«Я не бачу сваёй віны ні ў чым» — последнее слово главреда «Региональной газеты» Александра Манцевича на суде

Аугиня Манцевич, дочь политзаключенного главного редактора «Региональной газеты» Александра Манцевича, опубликовала его последнее слово перед вынесением приговора. Напомним, 3 ноября он был осужден на 4 года лишения свободы в колонии общего режима. Ему также назначен штраф в 400 базовых величин (14,8 тыс. рублей).

«Учора майму бацьку прысудзілі чатыры гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф 400 базавых велічынь (14 800 рублёў). Публікую яго апошняе слова ў судзе перад вынясеннем прысуду», — написала Аугиня в Facebook.

Приводим текст в полном объеме.

“У верасні Беларусь шырока адзначыла Дзень народнага адзінства, дзень аб’яднання беларускага народа ў адзінай сям’і ў верасні 1939 года. Дваццаць дзявятага кастрычніка 1939 года ў Беластоку была прынята на народным сходзе Заходняй Беларусі дэкларацыя аб уваходжанні Заходняй Беларусі ў БССР, чытай у Беларусь. Гэтаму папярэднічала два асноўных даклады. Адзін з дакладаў аб характары ўлады ў Заходняй Беларусі чытаў Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, на вуліцы імя якога ў Маладзечне сёння месціцца Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь. Другі даклад па пытанні ўваходжання Заходняй Беларусі ў склад БССР чытаў настаўнік з Дзісеншчыны (гэта сённяшняя Віцебшчына) Флор Данатавіч Манцэвіч. Флор Данатавіч Манцэвіч – настаўнік, фалькларыст, першы настаўнік славутага Генадзя Іванавіча Цітовіча, народнага артыста СССР, арганізатара і кіраўніка Беларускага акадэмічнага нацыянальнага народнага хора, быў карэспандэнтам першай беларускай газеты “Наша Ніва”, а ў 1939 годзе выступаў з гэтым дакладам на Народным сходзе. У 1941 годзе яго расстралялі гітлераўскія акупанты ў Полацку менавіта за патрыятычную дзейнасць. Я не ацэньваю пакта Рыбентропа-Молатава, як гэта часта робіцца ў сувязі з падзеямі 39-га года, я кажу толькі пра тое, што ўнука беларускага настаўніка, які агучыў на ўвесь свет у 39-м годзе памкненні мільёнаў беларусаў, і не толькі беларусаў, жыць у адзінай сям’і, сёння ў гэтай залі судзяць за дыскрэдытацыю Беларусі.

Перш за ўсё хачу падзякаваць маёй сям’і, родным і блізкім, сябрам і калегам, якія ўвесь гэты складаны час былі разам са мной, падтрымлівалі мяне фізічна і маральна, а разам з тым маю ўпэўненасць у маёй праваце. “Рэгіянальная газета” – адзінае ў Беларусі масавае рэгулярна выдаванае мясцовае недзяржаўнае выданне цалкам на беларускай мове ўпершыню выйшла ў 1995 годзе і такім заставалася да апошняга часу, сумленна выконваючы сваю місію. І ў 2020 годзе, у годзе прэзідэнцкіх выбараў і наступных падзей, мы прытрымліваліся галоўнага журналісцкага прынцыпу – паказваць жыццё такім, якім яно ёсць, не даючы яму ўласных ацэнак. Дарэчы, у нашай місіі, дакуменце, прынятым рэдакцыяй, падкрэслена, што газета не можа быць выказнікам пазіцыі інтарэсаў якой бы то ні было партыі, якога б то ні было грамадскага руху, або якой бы то ні было канфесіі. І мы гэтых прынцыпаў, гэтых правілаў трымаліся ўвесь час. З гэтай прычыны і немагчыма ў нас было знайсці нейкіх заклікаў да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў, як гэта прыпісваецца мне і нашай газеце. Можа таму пракурор Шукрынаў у сваёй даведцы аб даследаванні ютуб-канала “Навіны Маладзечна. Рэгіянальная газета” піша: “Авторами завуалировано размещены призывы к участию в несанкционированных массовых мероприятиях, поощряется их проведение и участие в них». Або «…изучением распространенной информации установлено: на указанном ресурсе распространяется мнение, что на территории Республики Беларусь осуществляются репрессии в отношении определенных групп лиц, пропагандируется мысль о репрессивных методах».

Ні тады, ні цяпер не ўказана ніводнага факту. Артыкул 369-1 Крымінальнага Кодэксу гаворыць аб распаўсюджанні “заведомо ложных сведений”. Рэдакцыйная ж палітыка “Рэгіянальнай газеты” будавалася на паказе фактаў, а не іх інтэрпрэтацый. Мы не распаўсюджвалі заведама ілжывыя звесткі. А права на свабоду меркаванняў даецца артыкулам 33 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і артыкулам 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Рэспубліка Беларусь. Адбылося восем судоў па прызнанні публікацый ці саміх рэсурсаў “Рэгіянальнай газеты” экстрэмісцкімі матэрыяламі. З матэрыяламі апошняга, на жаль, я не знаёмы. Нашу з маім абаронцам просьбу далучыць гэтыя матэрыялы да справы не задаволілі. Але я хачу падкрэсліць, што ў сямі іншых рашэннях розных судоў з рознымі суддзямі прысутнічае адна і тая ж фармулёўка: “Суд не усматривает оснований для назначения экспертных исследований для оценки материалов, поскольку данные материалы носят очевидно экстремистский характер, и для их оценки не требуется спецальных познаний”.

Ну, гэта проста нейкая казуістыка. Між тым у матэрыялах справы ёсць дакументы, якія пацвярджаюць, што ў нас не было ніякіх заклікаў. Гэта міліцэйскія матэрыялы, але я больш таго скажу, яны рабіліся на падставе меркавання экспертаў: “В представленных текстах фонограммы видеороликов «Пратэсты ў Маладзечне. Частка 1. Як усё пачыналася. 9 жніўня», і «Пратэсты ў Маладзечне. Частка 2. Дзень другі. 10 жніўня», не имеется высказываний побудительного характера, призывающих к насильственным действиям одной группы лиц по отношению к другой группе лиц, объединенных по признаку принадлежности к сотрудникам правоохранительных органов, государственным служащим Республики Беларусь. В представленных текстах фонограмм из видеороликов не имеется высказываний, содержащих негативную оценку лица или группы лиц, объединенных по признаку принадлежности к сотрудникам правоохранительных органов государственным служащим Республики Беларусь”. Калі дзяржаўны абвінаваўца ведае, што такія дакументы ў справе існуюць, то чаму б яму не запатрабаваць экспертызы тых матэрыялаў, якія пералічаны ў абвінавачанні. Ці хаця б пагадзіцца на тое, каб матэрыялы спраў, пра якія піша газета, былі далучаны да справы. І тады б абсалютна відавочна стала тое, што ў маіх дзеяннях складу злачынства сапраўды няма.

Сямнаццатага сакавіка 2023 года пасля шэрагу судоў мне выносіцца першае абвінавачанне ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 369-1. З абвінавачання ў абвінавачанне (іх было чатыры), пераходзіць тое, што я «являюсь приверженцем политического движения, поддерживаю делинквентную позицию…», «проявлял безнравственный интерес к экстремистской деятельности…», «при отягчающих обстоятельствах совершения преступления по мотивам политической и идеологической вражды». Адкуль гэта ўзялося? Я гаварыў гэта і на следстве ў часе майго допыту, што нідзе ніколі ні публічна, ні прыватна не паказваў сваіх палітычных ці нейкіх грамадскіх прыхільнасцяў, ні ў якую царкву я хаджу ці не хаджу. Гэта я лічыў не тое, што непатрэбным, а шкодным для журналіста, для выдаўца газеты. І таму знайсці, што я «являлся приверженцем какого-то политического движения» проста немагчыма.

У Крымінальна працэсуальным кодэксе артыкул 16 і артыкул 356 гаворыцца «приговор не может быть основан на предположениях». Лічу, што прызнанне шэрагу рэсурсаў і публікацый “Рэгіянальнай газеты”, на базе чаго пабудавана мая крымінальная справа, экстрэмісцкімі, у адсутнасці належнай экспертызы, з’яўляецца тым самым предположением, дапушчэннем. Гэта раз. Другое. Сцвярджэнне, што я выказваў «безнравственный интерес к экстремистской деятельности», являясь её сторонником з’яўляецца такім самым дапушчэннем, предположением. І трэцяе. Тое, што ў мяне былі матывы политической и идеологической вражды – таксама дапушчэнне. І тут наступае прэзумпцыя невінаватасці. І адсутнічае склад злачынства.

Ну, а тое, што я “дзейнічаў у групе асоб” – зразумела, я ж кіраваў рэдакцыяй, вядома, я працаваў з людзьмі. Рэдакцыя – гэта людзі. І толькі дзякуючы калектыву “Рэгіянальная газета” за 28 гадоў свайго існавання стала вядомым, пазнавальным, аўтарытэтным і паважаным выданнем. Гэтаму ёсць шмат сведчанняў і прыкладаў, але вазьміце сёння выйдзіце на вуліцу і правядзіце апытанне сярод простых людзей, сярод мінакоў — і вы знойдзеце пацвярджэнне таму, што я цяпер гавару. Хто ж яны, гэтыя людзі “РГ”? Ніна Манцэвіч, намесніца дырэктара, галоўны бухгалтар, мая падтрымка ва ўсім, мая спадарожніца жыцця, яна шмат зрабіла для “Рэгіянальнай газеты”, і без яе “Рэгіянальнай газеты” не было б ніколі. Яна ведае, што я нішто нідзе ніколі не парушыў, хіба што перавёў яе з хворымі нагамі не на пераходзе, за што мне вынесена адміністрацыйнае папярэджанне. Зоя Хруцкая, намесніца галоўнага рэдактара, аўтарка шматлікіх ідэй і праектаў, публікацый, кіраўніца творчага журналісцкага калектыву, збіральніца людскіх гісторый і лёсаў, якая ніколі не парушала журналістскіх стандартаў і навучала ім іншых. Марыя Браніславаўна Бераснева, стыльрэдактар, адна з найстарэйшых работніц рэдакцыі, яна вучыла маладых, як правільна пісаць, побач з ёй маладыя работнікі атрымлівалі каштоўны досвед, вучыліся разумець сэнс і вагу кожнага слова. Гэта таксама чалавек, які стаяў на варце інтарэсаў таго, што мы гаворым і пра што мы гаворым, і якая таксама ніколі б не дапусціла ў нашых матэрыялах ні экстрэмізму, ні заклікаў да чаго-небудзь дэструктыўнага. Аксана Ярашонак, карэспандэнт, пісьменніца, паэтка, перакладчыца, умее і любіць пісаць пра культуру, гісторыю, людскія лёсы. Разам з чытачом са Смаргоншчыны Жылкам яна раскрыла для чытачоў “Рэгіянальнай газеты”, і не толькі, вярнула для Беларусі з небыцця дзесяткі імён беларусаў, беларускіх сыноў, якія загінулі на тэрыторыі Польшчы ў 1939 годзе, першымі у Еўропе прыняўшыя ўдары гітлераўскіх войск на сябе, і былі пахаваныя ў горадзе Пётркуве-Трыбунальскім. Родныя не ведалі, дзе падзеліся іх блізкія. Я ведаю сам адну сям’ю па прозвішчу Сцебурака, дзе брат знайшоў свайго брата. Праз год брата ў Беларусі, каторы дачакаўся гэтай весткі, не стала. Але наколькі спакойным ён адышоў у небыццё, пасля таго, як даведаўся, дзе ж дзеўся ягоны брат, якога ён праводзіў на вайну? І да апошняга дня Аксана заставалася разам з чытачом. Ігар Палынскі, пра якога тут згадвалі, – гэта тэхнічны рэдактар, паэт, музыка, журналіст, мультыінструменталіст, калі так можна сказаць, настолькі шматфункцыянальны, што можа зрабіць амаль усё ў журналістскай прафесіі і ў тэхнічнай яе рэалізацыі. Таму па пасадзе ён быў тэхнічны рэдактар, хаця і пісаў, і здымаў, і гаварыў, і ствараў добрыя журналісцкія матэрыялы. Настасся Уткіна – самая маладая ўдзельніца нашай каманды, любіць спорт і любіць пісаць пра спорт, любіць фатаграфію. Менавіта фотарэпартажы Настассі Уткінай, Зоі Хруцкай, відэа і тэксты Зоі Хруцкай і Ігара Палынскага зафіксавалі тое, што адбывалася ў 20-м годзе, прытрымліваючыся высокіх прафесійных стандартаў. Жанна Горбань, спецыяліст па рэкламе, сумленны чалавек, педантычны ў лепшым сэнсе, бо скурпулёзнасць і педантычнасць патрабуецца пры зборы рэкламы і грошай. Яна працавала з рэкламай, з грашыма, і можна было абсалютна спакойным быць за касу прадпрыемства, бо з касай працавала Жана. На жаль, сёння каса пустая, усе рэсурсы “РГ” прызнаныя экстрэмісцкімі, людзі засталіся без працы, а галоўны рэдактар абвінавачваецца ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь. Я ганаруся, што працаваў з гэтымі людзьмі ў адной камандзе, камандзе прафесіяналаў з вялікай літары, для якіх праўда была вышэйшая за ўтульнасць. Яны маглі спакойна спаць пасля кожнай сваёй публікацыі, бо пісалі толькі праўду. Таксама спакойна мог спаць і я, таму што не перажываў за тое, што мы нібыта пішам хлусню ці на кагосьці ўзвялі паклёп. І зразумела, наш калектыў не займаўся экстрэмізмам.

Я меў шчасце за сваё журналістскае жыццё сустракацца з рознымі людзьмі. Быць знаёмым з Генадзем Аляксандравічам Каханоўскім, Адамам Восіпавічам Мальдзісам, Анатолем Валянцінавічам Рогачам, Уладзімірам Содалем, Янкам Саламевічам, Міколам Капыловічам, Міхасём Міхайлавічам Чарняўскім, Канстанцінам Іванавічам Харашэвічам, якія, вядома, не дапусцілі б у кола сваіх знаёмых, а ў некаторых выпадках, я б сказаў і сяброў, людзей неразборлівых у адносінах да Беларусі. Я і сёння чую іхныя галасы, галасы тых асоб, якія разам з маімі продкамі далі мне дакладныя арыентыры ў жыцці. Вучылі жыць па прынцыпе “ніколі не здраджвай сваёй Бацькаўшчыне”. І для мяне Бацькаўшчына – не толькі крыніца ля вёскі Малая Кавалеўшчына на Мёршчыне, якую да гэтага часу завуць Флоравай крыніцай, таму што яе расчысціў са сваімі вучнямі настаўнік, мой дзед, Флор Данатавіч Манцэвіч, і яна сёння бруіць; не толькі студня ў Іказні на Браслаўшчыне, якую завуць Манцэвічавай студняй, таму што мой дзед будаваў сабе хату, — сорак першы год не даў дабудаваць — а студня засталася; але і мой народ, мая Беларусь, служэнню якім я паклаў сваё жыццё.

Год таму не стала майго бацькі, журналіста і пісьменніка Барыса Флоравіча Манцэвіча, якому я не змог да гадавіны паставіць помнік, бо з-за кратаў гэта не робіцца. Але помнікам для пісьменнікаў становяцца іх кнігі. Апошняя яго прыжыццёвая кніга 21-га года выдання, прысвечаная аднакашніку па філалагічным факультэце, з якім яны разам вучыліся і сябравалі, Нілу Сымонавічу Гілевічу носіць сімвалічную назву “Беларушчына”. Сёння сына аўтара гэтай кнігі судзяць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь, не знайшоўшы для абвінавачання, і мы з маім абаронцам паказалі гэта, ніводнага факту дыскрэдытацыі, якога б нельга было абвергнуць.

Я не летуценнік, але тое, што праз нейкі час у Маладзечне, ці ў Вілейцы, у Мядзелі ці Свіры, а можа ў маленькай вёсачцы Верхнія Друі на Маладзечаншчыне, з’явіцца вуліца імя “Рэгіянальнай газеты” – гэта мара можа быць цалкам рэальная і рэалізаваная. Нягледзячы на тое, што напаткала “Рэгіянальную газету”, яна ўпісала яскравы і варты радок у гісторыю сучаснай Беларусі. Газеты, якая насамрэч мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, давала людзям праўдзівае слова на блізкай ім мове, заўсёды жыла клопатамі і праблемамі сваіх чытачоў і іх суседзяў. У падручніках па гісторыі беларускай журналістыкі тыя, хто будуць яе вывучаць, а такія заўсёды знаходзяцца, бо журналістыка адна з самых старажытных прафесій, абавязкова будуць апісанні найлепшых прыкладаў працы каманды “Рэгіянальнай газеты”, якая заклікала і была пакліканая пісаць толькі праўду – пра што сёння гэты працэс.

Я не бачу сваёй віны ні ў чым. У першыя ж дні затрымання мне гаварылі аператыўныя работнікі: “Аляксандр Барысавіч, ваш лёс вырашаецца не ў судзе, а тут, цяпер”, — хлусячы пра тое, што мая жонка з сардэчным прыступам трапіла ў бальніцу. — “Прызнайцеся ў сваёй віне і ўсё будзе добра”. Толькі ў чым мая віна? Майго дзеда расстралялі за Беларусь, а я пабаюся вашых чатырох гадоў, грамадзянін дзяржаўны абвінаваўца? Паглядзіце мне ў вочы. Ніколі. Шкада толькі блізкіх, хворую жонку, унука Даната, якога я думаў вучыць новым словам, а яго мама вымушаная цяпер шукаць словы, як патлумачыць дзіцёнку тое, за што яго дзед сядзіць у турме, дзе месца сапраўдным злачынцам, і толькі злачынцам. Я думаю, што яна знойдзе правільныя словы, а ў мяне застанецца сумленне чыстым, унуку ж не будзе сорамна за дзедава імя. Шкада праектаў, якія я відавочна ўжо не рэалізую, бо не хопіць гэтых 4 гадоў, а ў тое жыццё я не веру, шкада “Рэгіянальнай газеты”, сваіх супрацоўнікаў і чытачоў, што засталіся без шчырага сябра “РГ”. Падзеі пасля лета 21-га года вакол “Рэгіянальнай газеты” знішчылі найцудоўнейшы праект, які працаваў для Беларусі, у імя Беларусі. Віны сваёй я не прызнаЮ і не прызнАю.

Дзякуй яшчэ раз усім за падтрымку мяне. Бясконцы дзякуй маёй сям’і, сябрам і калегам, усім тым, хто прыходзіў усе гэтыя 7 дзён на пасяджэнні, хто не прыходзілі, і перажывалі за мяне, хто пісаў мне пісьмы ў Жодзіна, хто дасылаў пасылачкі і не толькі, дзякуй усім. Дзякуй, Рыгор Фёдаравіч, за нашу сумесную працу. Дзякуй, высокі суд, за магчымасць прамовіць апошняе слова.
Дзякуй усім іншым удзельнікам і ўдзельніцам працэсу, усім прысутным. А тэзісы майго выступу прашу высокі суд далучыць да матэрыялаў судовага працэсу, бо напісанае застаецца”.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.