На вуліцы Інтэрнацыяльнай у Мінску працягваецца рэканструкцыя кінатэатра «Перамога». Сёння помнік архітэктуры пасляваеннага перыяду набыў дах, прасоўваюцца працы па знешнім выглядзе аб’екта.
Плануецца, што ўсе вонкавыя працы будуць завершаныя да Дня горада ў верасні. Што датычыцца ўнутранай апрацоўкі, то яшчэ ў чэрвені дырэктар КУП «Мінская спадчына» Аляксандр Кохан канстатаваў, што тут справа замарудзілася ў сувязі са зменай канцэпцыі аб’екта. Сышоў былы арандатар, сёння аператарам будынка выступае «Кінавідэапракат».
Згодна з новай канцэпцыяй, у кінатэатры плануецца пяць залаў замест трох — будзе заўважна павялічаная колькасць пасадачных месцаў. Таксама на фасадзе «плануецца святочнае падсвятленне, якое дапаможа вылучыць будынак сярод астатніх».
Будаўнічая гатоўнасць аб’екта перавышала 50% яшчэ ў першай палове года. Па плане рэканструкцыя мусіць быць завершана да канца 2023-га.
Нагадаем, што падчас рэканструкцыі вядомага будынка па Інтэрнацыянальнай была выяўлена «фрэска» 1990 года з выявай вершнікаў, якую потым было вырашана дэмантаваць. Чытаць гісторыю пано можна тут.