Меркаванне. Справа журналістаў: чаму немагчыма быць «над схваткай»

Главное
Фото: Daniel Lepik, unsplash.com

Пакуль не сціхае флэшмоб пра 1990-я, можна нагадаць, што паняцце «апазіцыйныя СМІ» з’явілася акурат у тых самых 1990-х. Прынамсі, у сучасным разуменні слова: «тыя, хто толькі і займаюцца тым, што выкрываюць рэжым». Але «апазіцыйныя» ствараліся каб «проста аб’ектыўна асвятляць падзеі». Проста распавядаць пра грошы ўлады, проста выкрываць карупцыйныя схемы ва ўладзе ў шырокім сэнсе слова «улада», проста даваць пляцоўку для меркаванняў людзей з рознымі палітычнымі поглядамі. Нічога новага, усё як у людзей у іншых краінах.

А неўзабаве пасля 1990-х «апазіцыйныя СМІ» прыдушылі: каго празмернымі штрафамі, каго проста павыкідалі з кіёскаў «Белсаюздруку». Газеты. А адзіную незалежную FM-станцыю «Радыё 101,2», якая апроч музыкі давала палітычныя дыскусіі, закрылі значна раней – у 1996. І вось «апазіцыйная прэса», якая пачынала як проста прэса, апынулася на маргінесе.

Важны аспект, пра які амаль ніколі не ўзгадваецца – слова «бізнес». У 1990-х мала хто ведаў слова «грант». «Незалежная/апазіцыйная» прэса была паўнавартасным бізнэсам. Таму яна душылася разам з усім бізнесам Беларусі, які не хацеў гуляць па паняціях новай на той момант улады.

Бізнес бывае розны. Бывае «толькі грошы хоць на чым», бывае з папулярызацыяй у грамадстве пэўных каштоўнасцяў, нават калі, здавалася б, СМІ вузкапрофільны: пра спорт ці пра кампутарнае «жалеза». У 1990-х медыябізнес быў з каштоўнасцямі. Іррацыянальна? Не. Насамрэч, вельмі рацыянальна. У асяроддзі з блізкімі табе каштоўнасцямі прасцей жыць і зарабляць. І вось канец марам: СМІ з 1990-х выжываюць дзякуючы грантам.

А тут раз – на пачатку «нулявых» пачаў развівацца новы бізнес – у інтэрнэце. Проста бізнес, без місій. Думаю, што на ўладу людзі новай тэхналагічнай эпохі глядзелі як на лохаў. Ясна, што краінай кіравалі персанажы, якія нават кампутар самастойна ўключыць не маглі. Што да зацятых «опаў», магчыма, глядзелі на іх ці як на дзівакоў, ці як на лузераў.

Барахолкі, форумы, агрэгатары апалітычных навін – што яшчэ трэба, каб прывабіць наведніка на свой рэсурс? Прадавай рэкламу – жыві і развівайся. Калі ты без місіі, ты глядзіш на тое, што запатрабаванае і прадаеш адпаведнае.

Развіццё сацсетак раптам выявіла, што ў Беларусі жыве дастаткова вялікая, з гледзішча рэкламнага рынку, колькасць людзей, якіх не назавеш «млявымі і абыякавымі да жыцця». Раптам стала зразумела, што «палітыка прадаецца». Палітыка ў шырокім сэнсе слова. Калі ў другой палове 1990-х пад «палітыкай» разумелася выкрыццё сутнасці Лукашэнкі, то ў «нулявых» і наступных «дзясятых» палітыка – гэта шырокі спектр грамадскага жыцця. Гэта і выкрыццё «фокусаў» Менгарвыканкаму з «рэканструкцыяй» сталіцы, гэта барацьба супраць зносу прыватнага сектару і ўшчыльненняў старых раёнаў новымі высоткамі. Гэта адзін такі калектыўны «#Матолькапамагі». Лукашэнка раптам пацясніўся ў інфармацыйнай прасторы, бо стала відавочна, што такіх вось «лукашэнак» – поўная краіна, і ўсе яны – палітыка. Таму інтэрнет-СМІ, з гледзішча логікі бізнеса, пачалі асвятляць праблемы, якія абмяркоўваюцца ў сацсетках – палітыку.

«Несколько раз неформально общался с работниками TUT.BY, и зачастую в их речах сквозили такие термины как «нейтральный», «объективный», «над схваткой» и т.д. При чём говорилось это с гордостью, достоинством и хорошей дозой самомнения (имели на то право)», – напісаў у сваім фэйсбуку медыяактывіст Эдуард Пальчыс.

«Нейтральны» – гэта калі вядзеш стрым з Плошчы? Ці калі асвятляеш барацьбу гараджанаў з Менгарвыканкамам? Гэта завецца «над схваткай»? Ладна, ў 1990-х была парламенцкая апазіцыя з рознымі партыямі, і СМІ мог быць унутры схваткі – падтрымліваць той ці іншы бок. А цяпер схваткай каго з кім? Грамадзян з уладай?

Гісторыя пайшла па спіралі. Розніца толькі ў тым, што за прамінулыя чвэрць стагоддзя ў Беларусі пашырылася кола людзей, якія мысляць як грамадзяне, а не як насельніцтва. То бок, не толькі просяць, але яшчэ і патрабуюць. І ў тым, што новыя інфармацыйныя тэхналогіі далі магчымасць людзям хутка абменьвацца меркаваннямі і аб’ядноўвацца дзеля адстойвання сваіх меркаванняў. А над схваткай можна быць толькі калі глядзіш на падзеі ў чужой краіне.

***

Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.

***

Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: