Гданьск, 25 лістапада, — падвядзенне вынікаў 12-й літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Сябра журы Андрэй Хадановіч зусім не святочна разважае перад урачыстай вечарынай пра новыя і застарэлыя праблемы беларускіх літаратараў, пра нетрывіяльныя выклікі перад нацыянальнай культурай і няпростыя ўрокі на заўтра як для творцаў, так і для ўсёй грамады, ангажаванай беларушчынай.
«Варта пазбягаць катэгарычных падзелаў, нібыта і лагічных: «мы – яны», «засталіся – з’ехалі»
– Усе гады існавання прэміі ёй дапамагае польская дзяржава. А беларуская ці не ад пачатку Гедройця ў лепшым выпадку проста ігнаравала гэты працэс. Абсурд? Ёсць у вас нейкі іншы адказ-тлумачэнне, чым звычнае – пра ватэрлінію «свае-чужыя» і «рускі свет»?
– Прэмія Гедройця прыдумлялася Беларускім ПЭНам, незалежным Саюзам пісьменнікаў разам з Польскай амбасадай, Польскім інстытутам у Мінску для падтрымкі нашых незалежных пісьменнікаў і пісьменніц, якія не прыслужваюць рэжыму і не гуляюць па правілах лаяльнай рэжыму літаратуры.
Гэта не значыць, што сярод прэтэндэнтаў не было людзей, звязаных на тым ці іншым этапе з чаргінцоўскай камандай, з нейкімі афіцыёзнымі СМІ…
– Згадаем, напрыклад, Людмілу Рублеўскую…
– Для арганізатараў і журы Гедройця найперш прынцыповая якасць літаратуры. Таму ў адным лонг- ці шорт-лісце разам з кніжкамі незалежных выдавецтваў – «Логвінава», «Галіяфаў» ці пазней «Янушкевіча» – маглі з’явіцца кніжкі, скажам, выдадзеныя ў «Мастацкай літаратуры».
Так што крытычнага падзелу на «сваіх-чужых» не мелася. Было нежаданне гуляць па правілах літаратурных «дажынак».
– А што да лініі іншага, афіцыйнага боку? Там адпаведная карэктнасць ёсць?
– Мне здаецца, некаторыя асобы з уладных літаратурных структур, прарэжымных Саюзаў адначасова і хацелі яе мець, і пабойваліся. Вось і знаходзілі часам прычыны для самаадводу.
– Няўжо «чаргінцоўскія» літаратары цалкам прагнуліся пад «генеральную лінію»? Хіба здаровы пісьменніцкі сэнс можа спакойна прыняць капітуляцыю перад расійскай культурнай агрэсіяй?
– Сфармулюем так: у кожнага з нас ёсць і будзе свой «страшны суд», незалежна ад таго, вернікі мы ці атэісты. Таму не бяруся судзіць канкрэтныя выбары канкрэтных людзей.
Калі фізічна знаходзішся ў бяспецы, ты абавязаны браць на сябе незвычайныя для мірнага часу абавязкі: інфармаваць свет пра тое, што робіцца ў Беларусі, крычаць пра бяспраўнасць і злачынствы, пра тэрор і прыхаваную акупацыю…
А тым, хто знаходзяцца ў Беларусі, нават за адно падобнае выказванне давядзецца заплаціць, трапіць пад рэпрэсіі. Таму нікога не асуджаю за маўчанне…
Іншая рэч, мне робіцца сорамна і смешна, калі гляджу на людзей, якія пішуць і паводзяцца так, нібыта нічога вакол не адбываецца і ў нас мірныя, бесклапотныя часы. Яны працягваюць жывапісаць буслоў, гульню месяцовага святла на цудоўнай роўнядзі беларускага возера ці рэчкі…
І пры тым іх асабістыя знаёмыя, магчыма, знаходзяцца ў зняволенні. А вось жа робяць выгляд, што нічога не адбываецца – такая сітуацыя для мяне непрымальная. Тут гаворка нават не пра гераізм, а пра звычайны здаровы сэнс.
Але разам з тым варта пазбягаць катэгарычных падзелаў, хоць яны знешне такія лёгкія і зручныя: «мы – яны», «тыя, хто засталіся – тыя, хто з’ехалі»… Любы такі разлом, асабліва ў распальванні асабістых крыўдаў, вельмі выгадны варожым беларусам сілам. Таму заклікаю прытомную частку грамадства гэтага пазбягаць.
Наадварот, варта звяртаць увагу, што ёсць людзі, якія і засталіся дзеля таго, каб рабіць даступныя ім рэчы дзеля культуры, Беларусі, дзеля беларусаў і беларусак.
Я далёка не ўсё ведаю пра такую дзейнасць – тым лепей, значыць, яна адбываецца ў падполлі. Значыць, пра яе не ведае і прапаганда. Значыць пра яе не ў курсе і карныя органы.
Я веру ў здольнасць нашчадкаў партызан арганізаваць культурную імпрэзу без вонкавых абвестак, з дапамогай «сарафаннага радыё», паведамленняў сярод правераных сяброў, знаёмцаў. Гэта ёсць, і таму спадзяюся: цікавыя творы і цікавыя аўтары з такога працэсу паўстануць.
Апроч таго, ніхто не адмяняў праверанае стагоддзямі пісанне ў шуфляду. Не ведаю, што менавіта пісьменнікі і пісьменніцы не публікуюць зараз з прычынаў бяспекі. Але ўпэўнены – неўпрыкмет ствараюцца вельмі цікавыя дакументы нашага часу.
«Не верце, што літаратары – самыя добрыя, эмпатычныя людзі, гэткія анёлы, замешаныя на любові і ўседараванні»
– Гедройць – гэта лакмусавая паперка на што? На талент аўтара? На сталенне і якасць нашай літаратуры? Ці можна інакш сфармуляваць: у тэорыі мэта прэміі, зразумела, зусім не ранжыроўка аўтараў – найперш, відаць па ўсім, тут падтрымка, папулярызацыя літаратуры менавіта ў цэлым. Ну а ў рэальным супярэчлівым жыцці Гедройць – люстэрка для літаратуры ці подыум для аўтара?
– Для ўсяго. Гедройць ствараўся з разумення недасфармаванасці беларускага кніжнага рынку. З неабходнасці дапамогі нашым пісьменнікам, якія шмат працуюць, але мала ці наагул нікому не цікавыя. Альбо, можа, і цікавыя добрым чытачам, якіх хапае, але няма інстанцый, што пракладваюць масткі іх сустрэч з аўтарамі. Я пра літаратурных агентаў, літаратурныя інстытуты і г. д.
Калісьці з’яўленне прэміі Гедройця ў некалькі разоў актывізавала незалежных кніжных выдаўцоў. Некаторыя кніжкі, паводле злых языкоў, наагул пачалі пісацца «пад Гедройця».
А зараз прэмія сведчыць пра рэпрэсаванасць нашай культуры, цяжкасць працы пісьменнікаў і зусім невыноснае быццё выдаўцоў. Шмат каго затрымлівалі, адбіралі ліцэнзіі, зачынялі, змушалі прамым тэкстам да эміграцыі.
У выніку маем сёлета антырэкорд кніжак, намінаваных на Гедройця. Іх крышачку болей, чым у лонг-лісце – трошкі больш за дванаццаць. Гэта вельмі мала: раней налічвалі і пад 50 твораў. Але, з іншага боку, можна захапляцца, што нават у такі час паўсталі некалькі адметных кніг, і мы сёлета маем цалкам годны шорт-ліст. Як сябра журы, адказна сведчу: як мінімум тры кнігі вельмі годныя.
– Сакрэт Полішынеля – за прэміяй цягнецца скандальны шлейф. З гэтай прычыны шмат народу, нават выбітных у нашай культуры людзей – напрыклад, спадар Халезін, адхрысціліся ад Гедройця, а некалькі аўтараў адмовіліся надалей удзельнічаць у ім. Налёт жаўцізны не пляміць вобраз беларускага Букера?
– Праблема ў тым, што такіх прэмій у нас вельмі і вельмі мала. А каб узнагародаў было ў разы больш – і прэстыжных, і грашова напоўненых, – то гэтых сварак, зайздрасці і крыўдаў адпаведна паменела б.
Але, у прынцыпе, пісьменніцкае асяроддзе, безумоўна, таксічнае. Не даводзіцца сцвярджаць, што літаратары – самыя добрыя, эмпатычныя людзі, гэткія анёлы, створаныя з уседаравання, шчырага жадання радавацца поспехам калегаў і сяброў.
Мае расчараванні ў нашых творцах пачаліся з першай пары гадоў уручэння Гедройця. Я раптам зразумеў, што для ладнай колькасці ўдзельнікаў беларускага літаратурнага жыцця было б лепей, каб у нас наагул не было Гедройця, чым сітуацыя, калі ён ёсць, але дастаецца не ім. У суседа радасць – значыць у мяне гора… Крышачку карыкатызую сітуацыю, але ёсць такое.
З іншага боку, на нашым культурным полі абмежаваная колькасць гульцоў. Каб па-беларуску размаўлялі мільёны, а пісалі тысячы людзей і хаця б сотня ўдзельнічала ў літаратуразнаўстве і ў літаратурнай крытыцы, гэта б дазваляла лепш арганізаваць інстытут незалежнай экспертызы. Зразумела, што ад бяды, ад нястачы рэсурсаў робіцца сітуацыя, калі тыя самыя людзі ў адны гады ўдзельнічаюць у літаратурных прэміях, а ў другія абмяркоўваюць сваіх калегаў.
І нават чыста тэарэтычна складана выключыць момант вось такіх развагаў: калі летась я нічога не атрымаў, пазалетась таксама, то чаму сёлета мушу шчыра дапамагаць ёй ці яму?
У ідэале, канечне, сябры журы не павінны былі б прэтэндаваць на ўдзел у прэміі як аўтары. Так менавіта і арганізавана справа ў краінах з большым рынкам, з большай колькасцю аўтараў.
Мне здаралася працаваць у міжнародным журы Віславы Шымборскай у Польшчы, дык там бы моцна здзівіліся, каб нядаўняга сябру журы ў іншы год намінавалі на гэтую ўзнагароду.
Але, так бы мовіць, калі вёска маленькая, інакш ставішся да шлюбаў дваюрадных і траюрадных сваякоў.
«Як аб’ект настальгіі Беларусь на адлегласці выглядае сімпатычна, але не ідэалізуйце ранейшае!»
– Выцісканне з Бацькаўшчыны, змушаная эміграцыя ўплываюць на творчасць вашых сяброў, знаёмцаў? Заўважаеце змену іх светапогляду, а мо й духоўны крызіс? Ці ўсім па плячы выстаяць, як, скажам, Чэслаў Мілаш? Вы неяк сказалі: «Ён быў бы грамадзянінам розных краін». А мы?
– Канечне, усе мы ахвяры гэтага працэсу, але пазіцыя ахвяры ўпадніцкая і дэструктыўная. Калі мы апынаемся ў новых месцах, то і паўстаюць новыя выклікі. Можна замкнуцца ў чатырох сценах і наракаць на долю, можна казаць пра адлучэнне чытачоў, але калі нядаўна пачуў ад калегі скаргу, што вакол чужая мова, то…
Людцы добрыя, я разумею – Беларусь на адлегласці выглядае сімпатычна як аб’ект настальгіі, але не ідэалізуйце ранейшае! Мы і дома ў найлепшыя, самыя вегетарыянскія часы не чулі, так каб хорам усе навокал размаўлялі па-беларуску – моцна трэба было шукаць гэткіх асяродкаў.
А цяпер беларуская мова пачынае часцей гучаць менавіта тут, за мяжой, сярод соцень тысяч, а некаторыя нават пра мільён і болей беларусаў гавораць… Гэта найбольш актыўная і неабыякавая да беларускіх спраў частка грамадства. На вуліцах Кракава ці Беластока, Гданьска ці Варшавы або Вільні і Батумі бачу сваіх і чую сваю мову. Нават часцей, чым гэта адбывалася некалі ў Мінску.
Гэта адзін аспект.
А вось і другі. Кожны з нас, несучы сваю культуру, робіць гэта дзеля Беларусі, аптымістычна трымаючы на мэце сваё вяртанне. З уласнымі вершамі, з уласнымі перакладамі, песнямі, карцінамі, тэатральнымі пастаноўкамі, фільмамі, операмі і гэтак далей. Але ж ніхто не адмяняў кантакты з тым асяроддзем, сярод якога мы апынаемся.
Здаецца, Валянцін Акудовіч калісьці напісаў: чытаю творы беларускіх эмігрантаў і, можа быць, за выключэннем Янкі Юхнаўца, не бачу ўплыву новых гарадоў і мастацкіх адкрыццяў – тых Нью-Ёркаў, тых Парыжаў, тых Берлінаў на іх саміх й іхную ўласную творчасць…
Найгоршае, што можа быць, – гэта спыніць час на моманце, калі ты з’язджаў, і замкнуцца ў самаразвіцці. Не, безумоўна, трэба вучыць мовы краін, дзе мы апынуліся, сустракацца з творцамі, цікавіцца мясцовай культурай у гарадах, дзе мы ёсць. Трэба падглядаць, падслухоўваць, вучыцца – выцягваць усё найлепшае з гэтых кантактаў. Безумоўна, робячы гэта дзеля сваёй мовы, сваёй культуры, іх мадэрнізацыі.
А проста плакаць можна доўга, аднак гэта бясплённа.
Варта не проста сфармаваць бібліятэчку прэміі, а давыдаць у яе лепшае і тое, што апынулася недаацэненым.
– Вы маеце польскую прэмію Ежы Гедройця, якую ўручае польская газета «Rzeczpospolita». Ну а калі возьмеце Гедройця беларускага? Няма планаў праверыць свае сілы ў прозе? Ці сканцэнтравацца на эсэістыцы, сабраць ужо напісанае, дадаць нешта і выдаць асобнай кнігай у дадатак да паэтычных зборнікаў?
– Прозай займацца не збіраюся, але не ўпэўнены, што тут чалавек гаспадар становішча. Калі штосьці пачне пісацца, думаю – заўважу і спецыяльна супрацьдзейнічаць гэтаму не стану. А штучна выдумляць сабе занятак, калі няма нейкіх сур’ёзных імпульсаў і патрэбаў, матывацый, таксама не бачу прычынаў. Мяне і так многа ў розных іпастасях і праявах. Апошнія паўтара году шмат часу, напрыклад, забірала падрыхтоўка літаратурных лекцый для ютубу. Ну і пераклады, вядома ж, але ў гэтым якраз не хочацца спыняцца. Не заракаюся і ад вершаў, якія пішуцца і, спадзяюся, будуць далей пісацца.
– Вось каб была бібліятэка прэміі Гедройця з усіх падаваных на яе кніг – а гэта пад паўтысячы найменняў, то хто мог бы стаць ганаровым бібліятэкарам? Хто гэты чалавек, найбольш заангажаваны ў 12-гадовы ўжо праект – ці не Андрэй Хадановіч?
– У гэтай ідэі ёсць добрае зерне: няблага сабраць серыю твораў пераможцаў і прызёраў прэміі за розныя гады. І хіба толькі іх? Шорт-лістары, якія часам нават не траплялі ў тройку, але рабілі найлепшае ўражанне.
Давайце згадаем “Яна Ялмужну” Антона Францішка Брыля – абсалютна класную прозу, замяшаную на літоўска-беларускай гісторыі, ірландскіх міфах і антычнай паэзіі! Давайце згадаем самую мастацкую, самую непубліцыстычную кніжку Сяргея Дубаўца «Сіні карабель у блакітным моры плыве». Гэта ж цуд! Можна наракаць, што «Дзеці Аліндаркі» Альгерда Бахарэвіча ў той год не выйгралі… Але прынамсі трапілі ў тройку, а гэтых дзвюх кніг нават там не было.
Таму і шорт-лісты маглі б быць гэткімі вехамі адметнага развіцця беларускай прозы. Усё гэта варта перавыдаць.
Будзе рухацца выдавецкая справа, з’явіцца большы попыт – і можна будзе пра такую бібліятэчку падумаць. А хто будзе ўкладальнікам, мяне турбуе ў апошнюю чаргу. Былі б чытачы, якіх бы гэта цікавіла. Дзеля іх, па вялікім рахунку, мы ўсім гэтым і займаемся.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: