Партрэт англійскага матэматыка Алана Цьюрынга, створаны з дапамогай штучнага інтэлекту ультрарэалістычным робатам Ai-Da, быў выстаўлены на аўкцыён па стартавай цане 180 000 даляраў — так яго ацаніў аўкцыённы дом Sotheby’s Digital Art Sale. Прададзена карціна была за 1,08 мільёна даляраў, — піша The Guardian.
«Рэкордная цана продажу першай выстаўленай на аўкцыён працы рабатызаванага мастака-гуманоіда азначае сабой важны момант у гісторыі сучаснага мастацтва і адлюстроўвае пашырэнне ўзаемадзеяння паміж тэхналогіяй штучнага інтэлекту і сусветным рынкам мастацтва», — каментуюць спецыялісты аўкцыённага дома.
Карціна вышынёй 2,3 метра, створаная з выкарыстаннем алгарытмаў ШІ, раней была выстаўленая ў ААН у Жэневе. Гэты твор, з аднаго боку, засведчыў рост майстэрства Ai-Da ў візуальным мастацтве, з іншага — выклікаў спрэчкі пра тое, што ШІ пазбаўлены эмацыйнай глыбіні, уласцівай людзям, што ставіць пад пытанне здольнасць машыннага мастацтва па-сапраўднаму кранаць аўдыторыю. Аднак стваральнік Ai-Da Айдан Мелер параўноўвае робата з мастакамі-наватарамі, якія таксама парушалі нормы, і сцвярджае, што такія працы пашыраюць межы мастацтва ў лічбавую эпоху.
Гэты партрэт правакацыйна названы «Бог ШІ». «Назва адлюстроўвае сур’ёзныя перамены, якія адбываюцца цяпер: прыняцце рашэнняў пераходзіць ад кантролю чалавека, у якога ёсць поўная свабода волі, да алгарытмаў, якія ўсё часцей прымаюць рашэнні за нас, — патлумачыў Эйдан Мелер. — Адбываецца перадача паўнамоцтваў па прыняцці рашэнняў, і з улікам вялізнага патэнцыялу ШІ мы можам набліжацца да «чароўных» магчымасцей, якія могуць закрануць масы людзей».
Ai-Da быў распрацаваны спецыялістам па сучасным мастацтве Эйданам Мелерам разам з камандай праграмістаў, робататэхнікаў, мастацтвазнаўцаў і псіхолагаў у 2019 годзе, і з тых часоў Ai-Da пастаянна абнаўляюць па меры ўдасканалення тэхналогій штучнага інтэлекту.
Першапачаткова Ai-Da стварала алоўкавыя партрэты, малюнкі жывёл і нацюрморты на аснове фатаграфій. З часам яна навучылася пісаць карціны фарбамі з натуры, выкарыстоўваючы свой «зрок» – убудаваныя камеры і адмыслова распрацаваныя рабатызаваныя рукі. Вочы Ai-Da фіксуюцца на аб’екце, алгарытмы апрацоўваюць яго, прымаюць рашэнні – і ў выніку ствараюць карціну.
Ai-Da стала першым робатам, які пачаў пісаць карціны так, як мастакі ў старыя часы, — пэндзлем. Два гады таму на першай публічнай дэманстрацыі карціны, створанай робатам, Эйдан Мелер ужо не пытаў: «Ці могуць робаты ствараць мастацтва?», ён ставіў пытанне па-іншаму: «Цяпер, калі робаты могуць ствараць мастацтва, ці сапраўды мы, людзі, хочам, каб яны гэта рабілі?».
У 2022 годзе персанальная выстава Ai-Da з’явілася на Венецыянскім біенале.
Дарэчы, увасоблены на карціне Алан Цьюрынг, матэматык і адзін з першых вучоных у галіне інфарматыкі, які адыграў вырашальную ролю ў барацьбе з нацысцкай Германіяй, працуючы ў якасці дэшыфроўшчыка, у 1950-х гадах выказваў занепакоенасць з нагоды выкарыстання штучнага інтэлекту.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram