць не змянілася.
У краіне налічваецца 156 музеяў (з іх 39 гістарычных, 11 мастацкіх, 4 літаратурныя). Аднак у 2020-м усіх музеяў было 160, а гістарычных — 43. Колькасць гістарычных музеяў скарацілася. Дарэчы, у 2021 годзе іх ужо было 42.
З 3,6 млн адзінак музейнага фонду 76,8% унесены ў электронны каталог.
Тройка самых папулярных музеяў у 2023-м — «Брэсцкая крэпасць – герой», «Хатынь» і Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Раней у першую тройку трапляў палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы.
На канец 2023 года ў Беларусі дзейнічалі 23 канцэртныя арганізацыі (у 2020-м — 22), 82 кінатэатры і 2 цыркі, 5 заалагічных паркаў і 2200 публічных бібліятэк.
Колькасць публічных бібліятэк зменшылася на трыста, у 2020 годзе іх было 2500.
І гэта тэндэнцыя даволі ўстойлівая: з 2010 года ў Беларусі колькасць публічных бібліятэк скарацілася прыкладна на дзве з паловай тысячы.
Нагадаем, што ў праекце бюджета на 2025 год на культуру выдзелілі паўпрацэнта.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram