У Музеі Вольнай Беларусі падчас навукова-практычнага семінара, прысвечанага развіццю музейных інстытуцый у часы палітычных трансфармацый («Музейная рэфлексія аб палітычных трансфармацыях і спрэчнай памяцi: перспектывы рэпрэзентацыі ў кантэксце Беларусі»), абмеркавалі будучыню Музея Вольнай Беларусі.
Паслухалі дыскусію, вылучылі галоўныя канцэпты.
Сучасны музей з’яўляецца прасторай культурнага дыялогу, які вядзецца не толькі пра мінулае, але і пра будучыню.
Музеі з’яўляюцца тады, калі ў нацыі паўстае вострая неабходнасць актуалізаваць пэўныя аспекты гісторыі і замацаваць іх у памяці пакаленняў. Аднак такая патрэба існуе не толькі ў дэмакратычным грамадстве, але і ў таталітарных сістэмах, якія выкарыстоўваюць музеі як магчымасць маніпуляваць памяццю: штосьці замоўчваць, іншае акцэнтаваць.
У Беларусі да 2020 года паралельна суіснавалі два наратывы — афіцыйны і альтэрнатыўны, нацыянальны. Бывалі перыяды, у часы так званай «адлігі», калі ўлады дапускалі існаванне альтэрнатыўнага пункту гледжання. Так, напрыклад, да 100-годдзя БНР у 2018 годзе.
Нацыянальны гістарычны музей змог зладзіць выставу, прысвечаную гэтай падзеі, а пасля ў 2019 годзе адкрыў экспазіцыю, прысвечаную БССР. Гэтыя выставы рыхтавалі маладыя супрацоўнікі, таму яны атрымаліся цікавымі і нечакана аб’ектыўна адлюстроўвалі факты. Упершыню было паказана шмат малавядомых матэрыялаў з беларускіх архіваў.
Музей Вольнай Беларусі здзяйсняе новую спробу пабудаваць альтэрнатыўную канцэпцыю памяці — у супрацьвагу афіцыйнай прапагандзе, якая пануе ў краіне ў сферах гісторыі, культуры, адукацыі.
Музей адкрыўся 17 ліпеня 2022 года, аднак яго ідэя нарадзілася яшчэ ў 2021-м. Асноўнымі мэтамі музея тады дэклараваліся збор і захаванне прадметаў, звязаных з беларускімі пратэстамі 2020 года.
Напачатку збіраліся і працягваюць збірацца артэфакты, звязаныя з 2020 годам, якія з’яўляюцца сімваламі нашага змагання і адлюстроўваюць нашу нацыянальную траўму.
Аднак паступова станавілася відавочным, што палітра памяці павінна быць пашырана, а музей павінен збіраць і захоўваць прадметы, звязаныя з барацьбой беларусаў за свабоду і дэмакратыю.
У афіцыйных дакументах Музей Вольнай Беларусі пазначаны як пляцоўка для правядзення мерапрыемстваў. Таму яшчэ адна важная функцыя гэтай інстытуцыі — захаванне беларускай ідэнтычнасці. Ад самага пачатку свайго існавання музей дэклараваўся як месца беларускай ідэнтычнасці, месца яднання і салідарнасці беларусаў у эміграцыі. Тут праходзяць адукацыйныя праграмы, тэатральныя пастаноўкі і выставы, праводзяць свае мерапрыемствы палітыкі і даследчыкі.
Аднак відавочна і тое, што ўстанова становіцца месцам, важным у музейным ландшафце Варшавы. Хуткай рэлакацыі музея ў Беларусь не прадбачыцца, таму паўстае патрэба інтэграцыі ў польскі і еўрапейскі кантэксты.
Музей Вольнай Беларусі пазіцыянуе сябе як музей мадэрнасці, пабудаваны на сучасным наратыве памяці. Адначасова гэта і нацыянальны музей. У гэтай сітуацыі важна вызначыць рамкі памяці: у якой прасторы, у якім кантэксце ён будзе існаваць.
Таксама з’яўляецца праблема, звязаная са спрэчнай памяццю: беларускае грамадства раздзеленае, у музеі будуецца альтэрнатыўны наратыў памяці, але пры гэтым важна ўлічваць, што ў грамадстве існуюць розныя погляды.
Існуе таксама важная этычная праблема: як адлюстроўваць той гвалт, які адбыўся і адбываецца сёння ў краіне, як яго прэзентаваць публіцы. Ці музей павінен устанавіць нейкія межы, ці наадварот — узмацніць кантэкст гвалту.
Сёння перад супрацоўнікамі Музея Вольнай Беларусі стаіць шмат пытанняў.
Якой будзе гэта інстытуцыя ў польскім, беларускім і еўрапейскім кантэкстах? Да якога тыпу музеяў будзе адносіцца, як будзе развівацца яго прафілізацыя?
Як будзе развівацца музей, залежыць ад выбару сцэнарыя яго развіцця. І такіх сцэнарыяў некалькі.
Першапачатковая канцэпцыя музея меркавала, што ўстанова ў Варшаве будзе працаваць як часовая, пазней музей і яго фонды эвакуююцца ў Беларусь.
Сёння стала зразумела, што канцэпцыя не можа існаваць у такім выглядзе, таму што перспектывы няпэўныя. Змены становяцца пастаяннай характарыстыкай часу, будучыню спрагназаваць немагчыма. Варта ствараць рэальныя канцэпцыі і стратэгіі.
Музею важна легалізавацца ў польскай прасторы як прафесійнай інстытуцыі. У гэтых варунках можа паўстаць як самастойная ўстанова, так і філіял нейкай музейнай структуры.
Усё гэта важна зрабіць дзеля таго, каб мець прафесійны штат супрацоўнікаў і ўстойлівае фінансаванне.
У больш далёкай перспектыве музей можа пераехаць у Беларусь, аднак не цалкам: яго частка застанецца ў Варшаве, каб падтрымліваць ідэнтычнасць беларускай дыяспары.
Не варта забываць, што ў Польшчы існуе беларуская меншасць, мінулае якой таксама можна асвятляць, не пазбягаючы складаных аспектаў яе цікавай, але і трагічнай гісторыі.
Застаецца адкрытым пытанне, як музей будзе развівацца ў Беларусі? Як філіял Нацыянальнага гістарычнага музея, ці як самастойная ўстанова, якая распавядае пра гісторыю дэмакратычнага руху, як, напрыклад, Дом тэрору ў Будапешце ці Музей акупацыі Латвіі?
Ці будучы музей будзе існаваць, напрыклад, пры будучым інстытуце памяці Беларусі…
Варта будзе акрэсліць і храналагічныя рамкі: з якога часу дакументаваць дэмакратычны рух? З другой паловы ХІХ стагоддзя ці абмежавацца перыядам незалежнасці? Цяпер выходзяць даследаванні і збіраюцца цікавыя матэрыялы пра савецкую інтэлігенцыю ў Беларусі да і падчас перабудовы. У другой палове ХХ стагоддзя можна прасачыць лініі нонкамфармізму, супраціву і пратэсту, якія павінны стаць часткай гісторыі ідэі вольнай Беларусі.
Аднак у любым выпадку сённяшнія надзённыя задачы, якія стаяць перад супрацоўнікамі музея: стварыць базу даных, дэігіталізаваць фонды і знайсці памяшканне для ўтрымання калекцыі з улікам музейных стандартаў.
Немагчыма стварыць пастаянную экспазіцыю Музея Вольнай Беларусі, таму што апошнія падзеі яшчэ не прааналізаваны гісторыкамі. Аднак розныя аспекты нашай агульнай памяці ўжо павінны даследавацца, дакументавацца і рэпрэзентавацца для шырокай публікі, нават калі яны яшчэ не прайшлі праз прызму гістарычнага аналізу. Гэты наратыў яшчэ будзе фарміравацца, у тым ліку на падставе дакументальных выстаў, колькасць якіх у музеі будзе ўзрастаць. Тут змогуць выпрацоўвацца паліфанія думак, праяўляцца розныя падыходы даследчыкаў.
Важна таксама звярнуць увагу на сумесныя праекты з еўрапейскімі музейнымі куратарамі, сфармаваць партнёрскую сетку, базу даных экспертаў для таго, каб такія наратывы ствараць.
Ідэя развіцця музея як цэнтра нацыянальнай ідэнтычнасці павінна заставацца і развівацца, аднак наша ідэя вольнасці фарміравалася разам з палякамі, літоўцамі, украінцамі, таму разглядаць яе важна ў еўрапейскім кантэксце.
Сёння важна пазначыць арыенціры, да якіх варта імкнуцца, каб камплектаваць калекцыю і праводзіць адукацыйную дзейнасць адпаведным чынам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram