Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік

Культура
Ілюстрацыя Кацярыны Дубовік да кнігі Надзеі Ясмінскай «Чаму Меша не мае хаты». Фота: tn.by.

12 красавіка ў Вільні адкрыецца маштабная выстава кніжнай графікі Кацярыны Дубовік пад назвай «Я правяду цябе да ўзлеску…».

Кацярына Дубовік, выпускніца кафедры графікі Акадэміі мастацтваў у Мінску, з 2016 года жыве ў Амстэрдаме.

На выставе «Я правяду цябе да ўзлеску…» пакажуць 45 арыгінальных твораў, выкананых у розных тэхніках: афорт, тэмпера і маркеры на паперы, трафарэт і туш, тэмпера і гуаш і іншых. Гэта ўсё ілюстрацыі да васьмі кніг.

Теленавітая ілюстратарка з’яўляецца лаўрэаткай шматлікіх узнагарод, напрыклад, Прэміі Цёткі 2016 года, Гран-пры 7-га фестывалю беларускамоўнай рэкламы і дызайну «ADNAK!». А ў верасні 2016 года яна перамагла ў конкурсе афармлення казкі шведскай аўтаркі Эвы Суса «Снежны чалавек у Мінску». Пасля той перамогі мастачка пачала супрацоўнічаць з пісьменнніцай, і гледачы віленскай выставы будуць мець магчымасць убачыць ілюстрацыі да дзвюх кніг на шведскай мове.

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік
Ілюстрацыя Кацярыны Дубовік да кнігі Эвы Суса «Снежны чалавек у Мінску». Фота: lohvinau.

Цікава, што казка «Снежны чалавек у Мінску» напісана шведскай пісьменніцай на беларускім матэрыяле. Суправаджаў аўтарку ў мінскіх вандроўках і перакладаў яе твор пісьменнік Дзмітрый Плакс. У гэтых ілюстрацыях Кацярына Дубовік надзвычай уважлівая да дэталяў, бо ёй трэба перадаць канкрэтныя гарадскія краявіды і максімальна пераканальна апісаць уяўнага персанажа. Дзеці любяць дробныя дэталі, і мастачка ўпэўненая ў дробязях і стрыманая ў каларыце. Зіма ж на дварэ!

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік
Ілюстрацыя Кацярыны Дубовік да кнігі Эвы Суса «Toomi och den lilla plangneten». Фота: provlas.se.
Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік
Ілюстрацыя Кацярыны Дубовік да кнігі Эвы Суса «Toomi och den lilla plangneten». Фота: provlas.se.

Ілюстрацыі да яшчэ аднаго выдання Эвы Суса «Toomi och den lilla plangneten» зусім іншыя. Майстэрства ілюстратара — у пераўвасабленні, у адаптацыі свайго стылю да розных тэкстаў. А кожны тэкст мае свой каларыт, асаблівы настрой і нават уласны малюнак. Мастак, які суправаджае тэкст выявамі, мусіць улічваць гэтыя акалічнасці, што аднак не перашкаджае яму нешта скарэктаваць. Гісторыя пра хлопчыка Тоомі, які жыве ў свеце пасля экалагічнай катастрофы і спрабуе хоць нешта ў ім змяніць, суправаджаецца ілюстрацыямі змрочнымі, але таямнічымі. Калі невялікія малюнкі, што ўлучаны ў тэкст, каляровыя і жартаўлівыя, то старонкавыя і разваротныя ілюстрацыі апісваюць шэры і безнадзейны постапакаліптычны свет, крыху адаптаваны аўтаркай да дзіцячай псіхікі.

Асноўны колер «Пітэра Пэна» — бірузовы, мяркуе мастачка, і перастварае кнігу Джэймса Мэцью Бары ў беларускім перакладзе Уладзя Лянкевіча праз дынамічныя кампазіцыі з парушанымі законамі гравітацыі. Герметычны свет казкі будуецца паводле ўласнай логікі і прыцягвае асаблівай атмасферай чакання цуду.

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік
Ілюстрацыі Кацярыны Дубовік да кнігі Джэймса Мэцью Бары «Пітэр Пэн». Фота: fantlab.

Адметнасць прафесіі ілюстратара — ва ўменні весці дыялог з аўтарам кнігі. А ў дзіцячых выданнях самае важнае — бачыць свет вачыма дзіцяці, таму мастачка прынцыпова «забывае» прафесійныя навыкі і малюе максімальна вольна, нібы дзіцячай рукой. Аднак усё застаецца: і складанае каларыстычнае рашэнне, і выверанасць кампазіцыі, і выразнасць сілуэтаў.

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік
Ілюстрацыя Кацярыны Дубовік да кнігі Надзеі Ясмінскай «Чаму Меша не мае хаты». Фота: tn.by.

Напрыклад, у кнізе Надзеі Ясмінскай «Чаму Меша не мае хаты» ўсе ілюстрацыі маюць складаны каларыт, збудаваны на кантрасных колерах, што дадае казцы пачуцця містычнасці і неверагоднасці. Малюнкі зроблены рэзкімі, нібыта хаатычнымі рухамі, і гэта будзіць уяўленне, бо аўтарка нібы прымушае дзіця далучыцца да працэсу малявання, разгледзіць у любімых калякулах свае ўласныя вобразы. А галоўнае, ствараецца ўражанне, што свет, увасоблены мастачкай, блізкі да свету маленькага гледача. І там магчыма ўсё. Нездарма так часта Кацярыну Дубовік запрашаюць да ілюстравання кніг, дзе патрабуецца асаблівая сіла мастацкай фантазіі.

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік
Ілюстрацыі Кацярыны Дубовік да кнігі Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса». Фота: fantlab.

У 2017-м мастачка ілюструе кнігу Льюіса Кэрала «Скрозь люстэрка і што ўбачыла там Аліса» (беларускі пераклад Веры Бурлак). Залюстэркавы свет Кацярыны Дубовік перагружаны, абсурдальны і на першы погляд нелагічны, аднак збудаваны так, што кожны глядач сваю логіку ў ім усё ж адшукае.

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік
Ілюстрацыя Кацярыны Дубовік да кнігі «Чараўнік Краіны Оз» Фрэнка Баўма. Фота: tn.by.

Казка «Чараўнік Краіны Оз» Фрэнка Баўма зусім нядаўна выйшла ў выдавецтве «Тэхналогія». Гэта выданне можна назваць унікальным, таму што спалучае ў сябе цудоўны пераклад Сяржа Мядзведзева і фантастычныя ілюстрацыі Кацярыны Дубовік.

Мастачка зноў паставіла перад сабой задачу стварыць прастору, ні на што не падобную, і зноў вырашыла яе праз вольны, наўмысна дзіцячы малюнак. Нібы незавершаны, ён нараджае жаданне дадумваць свае ўласныя сюжэты. Колер гэтай кнігі вохрыста-жоўты, як пясок ці салома.

Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў ладзіць у Вільні выставу ілюстрацый Кацярыны Дубовік
Вокладка Кацярыны Дубовік да кнігі «Як Васіль змея перамог». Фота: belkniga.by.

Дзіўна, што ілюстрацыі мастачкі такія пазнавальныя, бо цяжка вызначыць, што іх яднае. Напэўна, густоўнасць, вольнасць і фантазія, якая для дзіцячых кніг не павінна быць абмежаваная ніякімі дарослымі правіламі.

Куратар выставы Ціхан Чарнякевіч расказаў Reform.by пра адметнасці экспазіцыі: «Даробак мастачкі вельмі вялікі, мы не маем такіх залаў, каб паказаць усю яе творчасць за апошнія 10-15 гадоў. Дзеля гэтага патрэбна зала нацыянальнага музея. Таму мы выбралі найлепшую дзіцячую графіку Кацярыны Дубовік, падрыхтавалі і прывезлі з Амстэрдама ў Вільню. І ў пятніцу ўсіх чакаем на адкрыццё».

Афіцыйнае адкрыццё з удзелам мастачкі адбудзецца ў Віленскім беларускім музеі імя Луцкевіча (Vilniaus g., 20) 12 красавіка а 19-й, наведаць выставу можна будзе да 25 красавіка.

З працамі Кацярыны Дубовік можна пазнаёміцца тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: