У Беларусі па загадзе Міністэрства інфармацыі заблакавалі культавы музычны праект «Тузін Гітоў» (Tuzinfm.by). Гісторыя вядомай культурнай пляцоўкі, на якой сабраны вялізны архіў беларускай музыкі з 2003 па 2020 гады, складае больш за два дзесяцігоддзі. «Што не дарабіла Ананіч, дарабіў Маркаў», — пракаментаваў сітуацыю адзін з заснавальнікаў платформы Сяргей Будкін.
«У прыватнасці, заблакаваная праца асобных старонак, якія прысвечаныя праектам НЕрасстраляныя, «Перазагрузка», «Апошні золак» Заспявай BY, Тэлебудка, Тузін.Немаўля, «Re:Песняры», «100 найвялікшых беларускіх песень», праекты, прысвечаныя памяці Анатоля Сыса, Сержука Вітушкі, Міхала Анемпадыстава ды іншыя», — распавёў пра стан рэчаў Сяргей Будкін, які працаваў над праектам усе гэтыя дзесяцігоддзі. Нагадаем, што з 2020 года культурніцкі журналіст і менеджар узначальвае Беларускую Раду культуры.
«Спробы спыніць працу «Тузіна» рабіліся і раней, – дадае ён. — Дзевяць год таму за подпісам тагачаснай міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч я атрымаў папярэджанне, што доступ да рэсурсу можа быць абмежаваны «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадзкім інтарэсам» (якія былі парушэнне – не паведамлялася). Цяпер жа чыноўнікі нават не парупіліся даслаць паперку. Проста далі загад хосцерам заблакаваць. Што не дарабіла Ананіч, дарабіў Маркаў…».
Сяргей Будкін адзначыў, што архіў сайта папярэдне быў захаваны. Гэтаксама галерэя праектаў «Тузіна Гітоў» даступная па гэтым адрасе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram